Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто дасьць Беларусі крэдыт


Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Карней

Карбалевіч: Беларусь наведала місія Міжнароднага валютнага фонду. Перамовы паміж Беларусьсю і МВФ аб выдзяленьні Беларусі крэдыту ідуць ужо каля 2 гадоў. Былі моманты, калі, як казалі беларускія афіцыйныя асобы, да дасягненьня пагадненьня заставалася зусім няшмат. Кіраўнікі эканамічных ведамстваў Беларусі ўпэўнівалі, што ўжо на пачатку 2016 году Беларусь атрымае крэдыт, аднак і дасюль у гэтай справе няма пэўнасьці.

Тая місія, якая прыехала цяпер у Беларусь, мае свае асаблівасьці. Па-першае, яе складаюць кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман, а таксама намесьнік эўрапейскага ўпраўленьня МВФ Танас Арваніціс, старшы рэгіянальны прадстаўнік МВФ па нашым рэгіёне Бас Бакер. Яны прыехалі ў Беларусь, сустрэліся з рознымі чыноўнікамі, іх прыняў пэрсанальна Аляксандар Лукашэнка.

Другі момант: гэтая місія ня плянавая, і, як сказаў сам Лукашэнка, яны прыехалі на пэрсанальнае запрашэньне кіраўніка Беларусі. І гэта павінна сьведчыць пра тое, што беларускі бок прыняў важнае палітычнае рашэньне цяпер дамагчыся ўсё ж такі падпісаньня гэтай крэдытнай праграмы па Беларусі. То бок бакі блізкія да кампрамісу.

Паводле інфармацыі, якая не хаваецца, ёсьць дзьве праблемы, два пытаньні, вакол якіх ідуць спрэчкі і цяжкія перамовы. Першае пытаньне — гэта рост камунальных тарыфаў. МВФ настойвае, каб усе суб’екты, і найперш жыхары Беларусі, плацілі 100% за камунальныя паслугі. Беларускі бок нібыта ня супраць, не спрачаецца з гэтым, але просіць, каб гэты працэс дасягненьня 100% аплаты быў расьцягнуты ў часе. А МВФ патрабуе, каб гэта было зроблена хутка. Вось гэта першая праблема.

Калі сапраўды паўстане пытаньне пра рэфармаваньне дзяржаўнага сэктару, то паўстане пытаньне пра закрыцьцё, банкруцтва значнай часткі дзяржаўных прадпрыемстваў

Другая праблема — што рабіць зь дзяржаўным сэктарам эканомікі, зь нерэфармаванымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія ў большасьці сваёй нерэнтабэльныя, закрэдытаваныя беларускімі дзяржаўнымі банкамі і патрабуюць пастаянных датацыяў зь дзяржаўнага бюджэту. МВФ патрабуе, каб з гэтымі прадпрыемствамі нешта было зроблена. Альбо гэта прыватызацыя, альбо нават у рамках дзяржаўнай маёмасьці каб былі зробленыя пэўныя рэформы, каб аддзяліць апэратыўнае кіраваньне ад пастаяннага кантролю з боку ўласьніка. І вось беларускі бок нібыта на гэта сёньня гатовы.

Варта заўважыць, што абодва гэтыя пытаньні сацыяльна балючыя. І гэта асабліва важна і актуальна на тле тых падзей, якія сёньня адбываюцца ў Беларусі. Цяпер ідуць акцыі пратэсту па ўсёй краіне, якія выкліканыя сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, у тым ліку камунальнымі тарыфамі. А вось паводле той крэдытнай дамовы, якая павінна быць заключаная, гэтыя камунальныя тарыфы яшчэ больш вырастуць.

Другі момант — калі сапраўды паўстане пытаньне пра рэфармаваньне дзяржаўнага сэктару, то паўстане пытаньне пра закрыцьцё, банкруцтва значнай часткі дзяржаўных прадпрыемстваў. А гэта азначае павелічэньне беспрацоўя, сацыяльных праблем. І тое, што на тле акцыяў незадаволеньня Лукашэнка нібыта дэманструе гатоўнасьць ісьці яшчэ на больш рашучыя крокі ў гэтым кірунку, паказвае, што сытуацыя ў эканоміцы зусім дрэнная.

Гэты крэдыт для Беларусі даволі выгадны. Гаворка ідзе пра суму ў 3 мільярды даляраў на 10 гадоў пад 2,28% гадавых. Гэта вельмі льготныя ўмовы, ня тое што эўрабонды, дзе гаворка ідзе пра зусім іншы парадак працэнтаў: ад 8 да 12%. Таму, хутчэй за ўсё, можна меркаваць, што гэтая дамова з МВФ хутка будзе падпісаная. І гэта таксама будзе сур’ёзна ўплываць на эканамічную палітыку і іншыя грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі.

Нагадаю, што адначасова Беларусь чакае крэдыту ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Але вось, паводле апошняй інфармацыі, фонд пакуль не зьбіраецца выдзяляць гэты чарговы транш. І гэта зьвязана, як кажуць экспэрты, з канфліктнымі момантамі ў беларуска-расейскіх адносінах. Бо вядома, што галоўны акцыянэр гэтага фонду — Расея.

Але фармальна гэты фонд выстаўляе ўмовы, падобныя да тых, якія выстаўляе і МВФ. То бок і гэты Эўразійскі фонд таксама патрабуе рэфармаваньня дзяржаўнага сэктару.

Глод: Мне даводзілася бываць не на адной прэсавай канфэрэнцыі, якія праходзілі ў Менску пасьля прыезду сюды місіі МВФ. І кожны раз хтосьці з маіх калег абавязкова задае адно і тое ж пытаньне: як паўплываюць на рашэньне фонду тыя ці іншыя актуальныя падзеі ў палітычным жыцьці Беларусі? І кожны адказ паўтараў папярэдні: МВФ не зыходзіць з палітычных пазыцыяў пры вырашэньні пытаньня пра тое, каб даць пазыку любой краіне, уключаючы Беларусь.

Улады за больш плаўную дынаміку зьмены, а МВФ — за больш рэзкую.

Вядома, справа міжнародных чыноўнікаў — паўтараць тое, што яны мусяць гаварыць. Аднак у Беларусі палітыкі і эканамісты, дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі апазыцыі ўпэўненыя ў адваротным — маўляў, рашэньні МВФ часам маюць палітычны падтэкст. Вось і Леў Марголін, эканаміст і намесьнік старшыні АГП, лічыць, што МВФ бачыць нейкі рух наперад у дзеяньнях беларускіх уладаў. Напрыклад, тое, што сябра партыі Ганна Канапацкая стала дэпутатам. І тое, што беларускія ўлады асьцярожна ставяцца да расейска-ўкраінскага канфлікту. Таму, калі крэдыт МВФ Беларусі будзе дадзены, то гэта будзе цалкам палітычнае рашэньне, але не эканамічнае, упэўнены спадар Марголін.

А вось прэм’ер Кабякоў палітычны аспэкт перамоваў абмінае. Ён кажа: перамовы з фондам ідуць канструктыўна. Засталося ўзгадніць такія складаныя пытаньні, як тарыфная палітыка ў ЖКГ і рэфармаваньне дзяржсэктару эканомікі. Прычым супярэчнасьцяў у канцэптуальных падыходах няма. Гаворка ідзе больш пра тэрміны. Улады за больш плаўную дынаміку зьмены, а МВФ — за больш рэзкую.

«Мы хочам рабіць пераўтварэньні, якія неабходна рабіць, якія мы бачым і па якіх мы згодныя з МВФ. Але яны павінны адбывацца з адэкватнай хуткасьцю, безь цяжкіх сацыяльна-эканамічных наступстваў для грамадзян», — апраўдвае Кабякоў дзеяньні Лукашэнкі.

Я разумею, чаму Лукашэнка асабіста запрасіў гэтую місію ў Менск. Увосень 2015 году ўрад і Нацбанк былі ўпэўненыя, што да канца году падпішуць з МВФ мэмарандум і атрымаюць жаданы крэдыт. Але рэзкае рашэньне Лукашэнкі ў лістападзе таго ж году спыніць захады ў сфэры рэфармаваньня тарыфнай палітыкі ЖКГ вярнула адносіны МВФ і Беларусі ў зыходны пункт і адклала пытаньне пра новы крэдыт Беларусі на няпэўны час.

