Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму ў Рагачове жыць добра? На «Марш недармаедаў» выйшлі старшыні камісіяў па выбарах прэзыдэнта


«Марш недармаедаў» у Рагачове 12 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Рагачове 12 сакавіка

Разам з жыхарамі гораду на «Марш недармаедаў» у Рагачове 12 сакавіка прыйшлі і актыўныя абаронцы ўладаў. Свабода іх ідэнтыфікавала.

«Дык яны так і працуюць, як атрымліваюць»

«Марш недармаедаў» 12 сакавіка — гэта першая вялікая акцыя пратэсту ў горадзе за гады незалежнасьці, лічаць мясцовыя сайты. Як да трыбуны, рагачоўцы падыходзілі да журналістаў і расказвалі пра свае праблемы: працы, хоць бы якой, у горадзе няма, заробкі малыя, пэнсіі нізкія.

Мітынг у Рагачове 12 сакавіка
Мітынг у Рагачове 12 сакавіка

Пазьней на месцы Маршу зьяўляецца «працаўнік аховы здароўя», як сябе прадставіла жанчына. Пратэстоўцу з Гомля яна пачала абвінавачваць у тым, што той заплаціў грошай людзям на плошчы.

Жанчына аказваецца інжынэрам па ахове працы Рагачоўскай раённай бальніцы. Яна кажа, што мае вельмі малы заробак.

«Я не адміністрацыя, я наадварот — бліжэй да народу»

Пры мінімальным пошуку можна знайсьці, што Вольга Шабашова — сапраўды прадстаўнік народу. Яна ўзначальвае першасную арганізацыю «Белая Русь» у рагачоўскай райбальніцы. У 2014 годзе была сябрам участковай камісіі па выбарах у мясцовыя саветы. А ў 2015 годзе стала ўжо старшынём камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Вольга Шабашова
Вольга Шабашова

Шабашова прыйшла на мітынг з калегай — Людмілай Амялюсік. Тая ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю ў раённай бальніцы. Праз тэлефон яна сказала Свабодзе, што ў сёньняшняй геапалітычнай сытуацыі такія мітынгі непатрэбныя. А сытуацыя ў Рагачове не адрозьніваецца ад іншых гарадоў.

«Паўсюль праблемаў хапае — ня толькі ў Рагачове, — кажа Амялюсік. — Ва ўсім сьвеце цяпер чарговы крызіс. Пры чым тут Рагачоў? На агульным фоне мы не выглядаем лепш ці горш, чым ва ўсёй краіне, і ва ўсім сьвеце, і ў суседніх дзяржавах».

Як старшыні выбарчых камісіяў зьяўляюцца на мітынгах «недармаедаў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00

Таксама ні лепш, ні горш, чым у іншых арганізацыях, стаяць справы з працай у самой рагачоўскай бальніцы. Па словах кіраўніцы прафсаюзу, пэўная катэгорыя незадаволеных была і будзе заўжды.

«Жыць у грамадзтве і быць свабодным ад грамадзтва нельга. Мы самі па сабе ня можам існаваць», — падсумоўвае Амялюсік.

«Як працавалі, так і атрымалі»

Яшчэ адзін чалавек, якому ў Рагачове добра жыць — Браніслава Кірэйшына. З 2009 году яна ўзначальвае тут раённы савет вэтэранаў. Як таго патрабуе пасада, у 2015 годзе яна ўзначаліла ініцыятыўную групу ад савету вэтэранаў на выбарах у прэзыдэнты. Зьбірала подпісы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі сярод вэтэранаў.

Браніслава Кірэйшына
Браніслава Кірэйшына

«Суседка, скажыце, ці вам так дрэнна жывецца?» — зьвярнулася Кірэйшына да жанчыны, якая скардзілася на жыцьцё Свабодзе.

Людзі адразу накідваюцца на Кірэйшыну і кажуць, што яна ўжо даўно на пэнсіі і пры гэтым працуе. На закіды пра тое, што толькі яна мае вялікую пэнсію, Кірэйшына адказвае, вінавацячы саміх людзей:

«Як працавалі, так і атрымалі».

«На ўзроўні нармальных людзей пытаньне па дэкрэце № 3 закрытае»

На мітынгу ў Рагачове быў прынамсі яшчэ адзін прафкамаўскі і ідэалягічны дзяяч. Як і Вольга Шабашова, у 2014 годзе Аляксандар Сьляпцоў быў сябрам участковай камісіі на выбарах у мясцовыя дэпутаты. Ён узначальвае прафсаюзную арганізацыю ў сэлекцыйна-гібрыдным цэнтры ў аграгарадку Зарэчча. Другая пасада Сьляпцова — намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы ў тым жа цэнтры.

Аляксандар Сьляпцоў прадставіўся як беспрацоўны
Аляксандар Сьляпцоў прадставіўся як беспрацоўны

У 2015 годзе Сьляпцоў, як і Шабашова, узначальваў участковую камісію падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

На мітынгу ён прадстаўляецца беспрацоўным, які плоціць падаткі і гэтаму рады. Даводзіць, што пытаньняў па дэкрэце № 3 больш ні ў кога не павінна быць.

«Здаецца, пытаньне гэтае закрытае. На ўзроўні прэзыдэнта закрытае, і на ўзроўні нармальных людзей усіх закрытае».

«Што ты расказваеш байкі?»

Калі да Сьляпцова зьвяртаецца малады рамесьнік і скардзіцца, што працы ў горадзе не знайсьці, ідэоляг пачынае цытаваць прэзыдэнта.

«Хто ня хоча працаваць, таго прымусяць працаваць, — кажа Сьляпцоў. — У нас людзі развучыліся працаваць. А што вы ўмееце рабіць у жыцьці? Задайце пытаньне, што вы для людзей зрабілі? А потым людзі і для вас нешта робяць».

Да рамесьніка далучаюцца іншыя рагачоўцы ды просяць Сьляпцова не расказваць байкі. Калі хлопец кажа, што ён ня хоча быць рабом у сваёй дзяржаве, ідэоляг яму тлумачыць, што тут яго не трымаюць:

«Тады трэба ў іншую дзяржаву ісьці».

Цікава, што Сьляпцоў слова ў слова паўтарае фразу, якую таксама агучвала кіраўніца прафсаюзу Людміла Амялюсік:

«Быць у грамадзтве і быць вольным ад яго нельга».

«Пятровіча», як пішуць пра Сьляпцова ў камэнтарах на мясцовых сайтах, у Рагачове пазналі многія. Сакратар сэлекцыйна-гібрыднага цэнтру «Зарэчча» кажа, што тэлефон сёньня аж разрываецца ад званкоў Сьляпцову. Але сам ідэоляг ад камэнтару адмаўляецца.

«Праз тэлефон я вас ня бачу. Прыяжджайце да мяне, пагаворым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG