Вольга Кавалькова распавяла Свабодзе пра абставіны затрыманьня і судовага працэсу. Аказваецца, што ў ноч з 10 на 11 сакавіка сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага вазілі ў Маладэчанскі раённы суд, але суд не адбыўся. Як мяркуюць затрыманыя, праўдападобна, судзьдзя адмовіўся прыехаць уначы, таму іх асудзілі на наступны дзень, у суботу.
Мяне судзіла судзьдзя Южык, суд доўжыўся каля 5-7 хвілінаў
Кавалькова: У пятніцу ўвечары, калі склалі пратаколы, нам паведамілі, што заўтра ў палову на першую будзе суд. Трымалі нас каля дзяжурнай часткі, ня ведалі, што з намі рабіць. Каля гадзіны ночы мяне адвялі ў камэру. На наступны дзень раніцай пасадзілі ў аўтазак, і мы паехалі разам зь Лябедзькам, Рымашэўкім і Губарэвчам. Там я даведалася, што на іх раней за мяне склалі пратаколы і ноччу Віталя Рымашэўскага адвезьлі ў суд, пратрымалі ў камэры там каля гадзіны, а потым вярнулі ў ізалятар. А раніцай адвезьлі нас пад канвоем у суд. Суд быў закрыты, дзьверы зачыненыя, нікога не пускалі, акрамя судзьдзі, сакратара, сьведкі і таго, хто складаў пратакол. Я так разумею, што суд у суботу не працуе, людзей туды ўвогуле проста не пусьцілі. Мяне судзіла судзьдзя Южык, суд доўжыўся каля 5-7 хвілінаў. Паказалі відэа з мітынгу і даведку з Маладэчанскага выканкаму аб тым, што гэты мітынг несанкцыянаваны. Потым на дзесяць хвілінаў судзьдзя выйшла, вярнулася і зачытала пастанову пра прысуд 7 сутак.
Наколькі адпавядае заканадаўству праца судоў у выходныя дні і начныя часы, і ў якіх выпадках яна абгрунтаваная, мы папрасілі пракамэнтаваць праваабаронцу і былога судзьдзю Гары Паганяйлу.
Паводле Паганяйлы, працу судаў вызначаюць старшыні суду, і калі нейкая тэрміновасьць узьнікае ў вырашэньні той ці іншай справы, то можна і ў суботу, і ў выходныя дні правесьці судовае разьбіральніцтва і прыняць судовае рашэньне.
— Але я не памятаю, каб уначы патрабавалі ад судзьдзяў, каб яны неадкладна прымаліся за працу па асуджэньню асобаў, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэньні. Гэта для мяне няясна, што мае адбыцца, каб патрабаваць судзьдзю ўначы на працоўнае месца, — кажа Гары Паганяйла.
— Якога кшталту справы могуць выклікаць судзьдзю на працу ў выходныя?
— Няма асаблівых абставінаў, якія бы прымушалі судзьдзяў працаваць у непрацоўны час, у выходныя дні. Суды звычайна працуюць у працоўныя часы. Чаму яны павінны працаваць у выходныя ці сьвяточныя дні? Калі людзей затрымліваюць на выходныя, то да 3 сутак могуць трымаць чалавека ў міліцыі, а потым у працоўны час даставіць у суд.
— Ці памятаеце, калі ў нас суды па выходных працавалі?
— Я сам не прымаў удзелу ў разглядзе адміністрацыйных справаў, але я ведаю, што ў судзьдзяў ня можа мяняцца парадак ад таго, што недзе нешта адбылося і неадкладна трэба прымаць судовае рашэньне. Яны не зьвязаны так жорстка з часам. Адміністрацыйную справу можна распачаць у любы час, але рашэньні судзьдзі павінны прымаць ва ўсталяваныя працоўныя дні.
***
У судзе Маладэчанскага раёну 11 сакавіка, у суботу прайшлі суды над удзельнікамі «Маршу недармаедаў» 10 сакавіка.
Старшыню руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Яго асудзілі на 15 сутак. Такі ж тэрмін атрымаў Анатоль Лябедзька, старшыня АГП і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Прадстаўніцу беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольгу Кавалькову — на 7 сутак. Лябедзька, Кавалькова, Губарэвіч і Рымашэўскі былі затрыманыя ў пятніцу вечарам у Маладэчне неўзабаве пасьля акцыі, у якой, паводле розных ацэнак, прыняло ўдзел ад 500 да 750 чалавек.