І, вяртаючыся да тых прэсавых канфэрэнцыяў, на якіх я быў, прадстаўнікі МВФ заўжды падкрэсьлівалі: для іх важная пазыцыя ня толькі ўраду, ня толькі прэзыдэнцкай адміністрацыі, але і самога кіраўніка дзяржавы. То бок у Вашынгтоне ведаюць, чыё слова ў Беларусі мае найбольшую вагу.

Карней: Зь вялікай доляй верагоднасьці можна дапусьціць, што асабліва разжыцца ня ўдасца ні там, ні там. Прынамсі, беларускія ўлады калі і робяць крок наперад дзеля таго, каб заручыцца фінансавай падтрымкай, то неўзабаве адскокваюць як мінімум на два назад.

Наагул, кіраўніцтва Беларусі апынулася ў досыць непрыемным становішчы: патрэбныя новыя пазыкі, каб разьлічвацца па старых. Па зьнешнім і ўнутраным доўгу сёлета неабходна выплаціць блізу 3,5 мільярда даляраў, што адчувальна для бюджэту. Часткова спадзеў быў на чарговы эўразійскі транш (700 мільёнаў даляраў) і новы выпуск эўрааблігацыяў (800 мільёнаў даляраў). Але, як бачым, сума не пакрые нават паловы ад патрэбнага. Таму распачатая пошукавая праца на два франты: калі не даюць грошы на Ўсходзе, варта паспытаць шчасьця на Захадзе.

Плаціць наперад, як некалі — пад гарантыі абяцаньняў — у Маскве ўжо ня хочуць.

Тым ня меней пад вялікім пытаньнем нават сродкі з Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Першыя два траншы крэдыту атрыманыя яшчэ летась, а вось трэцяй часткі ў Менску чакаюць ад кастрычніка. Фармальна адказныя асобы спасылаюцца на тое, што павінна адбыцца паседжаньне Рады фонду. На справе ж усё залежыць ад пазыцыі міністра фінансаў Расеі, які, уласна кажучы, узначальвае гэтую структуру. Іншымі словамі, пытаньне пра тое, даць ці ня даць Беларусі чарговы транш крэдыту, залежыць ад палітычнай волі гаспадароў Крамля.

Зрэшты, асабліва не прысьпешваюць станоўчы для сябе вынік і ў Менску. Выдзяленьне дапамогі абкладзенае ўмовай рэфармаваньня дзяржаўнага прамысловага сэктару, падвышэньня памеру дапамогі па беспрацоўі і г.д. Пакуль такога пакету ад Менску няма. А няма рэформаў — няма грошай. Плаціць наперад, як некалі — пад гарантыі абяцаньняў — у Маскве ўжо ня хочуць.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што замарожваньне дапамогі — непасрэдны вынік нядаўняга нафтагазавага канфлікту. У Маскве недвухсэнсоўна даюць зразумець: зрухаў ня будзе да таго часу, пакуль ня будзе закрыта пытаньне сплаты Беларусьсю доўгу за газ.

Няпэўны стан і ў выпадку зь Міжнародным валютным фондам. Не сакрэт, што МВФ дае крэдыты толькі пры ўмове правядзеньня рэформаў. Адна зь іх — скарачэньне сацыяльных выдаткаў. Улады яшчэ раней заявілі, што будуць «аптымізаваныя» тарыфы на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і кіраваньне дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Аднак на справе гэта можа выклікаць чарговую хвалю незадаволенасьці: заробкі бальшыні жыхароў Беларусі ўжо дасягнулі дна, і спрабаваць павесіць на людзей яшчэ і 100% камунальных выдаткаў — значыць атрымаць яшчэ адну порцыю галаўнога болю сьледам за «дармаедамі».

Паводле эканамістаў, выкананьне рэкамэндацыяў МВФ запатрабуе глябальных зьменаў ва ўсёй эканоміцы. Адна толькі ўмова распрацоўкі адзінага дакумэнту аб кіраваньні сэктарам дзяржпрадпрыемстваў пацягне за сабой рэвізію ўсяго заканадаўства — галіна зарэгуляваная і ня мае ніякай самастойнасьці. У тэрміны, вызначаныя экспэртамі фонду, такія зьмены зрабіць нерэальна. Калі толькі Захад не паспрабуе скарыстаць момант і выдзеліць крэдыт з геапалітычных меркаваньняў, каб вырваць Беларусь з арбіты ўплыву Расеі. Як той казаў, ня пугай, дык валютным пернікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG