Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Філіповіч гатуе вячэру для сустрэчы мужа з турмы: «Максім — моцны чалавек і патрыёт Беларусі»


Юлія Філіповіч
Юлія Філіповіч

5 красавіка ў 20.45 у Гомелі маюць вызваліць зьняволенага блогера Максіма Філіповіча. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Юлія Філіповіч.

«Дачушцы нашай я пакуль нічога не кажу, бо ці мала што. 31 сакавіка ўвечары я ўжо езьдзіла сустракаць Максіма. І многія сябры ягоныя прыехалі. Але Максім з ізалятару так і ня выйшаў. Дачка вельмі плакала, што тата не прыехаў. Пакуль ён адбываў 18-суткавае пакараньне за ўдзел у „Маршах недармаедаў“ у Гомлі і Берасьці, яму дабавілі яшчэ 7 сутак за Маладэчна. Адбылася нейкая блытаніна ў судзе Савецкага раёну з вызначэньнем датаў адбыцьця арышту, таму й не кажу дачцэ, калі тата вернецца дадому», — тлумачыць Юлія Філіповіч.

Блогера Філіповіча меліся судзіць і чацьвёрты раз, гэтым разам — за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту ў Пінску. Аднак, паводле жонкі блогера, пратакол у гэтай справе вярнулі на дапрацоўку. Можа, нават таму, што пінская міліцыя не адказала на пытаньне, хто ж спрабаваў у Пінску скрасьці Філіповіча? Бо калі б пінчукі не адбілі гомельскага блогера з кіпцюроў невядомых у цывільным, невядома, дзе б ён апынуўся.

Максім Філіповіч у судзе, 23 сакавіка 2017 году
Максім Філіповіч у судзе, 23 сакавіка 2017 году

Юлія Філіповіч кажа, што Максім — моцны чалавек, і арышты яго ня зломяць:

«Ён па натуры моцны духам чалавек і патрыёт Беларусі. Упэўнена, што ён ня кіне займацца блогерствам, будзе расказваць пра рэальнае жыцьцё ў краіне. І зьяжджаць мы нікуды не зьбіраемся, хоць, пакуль Максім быў за кратамі, мне праз сацыяльную сетку паступіла і такая парада: пашукаць спакайнейшае месца за межамі Беларусі».

Юлія кажа, што яна нават крыху напалохалася такой парады. Для сябе вырашыла, што невядомыя «добразычліўцы» проста падштурхоўваюць яе да неабдуманых крокаў:

«Цяпер я спакойная, рыхтуюся сустрэць мужа. Да вечара згатую суп, бульбу і курыцу ў малацэ — гэта Максім любіць».

Напярэдадні Юлія Філіповіч атрымала ліст з Гомельскага гарвыканкаму: Максіма вызвалілі ад сплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год — увесну таго году яму не працягнулі кантракт кіроўцы ў ААТ «Сейсматэхніка», і Максім трапіў у шэрагі «дармаедаў». Рашэньне пра вызваленьне ад сплаты збору нібыта прынятае яшчэ ў лютым, на капэрце дата адпраўкі — 28 сакавіка, а рэальна ліст Юлія атрымала толькі 4 красавіка. Выглядае, што ўлады занепакоіліся тым, што міжнародная супольнасьць залічыць гомельскага блогера Максіма Філіповіча ў палітычныя вязьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG