Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 даляраў за хвіліну: Рымашэўскага аштрафавалі яшчэ і за інтэрвію ў Курапатах


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі быў аштрафаваны на 50 базавых велічыняў (1150 рублёў) за ўдзел у акцыі ў абарону Курапатаў, перадае БелаПАН. Рашэньне ў судзе Савецкага раёну Менску вынес судзьдзя Аляксандар Якунчыхін.

Рымашэўскага прызналі вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавых акцыяў за прысутнасьць у Курапатах 24 лютага. Сам палітык сьцьвярджае, што ў той дзень быў у лягеры абаронцаў ня больш за 15 хвілін ужо пасьля таго, як адбылася бойка будаўнікоў з актывістамі, а Сяргея Пальчэўскага вызвалілі ад кайданкоў, якімі ён прыкаваў сябе да машыны будаўнікоў. Рымашэўскі кажа, што па прыезьдзе «пагутарыў зь некалькімі людзьмі, і потым журналісты папрасілі даць камэнтар».

Нягледзячы на паказаньні Рымашэўскага і сьведкі-будаўніка, які бачыў Рымашэўскага ў час інтэрвію, палітыка прызналі вінаватым. Тое, што яму прысудзілі штраф, а ня арышт, Рымашэўскі зьвязвае з рэакцыяй Эўразьвязу на беларускія падзеі і называе прысуд «мяккім па сёньняшніх мерках». Але, паводле яго падлікаў, кожная хвіліна знаходжаньня ў Курапатах у той дзень каштавала яму каля 40 даляраў.

Таксама сёньня за Курапаты судзяць старшыню АГП Анатоля Лябедзьку. Лябедзька і Рымашэўскі мусілі паехаць на свае суды з сустрэчы з прадстаўнікамі Эўракамісіі.

Днём раней Рымашэўскі не пайшоў на суд над сабой, бо адвозіў дачку ў школу. І ўчора, і сёньня палітык быў гатовы да зьняволеньня, але ўчора таксама атрымаў штраф — 1035 рублёў за «Марш абураных беларусаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG