Суды пачынаюцца ў другой палове дня. У 14.30 у судзе Гомельскага раёну судзяць журналістку-фрылансэрку Ларысу Шчыракову паводле артыкулу 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») у Рагачове.
12 сакавіка журналістка здымала відэарэпартаж у гэтым райцэнтры, а яе прыцягваюць да адказнасьці як удзельніцу несанкцыянаванага маршу пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3.
«Я ня маю намеру нешта тлумачыць, бо гэта ў судах стала бессэнсоўным: міліцыя складае пратаколы, а суды даюць штрафы альбо суткі. Працуе канвэер. Журналістаў судзяць, каб не асьвятлялі акцыі пратэсту», — лічыць Шчыракова.
У рапарце В. Радчанкі, які падпісаў падпалкоўнік Аляксей Серабро як начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку Рагачоўскага РАУС і перанакіраваў у Гомель, напісана, што на плошчу ў райцэнтры 12 сакавіка прыйшлі агулам «140 грамадзянаў, у тым ліку журналістка-фрылансэрка Ларыса Шчыракова, якая неаднаразова трапляла ў поле зроку праваахоўных органаў у сувязі са сваёй апазыцыйнай дзейнасьцю». У «пасланьні» рагачоўскага ахоўніка грамадзкага парадку згадваюцца і іншыя імёны журналістаў.
А 15-й гадзіне ў Цэнтральным судзе Гомелю пачынаецца разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненьні да грамадзкіх актывістаў Уладзімера Кацоры, Мікалая Пяшко, Андрэя Стрыжака, Дзьмітрыя Сабурава, Юрыя Грушакова, Андрэя Макарава, Васіля Палякова, Барыса Анікеева, Леаніда Судаленкі, Анатоля Паплаўнага за ўдзел у «маршы недармаедаў», які адбыўся ў абласным цэнтры 19 лютага. Гэта ўсе тыя актывісты, якія альбо выступілі на мірным сходзе з прамоваю, альбо, як Андрэй Макараў і Барыс Анікееў, несьлі транспарант, на адным баку якога было напісана: «Салідарнасьць. Стань побач!», на другім — «Мы не дармаеды! Мы і не рабы!».
Тым часам у Гомельскім ізалятары ўжо сядзяць за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту Віктар Рубцоў, Максім Філіповіч, Уладзімер Няпомняшчых. Апошні ішоў уранку 15 сакавіка на вакзал, каб ехаць у Менск на «Марш недармаедаў», але быў зьбіты невядомымі ў двары паблізу свайго дома, а пасьля абвінавачаны ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам АМАПу. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 лютага пакараны штрафам у памеры 575 рублёў.