Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не глядзіце кепскіх спэктакляў


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Улады доўгі час разважалі, што рабіць з сацыяльнымі пратэстамі, якія ідуць угару. Ужываць сілу супраць простых людзей з Мазыра, што выйшлі паскардзіцца на жыццё? Занадта. Але і не рэагаваць было ўжо немагчыма. Сёньня ў Берасьці выйшла 2 тысячы, а заўтра, глядзіш, 50 тысяч ва ўсіх абласных гарадах прыйдзе. Што рабіць?

Першым крокам улады сталася ізаляцыя тых, хто асьмеліўся гэты пратэст арганізаваць альбо ўзначаліць — кажучы простай мовай, «набыць мэгафон і прапанаваць людзям прайсьціся па горадзе». Лідэрам далі адміністрацыйныя арышты.

23 гады «трэніраваліся». Адныя — садзіць, іншыя — сядзець.

Але «трываць» беларуская апазыцыя прызвычаілася, таму 10-15 суткамі ў спэцпрыёмніку яе лідэраў і актывістаў, безумоўна, не спыніць. Яны, як і беларуская ўлада, 23 гады «трэніраваліся». Адныя — садзіць, іншыя — сядзець.

Патрэбны былі большыя рэпрэсіі, каб спыніць пратэсты, але такія, якія б дазволілі Лукашэнку не спыняць эўрапейскіх кантактаў. І тут, мне здаецца, у іх зьявіўся, на дзіва неблагі план. І акурат наперадзе зручная дата — 25 сакавіка.

Брутальныя затрыманьні гэта ні «зьехаў дах у Лукашэнкі», ні нават «дыктатар спужаўся».

Чытаючы адказ прэс-сакратара беларускага Міністэрства замежных спраў на папрокі эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў аб затрыманьнях дэманстрантаў падчас мірнай акцыі, я пераканалася, што тыя брутальныя затрыманьні гэта ні «зьехаў дах у Лукашэнкі», ні нават «дыктатар спужаўся».

Дзьмітры Мірончык у сваёй заяве падкрэсьліў, што права на мірныя сходы безумоўна зацьверджана ў нашай Канстытуцыі, аднак, цытую:

«Ключавое слова тут — „мірныя“. Калі ж да месца мепрапрыемтсва падвозяць „кактэйлі Молатава“, падганяюць аўтамабілі са зброяй, падключаюць анархістаў, дык назваць такую акцыю „мірнай“ язык не паварочваецца».

Паводле Мірончыка, ва ўмовах нарастаньня і пашырэньня геаграфіі тэрарыстычных пагрозаў, улады мусяць быць напагатове. І каб абяззброіць сваіх заходніх апанэнтаў і паставіць кропку ў дыскусіі, ён нагадаў пра апошнія тэрарыстычныя акты ў Лёндане, Бэрліне, Парыжы, Брюсэлі, Ніцы.

Улады Беларусі цяпер прадаюць замежнікам канцэпцыю «мы ня проста працуем як вы — мы працуем лепш за вас». У той час, калі вы вучыце нас жыцьцю — як мусяць адбывацца масавыя сходы — вы церпіце ад тэрарыстычных актаў (пагадзіцеся, слабы бок эўрапейскіх сілавых структураў). Мы, у сваю чаргу, ня супраць права на мірныя сходы, але ў канкрэтным выпадку 25-га сакавіка мы прадухілілі ледзь не тэрарыстычную атаку, альбо як мінімум падрыхтоўку да масавых беспарадкаў.

Нагадваньне пра балючыя ахвяры тэрарызму безумоўна можа паўплываць на меркаваньні недасведчаных дыпляматаў альбо заходніх палітыкаў.

Масавыя беспарадкі ня так уразяць эўрапейцаў, а вось нагадваньне пра балючыя ахвяры тэрарызму безумоўна можа паўплываць на меркаваньні недасведчаных дыпляматаў альбо заходніх палітыкаў. Ці прынамсі змусіць іх засумнявацца.

Такім чынам улады забіваюць двух зайцоў. Я б нават сказала трох:

Па-першае, яны арыштоўваюць (ізалююць) найбольш актыўных апазыцыйных дзеячоў, якія маюць уплыў на грамадзтва (лідэры сацыяльных пратэстаў — суткі; лідэры грамадзкага меркаваньня — «абаронцы Курапатаў» — крымінальная справа).

