Сёньня ў сацсетцы прачытаў аповед з аднаго гарадку, які прайшоў незаўважна на фоне паведамленьняў і выразных фота пра жорсткі «хапун» у сталіцы.
Прывяду гэты пост цалкам.
«За тым, што адбывалася сёньня на плошчы, увесь час збоку назіралі галоўныя ідэолягі гораду — начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкаму і загадчык сэктару па працы з грамадзкімі абʼяднаньнямі, рэлігійнымі арганізацыямі і моладзьдзю. Пасьля хапуну я ня вытрымала і запытала ў ідэоляга, як яму падабаецца тое, што адбываецца. Адказаў ён мне таксама пытаньнем: „Вы таксама туды захацелі?“ — і паказаў на аўтазак.
Побач стаяў яшчэ мент. Падышла жанчына. Таксама пачала пытацца, што адбываецца, за што людзей затрымліваюць. Мент гэты ёй спакойна адказаў: „Нічога не адбываецца. Ня ведаю, пра што вы. Я тут проста стаю“. Жанчына пачала спрачацца, эмоцыі здалі, і яна яму ды ідэолягам крыкнула: „Што за х**ню вы робіце?“ Ідэоляг тады кіўнуў галавой мянту і сказаў: „Гэтую можна забіраць“. І яе павялі ў аўтазак. Нібыта за тое, што яна лаялася матам...
Увогуле, ці нармальны чыноўнік у нармальнай, здаровай краіне дазволіў бы сабе такое? Стаяць, як цэрбэр, ды вырашаць, каго затрымліваць, а каго не? Сорамна, сорамна за Беларусь. І зноў паўтаруся — з гэтай уладай дыялёгу быць ня можа. Прынамсі, дакладна не на яе ўмовах. А на іншыя яна ня здольная. Дый увогуле, на дыялёг яна ня здольная.
Таму толькі поўная люстрацыя. Дасьць Бог, дачакаюся...»
У тэксьце я прыбраў прозьвішчы — ня толькі ў інтарэсах бясьпекі аўтара, проста гэта, падаецца, тыпова для сёньняшняй Беларусі. Такое можа адбыцца (і, я перакананы, адбываецца) у кожным райцэнтры.
Жорсткія затрыманьні на цэнтральным праспэкце сталіцы, суды над лідэрамі апазыцыі праходзяць пад фота і відэакамэры, нават «Лицом к стене!» ў менскіх РАЎСах патрапляюць у аб’ектывы. Яны камэнтуюцца палітолягамі ў незалежных СМІ і ў сацыяльных сетках, выклікаюць заявы МЗСаў заходніх краінаў.
Будзённая каманда раённага ідэоляга — «Гэтую можна забіраць!» — звычайна не чутна ў сталіцах, таму мясцовае начальства можа рабіць што заўгодна. У правінцыі ўсё адбываецца ціха.
Але арышты ў гады бальшавіцкага тэрору таксама праводзіліся зусім ня гучна, і мільёны рэпрэсаваных набраліся не па сталіцах — па правінцыі.
Дзе і жыве большасьць народу, уласна.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.