Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацыянчыч: прымяненьне сілы супраць мірных дэманстрантаў ня можа быць апраўдана


Прэсавая сакратарка кіраўніцы зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Мая Кацыянчыч зрабіла заяву з нагоды апошніх падзеяў у Беларусі.

«Эўразьвяз вельмі ўважліва сочыць за адказам уладаў Беларусі на нядаўнія дэманстрацыі. У апошнія некалькі дзён мы сачылі за штогадзіннымі паведамленьнямі аб прэвэнтыўных арыштах і затрыманьнях на падставе розных абвінавачваньняў. Напрыклад, журналістаў затрымлівалі проста за асьвятленьне падзей. На нашу думку, такі гвалт над свабодай слова і сходаў знаходзіцца ў супярэчнасьці з заяўленай Беларусьсю палітыкай дэмакратызацыі, а таксама міжнароднымі абавязаньнямі.

Напярэдадні і падчас акцыяў на Дзень Волі, нягледзячы на заклік міжнароднай супольнасьці да стрыманасьці, рэакцыя з боку службаў бясьпекі была ня выбарчнай і недарэчнай. І, да прыкладу, мы бачым, што праваабарончы цэнтар „Вясна“ быў разгромлены, а простыя грамадзяне былі затрыманыя ў вялікай колькасьці без дай прычыны.

У сувязі з гэтым, мы нагадваем, што прымяненьне сілы супраць мірных дэманстрантаў ня можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах.

Мы неаднаразова казалі пра тое, што павага да асноўных правоў і свабодаў — у тым ліку свабода слова, сходаў і асацыяцый — павінна быць падтрымана, і ўсе нядаўна затрыманыя грамадзяне павінны быць неадкладна вызваленыя.

І я таксама хацела б нагадаць пра тое, што крокі, зробленыя Беларусьсю, калі гаворка ідзе пра павагу да ўнівэрсальных асноўных свабодаў, да вяршэнства закону і правоў чалавека будуць заставацца ключавымі для фармаваньня дачыненьняў Эўразьвязу з гэтай краінай.

На дадзены момант, я думаю, што мы вельмі выразна пасылаем мэсыдж для беларускіх уладаў — як публічна, так і ў непасрэдным кантакце. Вы ведаеце, (у нас ёсьць) палітыка „крытычнага ўзаемадзеяньня“ (зь Беларусьсю) — і наша заклапочанасьць наконт асноўных свабодаў ляжыць у аснове гэтай палітыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG