Прапанову генэральнага пракурора Аляксандра Канюка «штрафаваць мэдыя, якія тэндэнцыйна асьвятляюць тыя ці іншыя падзеі» ў гутарцы з Радыё Свабода пракамэнтаваў намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч:
«У гэтай сытуацыі паўтараецца тое, што адбываецца ў краіне апошнія 20 гадоў. У тым ліку ў дачыненьні да незалежных мэдыя. Заява генпракурора зусім ня дзіўная, асабліва ўлічваючы функцыі, якія ён выконвае, і ўвесь папярэдні досьвед. Прэтэнзіі да СМІ ў гэтага рэжыму будуць заўсёды. Зрэшты, у нейкім сэнсе гэта агульнасусьветная практыка, бо мала дзе ўлады задаволеныя працай журналістаў. Мэдыя адсочваюць, што і як робіцца ў краіне, часьцяком крытыкуюць вышэйшае кіраўніцтва. Але там, дзе ёсьць дэмакратычная сыстэма, цяжка ўявіць заявы падобнага кшталту. У нас жа рэальна пачуць ня толькі заявы, але і адчуць захады пасьля гэтага. Рэпрэсіяў на долю незалежных СМІ за гады кіраваньня Лукашэнкі выпала шмат і, натуральна, наіўна разьлічваць, што зараз яны раптам скончацца».
Беларускія чыноўнікі рэдка ў станоўчым кантэксьце спасылаюцца на замежны досьвед, але ў гэтым выпадку Аляксандар Канюк прывёў прыклад, на які трэба арыентавацца і Беларусі — маўляў, у Нямеччыне за тэндэнцыйнае асьвятленьне ў СМІ прадугледжаныя штрафы.
Аляксандар Старыкевіч кажа, што было б дзіўна, каб генэральны пракурор прапанаваў штосьці іншае — напрыклад, свабоду творчасьці замест матэрыяльных санкцыяў:
«Гэта абсалютна няновая гісторыя. З замежнага досьведу выцягваецца толькі тое, што можна выкарыстаць дзеля ціску на грамадзкія інстытуты, у гэтым выпадку — на мэдыя. А потым патасна тлумачыцца: а вось у Францыі, а вось у Нямеччыне, а вось у Злучаных Штатах... Аднак чамусьці гэтыя людзі вельмі кропкава вырашаюць, што ўзяць на ўзбраеньне з замежнага досьведу, а на што заплюшчыць вочы. Дакладней кажучы, цалкам зразумела, чаму так адбываецца, чаму беларускія ўлады ніяк не жадаюць ужываць перадавы вопыт у той частцы, дзе гаворка аб правах сродкаў масавай інфармацыі, аб цывілізаваным стаўленьні да іх. Упор толькі на абавязкі і пакараньні».
Зрэшты, супрацоўнікаў мэдыя пачалі караць яшчэ да таго, як з такой прапановай выступіў кіраўнік Генпракуратуры. Толькі ў сакавіку ў розных рэгіёнах Беларусі затрыманыя і асуджаныя да буйных штрафаў і сутак адміністрацыйнага арышту дзясяткі журналістаў. Усе яны прадстаўляюць незалежныя беларускія ці замежныя СМІ, ніводнае дзяржаўнае выданьне ў сьпісе пакараных ня значыцца.