За апошні месяц каля 200 чалавек прыцягнулі да адказнасьці за «Маршы недармаедаў». Акцыі пратэсту супраць дэкрэту прэзыдэнта № 3 прывялі да самых масавых затрыманьняў за апошнія шэсьць год. Свабода прыгадала гісторыю беларускага хапуна.
1996 год — каля 200 чалавек
Першы хапун адбыўся ў 1996 годзе. 24 сакавіка ў Менску прайшоў шматтысячны Дзень Волі, 2 красавіка — шэсьце супраць дамовы аб садружнасьці Беларусі і Расеі. А 26 красавіка на «Чарнобыльскі шлях» выйшла ад 30 да 60 тысяч чалавек.
Падчас маршу было некалькі сурʼёзных сутычак паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі. Пацярпелі каля ста чалавек. Яшчэ каля 200 удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» былі затрыманыя. Каб адсочваць інфармацыю пра ўсіх затрыманых і суды над імі, была ўтвораная праваабарончая арганізацыя «Вясна».
1999 год — больш за 80 чалавек
Паводле Канстытуцыі 1994 году прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі павінен быў скончыцца ў 1999-м. Аднак Аляксандар Лукашэнка стаў лічыць пачаткам свайго прэзыдэнцтва 1996 год, калі была зьмененая Канстытуцыя. Кіраўнікі дэмакратычных сілаў, нязгодныя з такой трактоўкай закону, рыхтавалі ў 1999 годзе масавыя акцыі.
Фіналам усіх пратэстаў стаў «Марш Свабоды». Ён прайшоў 17 лістапада. Каля 30 тысяч чалавек выйшлі ў цэнтар Менску. Улады не дазволілі марш апазыцыі, і міліцыя пачала хапаць людзей ужо на месцы збору — на плошчы Якуба Коласа. Агулам затрымалі ня менш за 80 чалавек.
2000 — больш за 400 чалавек
Гарачы на падзеі 1999 год справакаваў масавыя выступленьні ў 2000-м. У 1999 годзе апазыцыя чакала правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і рыхтавала ўласныя альтэрнатыўныя. У той год зьніклі лідэры апазыцыі Ганчар, Красоўскі і Захаранка. Нечакана памёр Генадзь Карпенка. Быў арыштаваны Юры Бандажэўскі, заведзеная справа на Міхаіла Чыгіра.
Апазыцыя мабілізавала сілы да Дня Волі — 2000. Таксама рыхтаваліся да яго і ўлады. 25 сакавіка салдаты ўнутраных войскаў затрымалі 35 замежных і беларускіх журналістаў. Іх адвезьлі ў ангар на тэрыторыі вайсковай часткі. Шмат каму разьбілі камэры і дыктафоны. А падчас самога шэсьця затрымалі каля чатырохсот яго ўдзельнікаў.
2004 — 130 чалавек
21 ліпеня 2004 году ў цэнтры Менску затрымалі больш за 70 чалавек. На плошчы Якуба Коласа зьбіраўся мітынг з нагоды 10-й гадавіны прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Аднак ён так і не пачаўся. АМАП атачыў сабраных на плошчы і пачаў хапун.
Наступнае масавае затрыманьне здарылася праз тры месяцы. З 18 па 25 кастрычніка ў Менску пратэставалі супраць вынікаў рэфэрэндуму. Новая рэдакцыя Канстытуцыі зьняла абмежаваньні з колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы.
Акцыі пратэсту былі спыненыя супрацоўнікамі АМАП. Яны затрымалі больш за 60 удзельнікаў, перадаваў БелПАН. Пратэстоўцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, прысудзілі ім арышты ад 3 да 15 сутак і штрафы.
2006 год — больш за 500 чалавек
Увечары 19 сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабралася каля 30 тысяч чалавек. Кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін прапанавалі сабрацца на плошчы і на наступны дзень.
20 сакавіка некалькі тысяч чалавек ізноў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Тут паставілі намёты, якія прастаялі да 24 сакавіка. Увесь гэты час затрымлівалі і пратэстоўцаў на плошчы, і людзей, якія прыносілі ежу ў намётавы лягер. У ноч з 24 на 25 сакавіка ўсіх, хто начаваў на Кастрычніцкай плошчы, забралі міліцыянты.
Усяго за тыдзень пратэстаў у Менску былі затрыманыя больш за 500 чалавек, у тым ліку 21 замежны грамадзянін і 44 журналісты.
2010 — 780 чалавек
За адзін вечар 19 сьнежня 2010 году ў Менску за кратамі апынуліся прынамсі 780 чалавек. Тысячы пратэстоўцаў сабраліся ў апошні дзень выбараў прэзыдэнта на Кастрычніцкай плошчы. Калі яны перасунуліся на плошчу Незалежнасьці, правакатары разьбілі шкло і дзьверы ў Доме ўраду. Пасьля гэтага АМАП жорстка разагнаў дэманстрантаў. Затрыманьні праходзілі па ўсім цэнтры гораду. Былі паведамленьні пра выпадковых мінакоў, якіх міліцыянты забіралі з прыпынкаў грамадзкага транспарту.
Як паведаміў на наступны дзень Аляксандар Лукашэнка, увечары 19 сьнежня ў Менску затрымалі 639 чалавек. Дэманстрацыю на плошчы Незалежнасьці назвалі спробай дзяржаўнага перавароту. Гэтым і абумовілі жорсткія паводзіны АМАПу. Большасьці прысудзілі штрафы і 15-дзённае зьняволеньне.
2011 год — больш за 1200 чалавек
Пратэсты ў 2011 годзе не былі зьвязаныя з выбарамі. Яны сталі рэакцыяй на рэзкую дэвальвацыю рубля і рост цэнаў. Спачатку ў Менску прайшла акцыя «Стоп-бэнзін».
Затым праз суполку «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў чэрвені, ліпені і жніўні 2011 году былі арганізаваныя акцыі пратэсту на цэнтральных плошчах больш як двух дзясяткаў гарадоў. Яны атрымалі назву «маўклівых акцыяў», бо людзі зьбіраліся на плошчах і не скандавалі ніякіх лёзунгаў. Час ад часу яны толькі пляскалі ў далоні.
Цягам трох месяцаў ва ўсіх гарадах Беларусі затрымалі прынамсі 1200 чалавек (падлік на падставе паведамленьняў у СМІ. — РС) за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Большасьць гэтых людзей пакаралі штрафамі ці зьняволеньнем да 15 содняў. Упершыню затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ўнутраных органаў у цывільным.
2017 год — каля 200 чалавек
З канца 2016 году падатковыя інспэкцыі пачалі спаганяць так званы «падатак на дармаедзтва». Пад дэкрэт прэзыдэнта № 3 падпалі больш за 400 тысяч чалавек. Ад дзьвюх да трох тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Менску 17 лютага 2017 году. Праз два дні ня менш за тысячу чалавек выйшлі на «Марш недармаедаў» у Гомлі. Агулам за месяц у 12 гарадах прайшло 20 акцыяў пратэсту.
Першыя два тыдні міліцыя ня ўмешвалася ў «Маршы недармаедаў». Але пасьля 5 сакавіка пачаліся кропкавыя затрыманьні арганізатараў і найбольш актыўных удзельнікаў пратэстаў. Найбольш масавымі былі хапуны пасьля пратэсту ў Воршы 12 сакавіка (каля 20 чалавек) і ў Менску 15 сакавіка (каля 40 чалавек). Затрыманьні і суды за ўдзел у ранейшых акцыях пратэсту працягваюцца. На сёньня вядома амаль пра 200 чалавек, якіх затрымлівала міліцыя.