Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс растлумачыў, чаму Эўразьвяз ня будзе вяртаць санкцыяў у дачыненьні да Беларусі праз канвэер адміністрацыйных арыштаў пасьля «Маршаў недармаедаў» і абароны Курапатаў.
— Ці можна казаць пра канец лібэралізацыі ў Беларусі ў сувязі з брутальнымі затрыманьнямі і адміністрацыйнымі арыштамі пасьля вулічных акцыяў?
— Я не лічу, што ў Беларусі была лібэралізацыя. Так, было шмат ілюзіяў наконт гэтага. Але заўсёды былі экспэрты, якія казалі, што гэта толькі так званая «лібэралізацыя», толькі новы этап нейкіх спадзяваньняў, жаданьне бачыць тое, чаго насамрэч няма. Гэтыя экспэрты мелі рацыю і раней, у 2009-2010 гадах, якія былі вельмі лібэральнымі ў параўнаньні зь 2011 годам. Рэжым не мяняецца. Часам зьмяняецца тактыка, гэта так. Але ў галіне правоў чалавека і асабістых свабодаў ніякіх вялікіх пераменаў у Беларусі няма. Былі рытарычныя крокі, нейкія спробы маніпуляваць нэапалітычнай сытуацыяй, але сыстэмных зьменаў не было.
— Сытуацыя ў Беларусі зьмянілася за лічаныя дні. Чаму?
— Тое, што адбылося, было чакана. Пачаліся даволі масавыя пратэсты, на якія выходзяць ня толькі палітычныя актывісты, але і звычайныя людзі. Уладам неабходна неяк рэагаваць. І сутнасьць рэжыму Лукашэнкі прадыктавала, што рэагаваць трэба не дыялёгам з грамадзтвам, а рэпрэсіямі.
— Ці новая сытуацыя ў Беларусі можа памяняць парадак дня ў Брусэлі?
— Я думаю, што Эўразьвяз захавае памкненьні захаваць спробы наладжваньня дыялёгу. Гэта відаць ужо цяпер. У Менску судзяць затрыманых падчас мірных акцыяў, а Лукашэнка ў гэты ж дзень сустракаецца з эўрапейскімі чыноўнікамі.
— Чым гэта выклікана? Чаму Эўразьвяз не рэагуе тэрмінова?
— Справа ў тым, што ў эўрапейскіх палітыкаў захоўваецца вялікі страх расейскай агрэсіі Крамля ў дачыненьні да Беларусі. Гэты страх падаграваецца вучэньнямі «Захад-2017», напрыклад. Да таго ж Брусэль ня можа вельмі хутка рэагаваць на падзеі, ён вельмі інэртны. Гэтая інэртнасьць і застанецца бліжэйшым часам, таму, акрамя заяў, нічога чакаць ад Эўразьвязу беларусам ня варта. Сам зьмест дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю зьмяняцца ня будзе.
— Ці маюць рацыю тыя, хто кажа, што вяртаньне санкцыяў Эўразьвязу можа быць толькі ў выпадку нашмат больш жорсткіх рэпрэсіяў у дачыненьні да палітыкаў і актывістаў?
— Санкцыі вельмі хутка ня ўводзяцца. Хоць Брусэль павінен паказаць сваю прынцыповую пазыцыю, санкцыі ня будуць адноўленыя. Маюць рацыю тыя, хто кажа, што ўзровень рэпрэсіяў павінен быць нашмат вышэйшы, каб у Брусэлі зноў пачалі гаварыць пра Беларусь. Але праблема ў тым, што гэта не пытаньне — уводзіць ці ня ўводзіць санкцыі. Пытаньне ў тым, ці ёсьць жаданьне ва ўлады і грамадзтва рухацца ў Эўропу. Таму што рыса, дзе пачынаецца і заканчваецца Эўропа, — гэта правы чалавека. Таму, хоць з пункту гледжаньня гістарычнага і культурнага гледзішча Беларусь безумоўна знаходзіцца ў Эўропе, з гледзішча правоў чалавека і правасудзьдзя яна надзвычай далёкая ад эўрапейскіх стандартаў.