Па-другое, яны прыдумалі страшылку і лепяць вобраз тэрарыстаў зь «Белага Легіёну» і анархістаў — нібыта крайне правых і крайне левых. Гэтая страшылка, здаецца, можа адначасова спрацаваць як на ўнутранага спажыўца, гэтак і на зьнешняга.

У дзяржпрапагандзе «Белы Легіён», УНА-УНСО ці СС падаюцца фактычна праз коску.

У дзяржпрапагандзе «Белы Легіён», УНА-УНСО ці СС падаюцца фактычна праз коску, а беларускім бязьвінным анархістам робяць вобраз палітычных радыкалаў, якіх акурат ведаюць і недалюбліваюць у сябе на месцах эўрапейскія палітыкі. Ну і наагул, будзем шчырыя, радыкалаў ня любіць ніхто — ні левых, ні правых. Адпаведна ўлада і дэманізуе частку арыштаваных, спрабуючы выдаць анархістаў, «легіянераў» і «маладафронтаўцаў» за агульную радыкальную групоўку, якая нібыта была здольная ледзь не на арганізацыю тэрарыстычных пагрозаў.

Па-трэцяе, яны нібыта на законных умовах жорстка зачышчаюць палітычны пратэст 25-га і 26-га сакавіка. Бо тая бранетэхніка, рыштунак АМАПу і салдатаў унутраных войскаў, стрэльбы з гумавымі кулямі, вадамёты і незьлічоная колькасьць міліцыі стваралі ўражаньне быццам улады супрацьстаяць сур’ёзнай пагрозе. Але ў рэальнасці гэта ўсяго толькі карцінка, якая мусіла зацьвердзіць намер уладаў змагацца супраць «тэрарыстаў», якіх яны выдумалі і затрымалі напярэдадні.

Карцінка зроблена для заходніх палітыкаў, каб апраўдаць жорсткія рэпрэсіі. А рэпрэсіі былі для таго, каб спыніць свавольства і жаданьне людзей выходзіць на вуліцу найперш з сацыяльнымі патрабаваньнямі і незадаволенасьцю.

Біць 25-га сакавіка людзей у Менску, гэта ня тое ж, што біць людзей, якія выходзяць на сацыяльны пратэст у рэгіёнах.

Бо біць 25-га сакавіка людзей у Менску, гэта ня тое ж, што біць людзей, якія выходзяць на сацыяльны пратэст у рэгіёнах. Людзі, якія выходзяць на Дзень Волі, не палюбяць Лукашэнку, нават маючы штомесячны заробак 500 і болей даляраў. А на сацыяльныя пратэсты людзі пераважна выходзяць праз страту сацыяльнага кантракту, і пры вяртаньні яго, на плошчу па нейкіх іншых прычынах яны​, хутчэй за ўсё, ня выйдуць.

Вось такая шматхадовачка, дзе ахвярамі абраныя чыісьці мужы, сыны, браты і таты.

Але ёсьць нешта, аб чым я хацела б нагадаць непаважаным сцэнарыстам. У не такім далёкім 2010 годзе вы ўжо спрабавалі ствараць майму мужу Зьмітру Дашкевічу вобраз страшэннага хулігана, прэвентыўна затрымаўшы яго перад Плошчаю і абвінаваціўшы ў бойцы. І тады вы таксама мелі разьлік, што запляміце ягоную рэпутацыю, а шматлікія праваабарончыя арганізацыі і дыпляматычныя прадстаўнікі не асьмеляцца/не захочуць/ня здолеюць апраўдваць «хулігана». Але ваш сцэнар і мастацкае выкананьне былі настолькі нікчэмнымі, што Зьміцер у дзень прысуду быў абвешчаны вязьнем сумленьня прадстаўнікамі эўрапейкіх амбасадаў у Менску, а ў далейшым — праваабарончымі і міжнароднымі структурамі.

Таму я заклікаю міжнародную супольнасьць уважліва ўгледзецца ў сцэны таго спектаклю, які вам спрабуюць прадаць. І я б на вашым месцы зрабіла ўсё, каб прадэманстраваць галоўным сцэнарыстам, рэжысэрам і акторам, што гэты жанр вам недаспадобы і што вы можаце сысьці раней, чым яны даробяць пастаноўку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG