Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў Гомлі: марш, мітынг і затрыманьні

абноўлена

Гомельскія ўлады на Дзень Волі не далі сабрацца гараджанам, як плянавалася, на плошчы Паўстаньня. Тут быў разгорнуты кірмаш. На прылеглых невялікіх пляцоўках і ў сквэрах ладзіўся суботнік: гэтыя месцы забілі тэхнікай, камунальнымі службамі. Аўтобусы стаялі нават на пешаходнай зоне каля Тэатру лялек.

Апоўдні каля сотні чалавек сабраліся на плошчы, пачалі выказваць незадавальненьне агульнай сытуацыяй. Былы камсамольскі і партыйны функцыянэр аб’яднаньня «Гомсельмаш» Пётра Сітайла пачаў ушчуваць гараджанаў — нібыта яны хочуць уздыбіць існы парадак. Але жанчыны хутка асадзілі «заступніка рэжыму».

На плошчы Паўстаньня
На плошчы Паўстаньня

Сталага веку гамяльчук на высокай ноце даводзіў функцыянэру:

«У мяне сёньня жэрці няма чаго! Дзецям няма чаго даць, а ў іх працы няма!»

З натоўпу пачалі раздавацца галасы: «Ня слухайце правакатара! Пайшлі на вуліцу Юбілейную, да ДК глухіх, там мітынг дазволены».

На Юбілейную віліцу
На Юбілейную віліцу

Калёна пешшу рушыла на вуліцу Юбілейную, дзе сапраўды сабралася каля 300–400 чалавек. На прыступках ДК глухіх «Віпра» зь бел-чырвона-белымі сьцягамі стаялі актывісты АГП Мікалай Новікаў, Натальля Шчукіна, Ала Раманчык. Уранку іх калегу Васіля Палякова затрымалі каля дому АМАПаўцы, таму сам ён на мітынг ня трапіў.

Мэгафон пераходзіў з рук у рукі. Выступоўцы патрабавалі адмяніць назаўсёды дэкрэт № 3, даць людзям працу і годны заробак. Мітынгоўцы скандавалі: «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!» і «Жыве Беларусь!»

Гараджанка ва ўзросьце, якая назвалася Натальляй, сказала, што дэкрэт асабіста яе і сваякоў не закрануў:

«Я прыйшла сюды, бо як чалавек разважлівы разумею: тое, што адбываецца ў краіне, — няправільна. Як можна арыштоўваць людзей за выказваньне пра тое, што іх не задавальняе ў гэтай краіне! Другая мая пазыцыя: у краіне бракуе людзям працы».

Грамада пачала скандаваць: «Свабоду палітзьняволеным! Не — рэпрэсіям!» Гэтыя пункты былі дададзеныя ў рэзалюцыю мітынгу, якая патрабуе адмены дэкрэту № 3 і прымусовых працоўных кантрактаў, пэнсійнай рэформы, зьменаў у Выбарчы кодэкс з тым, каб вярнуць грамадзянам права выбару.

Марыя Быстранкова
Марыя Быстранкова

Падчас мітынгу міліцыянт у накідцы з надпісам «Інфармацыйная група» спрабаваў затрымаць 82-гадовую Марыю Быстранкову, маці афіцэра-афганца, які памёр ад ранаў. У выступе на мітынгу Марыя Быстранкова рэзка адазвалася наконт праўленьня Аляксандра Лукашэнкі і нават ужыла ненарматыўную лексыку. Аднак гараджане не далі затрымаць старую.

На мітынг з Хвойнікаў прыехаў бацька чатырох дзяцей Аляксей Шасьцярык. Ён распавёў журналістам, што сям’я з прычыны беспрацоўя апынулася ў гаротным становішчы.

Аляксей Шасьцярык
Аляксей Шасьцярык

Мітынг цягнуўся каля паўтары гадзіны. Пляцоўку пры ДК абнесьлі турнікетамі. Па пэрымэтры стаяла багата міліцыі. Раз-пораз праз гучную сувязь мітынгоўцам прапаноўвалася ад імя гарвыканкаму зайсьці ў залю ДК і працягнуць перамовы. Аднак грамада гучна казала: «Досыць нас прыніжаць. Выходзьце да людзей самі».

Аднак ніхто зь сярэдзіны да мітынгоўцаў ня выйшаў, і вядоўца Мікалай Новікаў абвясьціў мітынг скончаным. Міліцыя непасрэдна каля ДК таварыства глухіх нікога не чапала. І толькі калі людзі разышліся па прыпынках грамадзкага транспарту, пачаліся затрыманьні. Вядома, што на вуліцы Савецкай былі затрыманыя Натальля Шчукіна, Ала Раманчык, Дзьмітры Новікаў. Дзень Волі стаўся днём чарговага абмежаваньня права на мірны сход.

Гомельскія дэмакратычныя бабулі — у ізалятары

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 73-гадовая гамяльчанка Натальля Шчукіна была затрымана пасьля мірнага сходу на прыпынку грамадзкага транспарту на Савецкай вуліцы. Яе, як і некаторых іншых затрыманых, адвезьлі ў Навабеліцкі райаддзел міліцыі. Зь ёй удалося зьвязацца праз мабільную сувязь.

«Стаім каля будынку адміністрацыі Навабеліцкага раёну. Адзін зь міліцыянтаў пабег нешта ўзгадняць. Мне адразу сказалі, што павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцу Міжгароднюю. Ну, а ў панядзелак, відаць, будзе суд. Я не супраціўлялася, калі сказалі прайсьці ў машыну, бо ведаю, чым гэта скончыцца. Калі мяне затрымлівалі, бачыла, што ў наступную міліцэйскую машыну саджалі Алу Раманчык і Аляксандара Процку. Мы ўсе вярталіся ад ДК таварыства глухіх, што на вуліцы Юбілейнай, дзе ладзіўся мірны мітынг. Цяпер вязуць у ізалятар. Такі вось атрымаўся дыялёг з уладамі на Дзень Волі», — сказала карэспандэнту БелаПАН гамяльчанка Шчукіна.

Стала вядома, што пэнсіянэрку Алу Раманчык міліцыя таксама даставіла ў ізалятар. У панядзелак затрыманых чакае суд.

На мірным сходзе каля ДК таварыства глухіх Натальля Шчукіна і Ала Раманчык, якіх нярэдка называюць «дэмакратычнымі бабулямі», стаялі на прыступках, трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі.

А два дні таму Шчукіну і Раманчык у Савецкім судзе Гомля пакаралі буйнымі штрафамі — за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Рагачове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG