Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч атрымаў поштаю рашэньне суду аб штрафе ў 50 базавых велічыняў (1150 рублёў) за ўдзел у акцыі абароны Курапатаў.
Губарэвіч кажа Свабодзе, што на судзе ня мог прысутнічаць, бо атрымаў паведамленьне пра яго ўжо пасьля пасяджэньня. Але гэта не адзіная хіба атрыманых ім папераў:
«Там напісана, што пра суд мяне апавясьцілі належным чынам, але ніякага паведамленьня я не атрымаў. Толькі ўчора я зайшоў у паштовае аддзяленьне, дзе знайшлася пратэрмінаваная позва. Мяне клікалі зьявіцца на суд 30-га, хоць было ўжо 3-га. А сёньня я атрымаў пратакол з гатовым судовым рашэньнем.
Я мог бы абскардзіць рашэньне пра ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і несанкцыянаваным мітынгу. Але мяне пазбавілі такога права, бо калі складаўся пратакол, я адбываў арышт у Маладэчне.
Паводле судовага рашэньня, пад несанкцыянаваным пікетам маюцца на ўвазе ўсе 15 дзён, што стаяў лягер каля Курапатаў, а прыкметы пікету — наяўнасьць сьцягоў і плякатаў. Гэта значыць, што ўсе, хто за гэтыя дні наведваў мясьціны каля Курапатаў, зьяўляліся, паводле суду, удзельнікамі несанкцыянаванага пікету.
Таксама мне здаецца спрэчным сьцьвярджэньне суду пра тое, што адбываўся несанкцыянаваны мітынг, бо гэта была анансаваная сустрэча з жыхарамі мікрараёну ў пытаньні далейшага лёсу Курапатаў. Прасіць дазвол на сустрэчу зь людзьмі для абмеркаваньня мясцовых пытаньняў — такой неабходнасьці няма паводле заканадаўства, гэта проста сход грамадзянаў.
Відавочная вялікая колькасьць парушэньняў, улада пайшла на судовае пасяджэньне без майго ўдзелу і толькі паставіла мяне перад фактам пакараньня. Усё гэта я пляную абскарджваць у вышэйшых інстанцыях».
Штраф памерам 50 базавых велічыняў, кажа Губарэвіч, цяпер «робіцца стандартным» для тых, каго паўторна судзяць паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). У яго гэта чацьвёртае з пачатку году пасяджэньне па названым артыкуле:
«Калі зыходзіць з таго, што судзяць усіх, хто недзе ўдзельнічаў альбо недзе побач быў зь несанкцыянаваным мерапрыемствам, нават калі ня браў актыўнага ўдзелу, то, магчыма, што ўлады такім чынам проста папаўняюць дзяржаўны бюджэт. Цяпер такім чынам можна праводзіць пасяджэньні па сотнях і тысячах людзей.
У рэгіёнах нават тых, каго не пасьпелі злавіць адразу па правядзеньні акцыяў, потым вызначаюць па відэаздымках і цягаюць у суды. Калі мы адбывалі 15 дзён пакараньня ў Маладэчне, былі людзі, якія траплялі на суткі нават праз тыдзень пасьля акцыі».
Губарэвіч таксама зьвяртае ўвагу на незвычайную акалічнасьць. У Жодзіне, калі ён зь сябрамі па руху прывозіў перадачы асуджаным на суткі, выявілася, што адзін з затрыманых — Сяргей Кійко са Слуцку — пераведзены ў Слуцк. Ён быў затрыманы ў Менску, дзе пачаў адбываць пакараньне, але быў пераведзены ў Жодзіна, а ў апошнія дні пакараньня пераведзены ў Слуцк бязь нейкай відавочнай прычыны. Губарэвіч бачыць у гэтым магчымую падрыхтоўку правакацыяў супраць Кійко.