Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застаюся праваабаронцам», — палітвязьня Андрэя Бандарэнку вызвалілі з турмы


Андрэй Бандарэнка абдымае бацьку
Андрэй Бандарэнка абдымае бацьку

31 сакавіка, пасьля трох гадоў зьняволеньня, выйшаў на свабоду праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

«Мяне апраўдалі ўчора і сёньня вызвалілі з турмы пад палітычным ціскам, пад ціскам грамадзкасьці. Лукашэнка вымушаны быў павярнуцца да Захаду, паколькі эканамічная сытуацыя ў краіне кепская», — сказаў Андрэй Бандарэнка Свабодзе.

Бандарэнка ў размове з карэспандэнтам Свабоды таксама зазначыў, што не зьбіраецца кідаць праваабарончую дзейнасьць. Ён заявіў, што цяпер асноўная ягоная задача — вызваленьне калегі па «Плятформе Інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага.

Гэтаксама ён плянуе пачаць выкрыцьцё «псэўдаправаабаронцаў», якія развалілі найбуйнейшую праваабарончую арганізацыю, якая займалася абаронай правоў зьняволеных — «Плятформа».

Згадваючы пра самыя цяжкія моманты за кратамі, Андрэй Бандарэнка сказаў, што больш за два гады з трох давялося сядзець у адзіночнай камэры ва ўмовах поўнай ізаляцыі. «Наша пэнітэнцыярная сыстэма абсалютна закрытая ад грамадзтва і гэта трэба выпраўляць», — падсумаваў Андрэй Бандарэнка і паехаў дамоў да свайго бацькі Валерыя Бандарэнкі ў Кіраўскі раён Магілёўскай вобласьці

Самае першае, што хоча сёньня зрабіць Андрэй Бандарэнка, дабраўшыся да бацькавай хаты, — памыцца ў лазьні.

Апошнія амаль паўтара года яго ўтрымлівалі ў Магілёўскай турме № 4. З ініцыятывы адміністрацыі папраўчай установы Сьледчы камітэт распачаў быў крымінальную справу супраць Андрэя Бандарэнкі як злоснага парушальніка рэжыму адбыцьця пакараньня.

Яму інкрымінавалі другую частку артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу. Вязьню пагражалі дадатковыя два гады калёніяў.

За дзень да тэрміну вызваленьня Ленінскі раённы суд Магілёва апраўдаў падсуднага. Судзьдзя Сяргей Мазураў ня ўгледзеў у дзеяньнях Бандарэнкі складу злачынства. Дзяржаўны абвінаваўца ж прасіў для Бандарэнкі год пазбаўленьня волі.

Праваабаронцы крымінальную справу супраць Бандарэнкі зьвязвалі зь ягонай дзейнасьцю ў абароне правоў зьняволеных, калі ён быў на свабодзе і кіраваў праваабарончымі праектамі «Плятформа» і «Плятформа інавэйшн». У выпадку абвінаваўчага прысуду Бандарэнку паводле артыкулу 411 праваабаронцы гатовыя былі прызнаць яго палітвязьнем.

За тры гады няволі, акрамя магілёўскай вязьніцы, Бандарэнка адбываў пакараньне ў бабруйскай ды шклоўскай калёніях. За гэты час, як сьцьвярджаюць у папраўчых калёніях, на яго было накладзена больш за дзесяць дысцыплінарных спагнаньняў. Сам Бандарэнка заяўляе, што каралі яго з надуманых прычынаў. Дзеяньні турэмнікаў ён называў правакацыяй супраць яго.

У Бабруйскай калёніі іншыя вязьні надалі яму статус асуджанага, паводле турэмнай субкультуры, з абмежаваньнямі ў правах, што пагражала ягонаму здароўю і жыцьцю. Пасьля гэтага Бандарэнка знаходзіўся на асаблівым рэжыме адбываньня пакараньня.

У шклоўскай калёніі яго паставілі на прафіляктычны ўлік як злоснага парушальніка рэжыму, а затым перавялі на больш жорсткі рэжым адбыцьця пакараньня — у так званую «крытку». З прычыны пагрозы ягонаму жыцьцю ў турме № 4 яго ўтрымлівалі ў адзіночнай камэры.

Паводле самога асуджанага першыя пяць месяцаў у турэмнікаў да яго не было прэтэнзіяў. Пасьля ж пачалі чапляцца, што прывяло да крымінальнай справы паводле 411-га артыкулу.

Яго вінавацілі ў трох эпізодах, якія павінны былі стварыць уражаньне, што асуджаны — злосны парушальнік рэжыму. Так, Бандарэнка, паводле матэрыялаў справы, ляжаў на ложку ў забаронены час, перамаўляўся ў турэмным калідоры падчас канваяваньня зь іншым асуджаным, а таксама не зрабіў дакладу супрацоўніку турмы, які ўвайшоў у камэру. Былі і прэтэнзіі да вырабленых Бандарэнкам канвэртаў.

Сьледчы, дзяржаўны абвінаваўца ды сьведкі-турэмнікі ня здолелі давесьці сыстэматычныя парушэньні Бандарэнкам рэжыму. У выніку ён быў апраўданы Ленінскім раённым судом Магілёва. Вырак стаўся неспадзяваным для тых хто прыйшоў на суд, каб падтрымаць Бандарэнку, і ён сам не чакаў апраўдальнага прысуду.

Андрэя Бандарэнку ў 2014 годзе прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Часткова Бандарэнка прызнаў віну, але сьцьвярджаў, што пакаралі яго ў выніку правакацыі. Паводле амністыі пакараньне яму было скарочанае на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG