Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны ПЭН-цэнтар лічыць, што Беларусь не прытрымліваецца стандартаў ААН па ўжываньні сілы праваахоўнікамі


Generic – Logo of International PEN, PEN Club
Generic – Logo of International PEN, PEN Club

Беларускія ўлады мусяць неадкладна вызваліць усіх арыштаваных падчас мірных пратэстаў і спыніць гвалт з боку паліцыі, заявіў сёньня міжнародны ПЭН-цэнтар.

У заяве адзначаецца, што Лукашэнка пасьля хваляў пратэсту супраць падатку на дармаедаў паабяцаў прыпыніць дзеяньне свайго дэкрэту, але адмовіўся скасаваць яго, тым самым стымуляваўшы далейшае абурэньне. На думку аўтараў заявы, міліцыя пры разгоне мірнай маніфэстацыі ўжыла празьмерную сілу.

«Не было ніякіх падставаў для жорсткага разгону мірнага пратэсту. Дзеяньні беларускіх сіл бясьпекі павінны быць незалежна і справядліва расьсьледаваныя, а вінаватыя ў празьмерным ужыцьці сілы прыцягнутыя да адказнасьці», — кажа Кетлін Калдмаа з сакратарыяту Міжнароднага ПЭН-цэнтру.

«Беларусь зазнала самыя вялікія пратэсты за апошнія гады, але замест таго, каб дазволіць людзям мірна выказваць пратэст, беларускія ўлады імкнуцца здушыць іншадумства. Гэта непрымальна, — дадае Джэніфэр Клемэнт, прэзыдэнт Міжнароднага ПЭН-цэнтру. — Кожны, арыштаваны за тое, што насьмеліўся выказацца, мусіць быць неадкладна вызвалены».

Міжнародны ПЭН-цэнтар заклікае беларускія ўлады неадкладна забясьпечыць права на свабоду слова і мірных сходаў, гарантаваную артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), у якім Беларусь зьяўляецца дзяржавай-удзельніцай.

Міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека агаворваюць, што праваахоўныя органы могуць ужываць сілу толькі ў сытуацыях, калі бяз гэтага немагчыма абысьціся. У адпаведнасьці з Асноўнымі прынцыпамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па ўжываньні сілы і агнястрэльнай зброі, супрацоўнікі праваахоўных органаў «павінны пазьбягаць ужыцьця сілы або, калі гэта немагчыма, ужываць сілу толькі ў мінімальна неабходнай ступені».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG