Карбалевіч: Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», ад пачатку рэпрэсіяў супраць удзельнікаў акцыяў колькасьць рэпрэсаваных хутка дасягне дзьвюх соцень чалавек. Учора, 15 сакавіка, пасьля заканчэньня «Маршу недармаедаў», які быў дазволены менскімі гарадзкімі ўладамі, міліцыянты ў цывільным затрымалі каля 50 удзельнікаў акцыі, у асноўным актывістаў анархісцкага руху. У Магілёве вядома пра затрыманьне васьмі чалавек. У Горадні адразу пасьля акцыі людзі ў цывільным схапілі трох маладых хлопцаў у масках, пасадзілі ў машыну й павезьлі.
Прычым дзеяньні супрацоўнікаў МУС становяцца ўсё больш жорсткімі, брутальнымі. Удзельнікаў акцыяў пачалі жорстка біць.
Асабліва жудасным было затрыманьне анархістаў у тралейбусе каля «Белай вежы» ў Менску. Перапоўнены тралейбус спынілі, туды ўварваліся людзі, гледзячы па ўсім, амапаўцы, пачалі выцягваць анархістаў, пацярпелі і зусім нявінныя людзі. Захопленых цягнулі па асфальце за ногі, жанчын цягнулі за валасы. У людзей, якія спрабавалі здымаць гэтыя падзеі на тэлефон, выбівалі з рук тэлефоны і нагамі іх разьбівалі.
Раней яны неяк хаваліся, спрабавалі хапаць людзей тайна, у закутку. Цяпер гэта робіцца ў тралейбусе ў цэнтры гораду, на вачах дзясяткаў людзей, амаль у жывым эфіры.
Раней яны неяк хаваліся, спрабавалі хапаць людзей тайна, у закутку. Цяпер гэта робіцца ў тралейбусе ў цэнтры гораду, на вачах дзясяткаў людзей, амаль у жывым эфіры
Нагадаю, што ў нядзелю 12 сакавіка ў чатырох гарадах былі затрыманыя 19 журналістаў. То бок, гледзячы па ўсім, сілавыя структуры атрымалі поўны карт-блянш на рэпрэсіі. Усё гэта сьведчыць пра тое, што пэрыяд лібэралізацыі скончыўся. Адчуўшы пагрозу ўладзе, Лукашэнка адкінуў убок усе перасьцярогі, пагрозу псаваньня адносін з Захадам і даў загад жорстка рэагаваць на акцыі пратэсту.
Гэта пры тым, што Захад памяняў сваё стаўленьне да беларускага рэжыму. Яно стала больш ляяльным. Ёсьць заявы з асуджэньнем рэпрэсіяў, аднак няма ніякіх канкрэтных крокаў. Якраз цяпер у Менск адзін за адным едуць эўрапейскія палітыкі высокага рангу. Ніхто не адмяніў візыт у знак пратэсту супраць рэпрэсіяў. І гэта, у пэўным сэнсе, разьвязвае Лукашэнку рукі.
Глод: У самым агульным выглядзе на пытаньне Валера Карбалевіча можна адказаць так: рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту становяцца ўсё больш брутальнымі таму, што гэтыя акцыі не спыняюцца. І сапраўды, Лукашэнка нібыта зрабіў крок назад — збор за так званае дармаедзтва можна сёлета не плаціць, дэкрэт нібыта істотна зьбіраюцца перагледзець. Аднак людзі па-ранейшаму выходзяць на вуліцы. І гэта выклікае раздражненьне і азлобленасьць у праваахоўных органаў. «Ну чаго яшчэ вам трэба?» — думаюць прадстаўнікі сілавых структур і, ня маючы адказу на сваё пытаньне, усё больш і больш усходжваюцца, дэманструючы сваю сілу.
Памятаеце, Лукашэнка казаў сілавікам, што трэба даць магчымасьць выказацца народу і ў той жа час «выкалупваць, як разынкі з булкі», лідэраў і актывістаў апазыцыі. І тут, падобна, сілавікі перастараліся.
Мне падаецца, што сілавікі, як і чыноўнікі, не разумеюць галоўнага — пратэсты ўжо далёка выйшлі за межы кантынгенту так званых дармаедаў. На плошчы і вуліцы розных гарадоў пераважна, падкрэсьлю гэтае слова, выйшлі людзі, якія незадаволеныя ўзроўнем свайго жыцьця. Яны незадаволеныя ня столькі прэзыдэнцкім дэкрэтам, колькі агульнай эканамічнай сытуацыяй — скарачэньнем працоўных месцаў, нізкімі заробкамі, невялікімі пэнсіямі і, нарэшце, адсутнасьцю пэрспэктываў. Усяго гэтага пакуль сілавікі на сабе не адчулі. Таму і такое жорсткае стаўленьне ў іх да незадаволеных.
Цяпер пра тое, што таксама адзначаў Валер Карбалевіч — Захад памяняў сваё стаўленьне да беларускага рэжыму. Гэта так. Больш за тое, у мяне склалася ўражаньне, што некаторыя заходнія палітыкі жывуць у сваім сьвеце, а беларускіх рэаліяў яны проста ня ведаюць.
Мне падаецца, што сілавікі, як і чыноўнікі, не разумеюць галоўнага — пратэсты ўжо далёка выйшлі за межы кантынгенту так званых дармаедаў
Вось апошні прыклад. Учора я меў магчымасьць папрысутнічаць на пратакольнай частцы сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крыстынэ Мутанэн. І што ж я пачуў? Аказваецца, спадарыня Мутанэн падчас палёту зь Вены ў Менск даведалася, што 8 сакавіка ў Беларусі сьвяточны дзень. І гэта яе вельмі ўзрадавала. Яна прапанавала Андрэйчанку, каб штогадовую сэсію Парлямэнцкай асамблеі, якая заплянаваная на пачатак ліпеня ў Менску, адкрыла ўступнай прамовай нейкая вядомая беларуская жанчына. То бок для Парлямэнцкай асамблеі гендэрнае пытаньне выглядае насамрэч актуальным. А вось пра парушэньні правоў чалавека спадарыня Мутанэн не згадала. Такая палітыка сапраўды разьвязвае рукі Лукашэнку і ягоным падначаленым.
А міністру замежных спраў Уладзімеру Макею застаецца толькі адно — паўтараць, як і на ўчорашняй сустрэчы з сваім бэльгійскім калегам Дзідзье Рэйндэрсам, што нельга адразу стаць дэмакратычнай краінай. Маўляў, некаторыя краіны ішлі да дэмакратыі не дзясяткі, а сотні гадоў.
Трафімовіч: Параўнаю паводзіны міліцыі. Пасьля першых «Маршаў недармаедаў», дзе на акцыях пратэсту не было ніводнага міліцыянта ў форме, пачало складацца ўражаньне, што неабвешчаная лібэралізацыя сапраўды працуе. Тысяча чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі рушыць па цэнтры гораду без аніякіх перашкодаў. Спачатку — Менск. Потым — Гомель. У Гомлі за дзьве гадзіны «Маршу недармаедаў» да калёны пратэстоўцаў толькі пару разоў пад’яжджала машына ДАІ і ветліва прасіла не выходзіць на праезную частку.
І ўжо празь месяц мы бачым зусім іншую карціну. Напярэдадні акцыі затрымліваюць арганізатараў і актыўных удзельнікаў мінулых маршаў. І адразу пасьля завяршэньня маршу — затрыманьне ўсіх актыўных удзельнікаў.
Адбываецца ўсё гэта па вядомым з 2011 году сцэнары. Пасярод вуліцы прыпыняецца машына, зь ніадкуль падбягаюць людзі ў цывільным. Не прадстаўляючыся, яны заломваюць рукі і кідаюць чалавека ў машыну. Потым — РАУС. На наступны дзень — суд і 15 сутак.
Прычым праходзіць усё гэта ў вельмі брутальнай форме. Учора ў Менску, як пра гэта казаў спадар Валер, невядомыя ў цывільным вельмі жорстка вырывалі анархістаў з тралейбуса пасьля «Маршу недармаедаў». Акцыя была санкцыянаваная, пратэстоўцы ішлі па ўзгодненым з уладамі маршруце. Падчас маршу не было правакацыяў. Усё прайшло абсалютна мірна. І ўсё адно брутальныя затрыманьні і каля 50 чалавек у СІЗА. Учора менскія міліцыянты паставілі рэкорд году. Яшчэ ў ніводным горадзе не затрымлівалі так шмат людзей.
Я сказаў, што цяпер паўтараецца сцэнар 2011 году. Хоць тут ёсьць вельмі важнае адрозьненьне. У 2011 годзе так званыя «невядомыя людзі», міліцыянты ў цывільным, асьцерагаліся прэсы. І стараліся ізаляваць фатографаў і апэратараў, нападалі на іх. Шэсьць год таму яны падчас затрыманьняў не хацелі трапіць у кадар.
калі б быў загад зьверху, міліцыя магла б не дазволіць правядзеньня першых акцыяў пратэсту ў Менску і Гомлі. У беларускай міліцыі хапае рэсурсу, каб кантраляваць сытуацыю. Але, відавочна, быў загад не чапаць людзей
Цяпер усё праходзіць зусім па-іншаму. Гэтыя брутальныя затрыманьні адбываюцца літаральна ў жывым эфіры. Журналісты здымаюць, як у Магілёве невядомыя людзі зьбіваюць раварыста і закідваюць яго ў машыну. «Белсат» пры гэтым нават бярэ інтэрвію ў невядомых. І журналістам ніхто не перашкаджае. Людзі ў цывільным не хаваюць сваіх твараў. Ужо хутка становіцца вядомай асоба аднаго з гэтых людзей — намесьнік кіраўніка міліцыі грамадзкага правапарадку Магілёва. Палкоўнік.
Таксама і ў Менску затрыманьне анархістаў трансьлююць у жывым эфіры адразу некалькі чалавек. І можна разгледзець усе твары тых, хто затрымлівае пратэстоўцаў.
Вядома, што калі б быў загад зьверху, міліцыя магла б не дазволіць правядзеньня першых акцыяў пратэсту ў Менску і Гомлі. У беларускай міліцыі хапае рэсурсу, каб кантраляваць сытуацыю. Але, відавочна, быў загад не чапаць людзей. Ажно да мінулых выходных. Учора раніцай на вуліцах Менску зьявіліся грозныя вадамёты для разгону дэманстрацыяў. І як толькі міліцыі сказалі «фас», яна адразу праявіла сябе ў дзеяньні.
Ці працягнуцца такія рытуальныя затрыманьні і ці перапоўняцца беларускія ізалятары сотнямі людзей, як гэта было ў 2010 і 2011 гадах, залежыць выключна ад рашэньня на самым версе.