Парлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь» і «Саюз айчыны-Хрысьціянскія дэмакраты Літвы» правялі пікет ля амбасады Беларусі ў Вільні. Кансэрватар Лаўрынас Кашчунас адзначыў, што такім чынам палітыкі хочуць заклікаць Лукашэнку паважаць права сходаў і свабоды слова.
«Мы хочам данесьці пасланьне, каб Лукашэнка паважаў свабоду слова, сходаў і іншыя фундамэнтальныя правы. Мы таксама ясна кажам, што нам патрэбная самастойная Беларусь, але бяз моцнай нацыянальнай самасьвядомасьці і моцнай грамадзянскай супольнасьці гэта немагчыма», — сказаў BNS Кашчунас.
Дэпутат адзначыў відавочнасьць таго, што Беларусь мае патрэбу ў рэформах, паколькі людзі ўсё часьцей выходзяць на вуліцы. Раней у Беларусі пратэставала ў асноўным апазыцыя і прыхільнікі дэмакратыі, але цяпер на вуліцы выходзяць працоўныя, абураныя падаткам «на дармаедзтва».
Паводле яго, нягледзячы на тое, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі не такая моцная, як ва Ўкраіне, адчуваецца, што грамадзтва становіцца вальнейшым.
«Сёньня гэтыя працэсы, гэтыя новыя людзі і слаі ўжо дазваляюць казаць пра тое, што ў грамадзтве адбываецца пераварот. Новы этап разьвіцьця, грамадзтва становіцца вальнейшым, атрымлівае новы патэнцыял, а для Лукашэнкі гэта сапраўдны галаўны боль», — сказаў Кашчунас.