Інтэрвію Свабоды са змагаром супроць «дармаедзкага дэкрэту» Аляксандрам Кабанавым, пасьля таго як ён адбыў 5-суткавы арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
Аляксандар Кабанаў, жыхар Бярозы, ужо некалькі месяцаў наведвае розныя гарады Берасьцейшчыны і зьбірае подпісы за адмену дэкрэту № 3. Падчас «маршаў недармаедаў» у Берасьці Аляксандар з гукаўзмацняльнікам выступаў перад людзьмі, заклікаў бараніць свае правы.
У выніку актывіста асудзілі на 5 дзён арышту. Учора Аляксандр выйшаў на волю. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з фэрмэрам Аляксандрам Кабанавым пра ягоную гаспадарчую і грамадзкую дзейнасьць.
— Фактычна я жыву ў Бярозе, але рэгістрацыя ў пашпарце ў мяне ў вёсцы. Гэта патрабаваньне да тых, хто жадае атрымаць зямлю і працаваць на ёй.
— Вам падабаецца працаваць на зямлі?
— Так, гэта сапраўды маё.
— Але ж не заўсёды вы былі фэрмэрам? Як атрымалася, што вы сталі працаваць на зямлі?
— Нават ня ведаю. Так склалася. Справа ў тым, што ў мяне ёсьць добры знаёмы, які даўно працуе на зямлі. Я ня бачыў ягонай гаспадаркі. Але пазьней так атрымалася, што я набыў невялікі хутар і проста ня ведаў, што зь ім рабіць. Набыў, так бы мовіць, на будучыню. Думаў — можа, паставіць там нейкую лазьню. Так доўжылася год-два. А потым трапіў у госьці да знаёмага, пра якога казаў вышэй, пабачыў яго гаспадарку. Мне гэта надзвычай спадабалася, і адразу ж пастанавіў, што буду гэтым займацца.
— Ці можна сёньня зарабіць, працуючы на зямлі?
— У пляне заробку вельмі складана. Прыбытку фактычна няма. А разбагацець немагчыма. Больш гэта хобі. Бо насамрэч гэта вельмі цікава — гадаваць птушак, жывёл. Вялізны толькі плюс — гэта тое, што сам ужываеш у ежу тое, што выгадаваў, і ведаеш якасьць гэтай прадукцыі. Таму праца з сваёй гаспадаркай — гэта, па сутнасьці, забесьпячэньне толькі прадуктовага кошыка для сябе. А калі казаць пра прыбытак — то гэта збольшага толькі нейкія дробныя грошы, ня больш.
— Але вы займаліся ў свой час бізнэсам, перш як сталі фэрмэрам?
— Так, некалі ў мяне быў трыкатажны цэх, пазьней я зьехаў у Расею і там займаўся будаўнічым бізнэсам. Але ў выніку вярнуўся ў Беларусь. Што да фірмы ў Беларусі, то ў мяне працавала 17 чалавек у цэху.
— Што сталася з вашай фірмай?
Я цяпер проста спачуваю тым, хто займаецца вытворчасьцю. Вельмі шмат праблемаў. Таму я вырашыў закрыць сваю справу
— Я закрыў яе досыць даўно, яшчэ ў 1997 годзе. Справа ў тым, што ў нас падатковае заканадаўства не дазваляе працаваць вытворцам. Калі я паглядзеў тэлебачаньне, пабачыў, што кіраўніцтва краіны абяцае падтрымку прадпрымальнікам — асабліва гэта абяцалася тым, хто займаецца вытворчасьцю — я тады падумаў, што гэта для мяне цікава, і пачаў займацца вытворчасьцю. Але калі сутыкнуўся з рэчаіснасьцю, то гэта проста жахліва. Я цяпер проста спачуваю тым, хто займаецца вытворчасьцю. Вельмі шмат праблемаў. Таму я вырашыў закрыць сваю справу.
— Ці можна сказаць, што сваю энэргію вы перанакіравалі з прадпрымальніцтва ў грамадзкую дзейнасьць?
— Я балятаваўся падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Адным з галоўных пунктаў праграмы была адмена дэкрэту № 3. Вядома, было яшчэ шмат і іншага, але гэты пункт быў вельмі важны. Тым больш, што я меў зносіны з многімі людзьмі. І мне запомнілася, што падчас адной з сустрэчаў мне адзін чалавек сказаў, што, маўляў, Аляксандар, ты ня здолееш перамагчы на выбарах. І так вядомы вынік. Але ці пасьля гэтага ты працягнеш нейкую працу зь людзьмі, ці ня стане так, што ты зьнікнеш пасьля гэтых сустрэчаў і абяцаньняў? Акрамя гэтага, выбарцы мне прапаноўвалі ўжо тады пачаць зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту гэтага. Таму я вырашыў, што пачну займацца гэтым. Таму і працую, зьбіраю подпісы, сустракаюся зь людзьмі, даношу іх пазыцыю да ўладаў.
— Якая канчатковая мэта вашай дзейнасьці?
— У ідэале, я лічу, урад краіны, усё кіраўніцтва павінны падаць у адстаўку. Іх дзейнасьць ці бязьдзейнасьць прывялі да беспрацоўя, да таго, што людзі даведзеныя да галечы. У выніку адбываюцца пратэсты. Адно вынікае з другога, і чыноўнікі павінны несьці адказнасьць за сваю безгаспадарчасьць. Яны вінаватыя ў гэтым. Нездарма цяпер падчас маршаў гучыць заклік да Лукашэнкі, каб ён сышоў. Людзі разумеюць, што менавіта ўлады давялі краіну да такой сытуацыі. Мы, беларусы, жадаем жыць па-новаму.
— Але грамадзкая дзейнасьць у нашых умовах — гэта ня толькі адказнасьць перад людзьмі, але таксама і перасьлед з боку дзяржавы. Вось толькі ўчора вы выйшлі пасьля пяці сутак адміністрацыйнага арышту.
У РАУС таксама людзі, якія маюць родных, у іх растуць дзеці, і таму многія разумеюць, што ў краіне адбываецца нешта нядобрае
— На самой справе сярод міліцыянтаў шмат хто ставіцца з разуменьнем да той справы, якую я раблю. Многія нават станоўча глядзяць на маю дзейнасьць. У РАУС таксама людзі, якія маюць родных, у іх растуць дзеці, і таму многія разумеюць, што ў краіне адбываецца нешта нядобрае. Тое, што яны ў форме — так, яны не гатовыя падтрымаць людзей, яны бліжэйшым часам наўрад ці пяройдуць на бок народу. Але ў іх ёсьць сьвядомасьць і разуменьне, што я не злачынец, і маю пазыцыю яны паважаюць. Хоць ёсьць і такія, хто супраць мяне. Але я ведаю, што ў Бярозе родзічам пяці супрацоўнікаў мясцовага РАУС прыйшлі так званыя «лісты шчасьця». Таму яны разумеюць сытуацыю.
— Ці гатовы вы да таго, што перасьлед у дачыненьні да вас будзе працягвацца?
— Маральна я гатовы да ўсяго. Здавацца цяпер ні ў якім выпадку нельга. Апошнія падзеі — правакацыя, суды, суткі — мяне загартавалі. Таму мы ня можам цяпер апусьціць рукі. Ня можам здавацца ў гэты момант.
— Акрамя гаспадаркі і грамадзкай дзейнасьці маеце нейкія хобі?
— Я майстар спорту па самба. Таксама маю чорны пояс па каратэ.
— У Бярозе многія памятаюць, што ў свой час вы вялі трэніроўкі па каратэ, у тым ліку і для міліцыянтаў мясцовага РАУС?
— Сапраўды гэта так. Калі ў Бярозе мне выдзелілі залю для трэніровак, сказалі, што гэта будзе бясплатна, але ўмовай было тое, каб я трэніраваў міліцыянтаў. Я пагадзіўся на гэта. У выніку ў мяне было шмат групаў. Многія зь Бярозы прыходзілі на мае трэніроўкі.
— Ці не закінулі спорт цяпер канчаткова?
— Не. Нават падчас гэтай адседкі я рабіў адцісканьні. Па магчымасьці наведваюся ў спартовую залю. Канечне, гэта патрабуе часу, якога я няшмат маю. Тым больш што ў мяне ёсьць старая траўма, якая мяне моцна абмяжоўвае. Але з ахвотаю ў залі барукаюся, узгадваю сваю маладосьць. Практыкаваньні па каратэ заўсёды выконваю, калі прыяжджаю на гаспадарку. Папрацую фізычна, а потым выходжу ў поле і займаюся на чыстым паветры.