Баранавіцкія актывісты Мікалай Чарнавус — старэйшы (БНФ) і Мікалай Чарнавус — малодшы (АГП) атрымалі штрафы за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі каля падатковай інспэкцыі 6 лютага.
Судзьдзя Аксана Копач прызнала актывістаў вінаватымі і прысудзіла старэйшаму Чарнавусу штраф 690 рублёў (30 базавых велічыняў), а малодшаму — 575 рублёў (25 базавых велічыняў).
Масавай акцыяй судзьдзя палічыла збор і падачу подпісаў супраць дэкрэту аб дармаедзтве ў падатковую інспэкцыю Баранавічаў. Гэта адбылося 6 лютага.
Тады абодва Чарнавусы прыйшлі да падатковай, каб падаць сабраныя за адмену дэкрэту подпісы, і перад гэтым працягвалі зьбіраць подпісы сярод людзей, якія былі каля інспэкцыі.
На сёньняшняе судовае паседжаньне Мікалая Чарнавуса — малодшага даставілі з ізалятара часовага ўтрыманьня. Там ён адбывае 12 сутак арышту за ўдзел у Маршы недармаедаў, які адбыўся ў Баранавічах 26 лютага.
На судзе абодва Чарнавусы адмаўлялі сваю віну. Яны казалі, што каля падатковай інспэкцыі не праводзілі ні мітынгу, ні пікетаваньня, а прыйшлі туды толькі дзеля таго, каб падаць сабраныя подпісы.
Аргумэнтаў актывістаў судзьдзя не прыняла і прызначыла абодвум штрафы.
Мікалая Чарнавуса — малодшага пасьля заканчэньня працэсу канвой павёз адбываць тое, што засталося з прысуджаных яму 15 сакавіка 12 сутак арышту.