Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ПАРЭ па Беларусі: «Права на жыцьцё — самае галоўнае права»


Андрэа Рыгоні
Андрэа Рыгоні

Спэцыяльны дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дэпутат ад Італіі Андрэа Рыгоні 23 сакавіка сустрэўся з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам.

Падчас сустрэчы, перадае карэспандэнт Свабоды, Андрэа Рыгоні заявіў, што Рада Эўропы, адна з найстарэйшых міжнародных арганізацыяў, стваралася на прынцыпах правоў чалавека, а права на жыцьцё — самае галоўнае права. Таму для Рады Эўропы так важна, каб у Беларусі спынілі практыку сьмяротных пакараньняў. Гэтае пытаньне сёньня ёсьць цэнтральным у стасунках Рады Эўропы зь Беларусьсю.

Уладзімер Андрэйчанка ў адказ на гэта заявіў, што на пачатку 2018 году будуць праведзеныя парлямэнцкія слуханьні аб праблемах сьмяротнага пакараньня:

«Трэба, каб пра гэта шырэй вялася дыскусія ў нашым грамадзтве. А пасьля таго, як мы даведаемся меркаваньне нашых людзей, будзем прымаць адпаведнае рашэньне».

Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, якая карае сьмерцю. Дакладная лічба пакараных сьмерцю ў Беларусі застаецца невядомай — прыблізна 400 чалавек з 1991 году. У 2017 годзе ўжо вынесены першы сьмяротны прысуд.

Ці ішла на сустрэчы гаворка пра «хапуны» апошніх дзён, невядома: пасьля 7 хвілін пратакольнай часткі журналістаў папрасілі пакінуць залю.

Рыгоні знаходзіцца ў Беларусі з мэтай падрыхтаваць справаздачу аб сытуацыі ў краіне. Паводле яго, першы чарнавы варыянт дакумэнту будзе прадстаўлены ўжо ў красавіку ў камітэце міжнародных спраў і дэмакратыі ПАРЭ, а ў канцы чэрвеня справаздача мае быць вынесеная на Генэральную сэсію ПАРЭ.

Пасьля сустрэчы з Андрэйчанкам Рыгоні накіраваўся на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, затым ён зноў вернецца ў Палату прадстаўнікоў, дзе адбудзецца пашыранае паседжаньне з удзелам Рыгоні і парлямэнцкай групы ў праблемах сьмяротнага пакараньня.

6 пытаньняў пра сьмяротную кару ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG