Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ двое фігурантаў справы аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» вызваленыя


Будынак КДБ Беларусі
Будынак КДБ Беларусі

Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», зь СІЗА КДБ адпушчаныя яшчэ двое фігурантаў справы аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў».

31 сакавіка зь СІЗА КДБ выйшлі Вячаслаў Дукшт, спэцназавец з Мар’інай Горкі, і Ільля Грэк, намесьнік начальніка па ідэалёгіі смаргонскага памежнага атраду. Абодва былі затрыманыя 21 сакавіка.

Зьвесткі «Вясны» пра вызваленьне з ізалятару КДБ спэцназаўца Вячаслава Дукшта і памежніка Ільлі Грэка пацьвердзіла Ніна Шыдлоўская.

«Яны па дамах, але пагаварыць зь імі журналістам не ўдаецца, бо яны і сваякі вырашылі не рабіць з гэтага розгаласу. Пра іх удзел у справе магу меркаваць гэтак: яны абодва з Бабруйску і яшчэ хлопцамі наведвалі ваенна-патрыятычны клюб „Патрыёт“, што было дастаткова даўно», — распавяла Ніна Шыдлоўская.

Нагадаем, што 31 сакавіка таксама быў адпушчаны Сяргей Барсток, а 1 красавіка — чатыры актывісты «Маладога фронту»: Дзьмітры Крамянецкі, Раман Васільеў, Арцём Леўчанка і Ўладзімер Яроменак.

У сьпісе затрыманых па справе аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» застаецца 21 чалавек. Вядома, што 10-ці зь іх ужо прад’яўленыя абвінавачваньні паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG