Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Арэшка: суботнік у Курапатах 25 сакавіка — правакацыя ўладаў


Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

Урадавае агенцтва БЕЛТА паведаміла, што Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць 25 сакавіка ў Курапатах «працоўную акцыю».

У інтэрвію агенцтву старшыня ФПБ Міхаіл Орда заявіў: «Фэдэрацыя прафсаюзаў заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян, арганізацыі незалежна ад палітычных прыхільнасьцяў, веравызнаньня прыняць удзел у гэтай добрай справе».

Міхаіл Орда таксама адзначыў, што заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый ужо паступаюць.

Апрача гэтага Орда паведаміў, што плянуецца аб’явіць конкурс на стварэньне мэмарыялу памяці і смутку ў Курапатах.

У паведамленьні БЕЛТА час правядзеньня «працоўнай акцыі» 25 сакавіка не падаецца.

Факт супадзеньня датаў акцыі афіцыйных прафсаюзаў з заплянаваным апазыцыйнымі сіламі мітынгам і шэсьцем на 25 сакавіка мы папрасілі пракамэнтаваць сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», аднаго з арганізатараў выставы «Праўда пра Курапаты» Вацлава Арэшку:

Арэшка: Па-першае, было б добра вітаць усе ініцыятывы наконт працы ў Курапатах. Але калі ўжо дзяржава бярэцца дапамагаць у гэтай справе, то варта, на маю думку, узгадняць такія ініцыятывы з тымі, хто ўжо шмат гадоў там працуе. Я маю на ўвазе сяброў некалькіх ініцыятываў і партыі КХП БНФ. Тады гэта была б супольная і цікавая ініцыятыва. Па-другое, мы ўсе разумеем, што тут ёсьць элемэнт правакацыі, бо 25-га мы адзначаем іншую дату. Гэта ня той дзень, калі людзі звычайна ходзяць у Курапаты. Таму я думаю, што ў арганізатараў гэтай ініцыятывы няма жаданьня сапраўды палепшыць сытуацыю з Курапатамі, а наадварот — тут мае месца спроба разьяднаць людзей у той дзень. Я ня думаю, што хтосьці будзе прымаць удзел у гэтай акцыі апрача тых, каго прымусяць.

Абламейка: Дарэчы ў паведамленьні БЕЛТА не названы час суботніка ў Курапатах.

Арэшка: Я думаю, што час супадзе з часам іншай акцыі... Усім усё зразумела. Наш вопыт паказвае, што ўсе стасункі зь дзяржавай у справе Курапатаў маюць або адмоўны вынік, або пакідаюць дваістае ўражаньне. Як, напрыклад, з прапановай мэмарыялізацыі. Усім зразумела, што без актыўнага ўдзелу грамадзтва ніякая мэмарыялізацыя немагчымая і непатрэбная.

Так што я асабіста буду прымаць удзел у іншай акцыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG