На 25 Сакавіка гомельскі грамадзкі камітэт за адмену дэкрэту № 3 прапанаваў абласному і гарадзкому выканаўчым камітэтам правесьці сумесную масавую акцыю пад двума галоўным лёзунгамі: «„Так“ — эканамічным рэформам, „не“ — замаху на незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі». Збор прапанавана было зрабіць на плошчы Паўстаньня, маршам прайсьці на плошчу Леніна, дзе правесьці мітынг, як тое было 19 лютага.
У заяве-звароце з гэтай нагоды адзначалася, што праз адсутнасьць эканамічных рэформаў, дыялёгу, валюнтарысцкіх мэтадаў прыняцьця важных для краіны рашэньняў у грамадзтве расьце сацыяльная і палітычная напружанасьць. Усё мацней гучаць галасы жырыноўскіх ды іншых адэптаў так званага «русского мира», якія пагражаюць сувэрэнітэту Беларусі. Ня меншую пагрозу незалежнасьці Беларусі нясе зьбядненьне людзей з прычыны нерашучасьці ўладаў у правядзеньні эканамічных рэформаў. Таму невыпадкова датай новай акцыі выбрана 25 сакавіка, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
Да сёньняшняга Дня Волі многія ўдзельнікі грамадзкага камітэту за адмену дэкрэту № 3 былі арыштаваныя і пакараныя штрафамі. На плошчы Паўстаньня сёньня разгорнуты кірмаш, а на цэнтральнай плошчы, якая носіць імя Леніна, гарадзкія ўлады зладзілі рэпэтыцыю ўрачыстага мерапрыемства, прысьвечаную выпуску афіцэраў Гомельскага інжынэрнага інстытуту МНС.
Гомельскі палітык, удзельнік грамадзкага камітэту за адмену «дармаедзкага» дэкрэту Васіль Палякоў, які застаўся на волі, тлумачыць:
«Улады вельмі перапалоханыя. Відавочна, што сытуацыя для ўлады пагаршаецца. Таму замест перніка цяпер выкарыстоўваецца бізун, запалохваньне. Фармат свайго мерапрыемства на Дзень Волі мы не мяняем: сустракаемся а 12 гадзіне на плошчы Паўстаньня. Тут ужо, праўда, ладзіцца кірмаш, але наш мірны сход ніяк не перашкодзіць кірмашу. На нашу прапанову правесьці сумесную акцыю 25 сакавіка гарадзкія ўлады прапанавалі правесьці яе на пляцоўцы каля Палаца таварыства глухіх „Віпра“ на вуліцы Юбілейнай, але мы правялі ўжо інфармацыйную кампанію і цяпер немажліва мяняць месца збору. Мы гатовыя да размовы ў мясцовымі ўладамі, нават удзячныя, што гарвыканкам выявіў гатоўнасьць сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзкага камітэту за адмену дэкрэту № 3. Але ёсьць вялікая праблема ў тым, што на сёньняшні дзень сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія існуюць, носяць макраэканамічны, агульнадзяржаўны характар і ад мясцовых уладаў мала што залежыць».