Праз гадзіну пасьля таго, як Аляксандра Кабанава забралі у Бярозаўскі РАУС, яго тэлефон недасяжны.
Міліцыянты зь Бярозаўскага РАУС вечарам пасьля 20 гадзіны наведаліся да мясцовага актывіста Аляксандра Кабанава. Сказалі, што жадаюць дапытаць яго ў сувязі з удзелам у акцыі «Марш недармаедаў», якая была ў Берасьці 5 сакавіка.
Ад Аляксандра патрабуюць паехаць разам зь імі ў аддзел міліцыі, дзе ў яго возьмуць тлумачэньні. У сябе дома Аляксандар Кабанаў адмовіўся расказваць ім пра акалічнасьці свайго ўдзелу ў акцыі.
Напярэдадні вечарам, літаральна суткі таму, Аляксандар Кабанаў выйшаў на волю пасьля 5 дзён зьняволеньня за адміністрацыйнае правапарушэньне (хуліганства і брыдкаслоўе). Паводле актывіста, падставай для суду стала правакацыя.
Актывістку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк пакаралі штрафам у 690 рублёў (30 базавых велічыняў) за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
У Бабруйску Юрась Грынявецкі пакараны штрафам 30 базавых (690 рублёў). Юрась адзін гадуе 14-гадовую дачку. Яго зьвінавацілі ў тым, што ён заклікаў пад час акцыі: «Давайце жыць па Канстытуцыі». У судзе ён сказаў, што ня ведаў, што акцыя была несанкцыянаваная. Судзьдзя Тацяна Тарабуева на гэта сказала: калі вы сумняваецеся, санкцыянаваны мітынг ці не, то лепш ня ўдзельнічайце.
Яўген Васьковіч пакараны арыштам на 15 сутак. Ён падаў хадайніцтва, што просіць адваката. Яго павезьлі ў юрыдычную кансультацыю, а там сказалі, што, каб заключыць дамову, яго трэба вызваліць. Але судзьдзя Алена Ярмашэвіч зрабіць гэта адмовілася. Тады актывіст сказаў, што адмаўляецца ад удзелу ў працэсе.
Інгу Судзілоўскую аштрафавалі на 15 базавых (345 рублёў) за ўдзел у мітынгу (судзьдзя Натальля Чарапуха). У якасьці доказаў міліцыя выкарыстоўвала запісы трансьляцыі Радыё Свабода. У кадры Судзілоўская казала ў мэгафон: «Чужая бяда ня можа быць чужой» і «Разам мы сіла».
Разгляд справы актывісткі Галіны Сьмірновай перанесьлі на 15 сакавіка. Да суду яна правядзе ноч у ізалятары.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», 14 сакавіка каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна ў Менску затрымалі Марыну Насенку. Яна несла туды перадачу для Вячаслава Касінерава, які адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў» у Менску 17 лютага. Пасьля затрыманьня Насенку асудзілі на 12 сутак, таксама за ўдзел у акцыі 17 лютага.
Журналістаў Гатоўчыца і Шчыракову вінавацяць за «Марш недармаедаў»
Старшыня Гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц выкліканы на 15 сакавіка ў Цэнтральны РАУС Гомеля. А журналістку-фрылансэрку Ларысу Шчыракову будуць судзіць 17 сакавіка ў судзе Гомельскага раёну.
У Берасьці судзяць Паліну Шарэнду-Панасюк
Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк судзяць за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
«Яе літаральна за рукі-ногі занесьлі ў суд. Я толькі пасьпеў даць ёй візытоўку адваката, каб яна ў судзе заявіла хадайніцтва пра неабходнасьць заключыць дамову з адвакатам. Забралі яе сёньня раніцай. За што канкрэтна будуць судзіць, ня ведаю, але, хутчэй за ўсё, за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Супраць яе будуць сьведчыць 4 міліцыянты», — кажа праваабаронца.
Пасьля 17-й гадзіны суд у Берасьці зачынены знутры і працуе толькі «на выхад», кажа Ўладзімер Вялічкін. Таму ніхто на суд да Паліны Шарэнды-Панасюк трапіць ня змог.
Студэнтаў аштрафавалі за запрашэньні на Дзень волі
Актывісты «Моладзі БНФ» Мікалай Логвінаў і Мікіта Краснакуцкі аштрафаваныя на пяць базавых велічынь (115 руб) кожны ў Першамайскім судзе Менску.
10 сакавіка хлопцы раздавалі на тэрыторыі Менскага гарадзкога політэхнічнага каледжу стужкі зь беларускім нацыянальным арнамэнтам і запрашэньні на Дзень Волі.
Кіраўніцтва каледжу напісала заяву ў міліцыю.
14 сакавіка Мікалая і Мікіту міліцыя забрала проста з экзамэну.
Актывістам «Моладзі БНФ» інкрымінавалі «распаўсюд інфармацыі пра акцыю, якая яшчэ не дазволеная».
Максім Буйніцкі з Бабруйску абвясьціў галадоўку, ужывае толькі ваду.
Яўген Васьковіч хоча наняць адваката, разгляд ягонай справы, хутчэй за ўсё, адбудзецца заўтра.
Максіма Буйніцкага, удзельніка пратэсту ў Бабруйску супраць «дэкрэту аб дармаедах», будуць судзіць 16 сакавіка. Яго вінавацяць па трох артыкулах — дробнае хуліганства, пашкоджаньне фасадаў будынку і арганізацыя несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 26 лютага.
Затрымалі Ўладзімера Шанцава
Кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў затрыманы 14 сакавіка ў Магілёве. Паводле дачкі актывіста, Уладзімер Шанцаў правядзе ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня, а 15 сакавіка яго будуць судзіць. Шанцава вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 19 лютага — «Прагулкі недармаедаў».
Раней Ленінскі суд Магілёва накіраваў матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць Уладзімера Шанцава на дапрацоўку.
Аляксей Раманаў — штраф 46 рублёў
Аляксея Раманава з Бабруйску пакаралі штрафам у дзьве базавыя велічыні (46 рублёў), яго зьвінавацілі ў дробным хуліганстве. Прысутныя прапаноўвалі дапамогу на аплату штрафу.
Аляксея затрымалі ў ноч на 11 сакавіка і зьмясьцілі ў Першамайскі РАУС Бабруйску.
Верамеенка — 15 сутак, Вайцехаў — 15 базавых, Абуховіч — 25 базавых
У Ленінскім раённым судзе Горадні судзьдзя Натальля Козел прысудзіла за «Марш недармаедаў» 19 лютага сябру БХД Сяргею Верамеенку 15 сутак арышту, іншаму сябру БХД Антону Вайцехаву — штраф у 15 базавых велічыняў (345 рублёў), актывісту Аляксандру Абуховічу — 25 базавых (575 рублёў).
Грыгенчы — 13 сутак, Браун — 15 базавых, Мышкевіч — 25 базавых
У Ленінскім раённым судзе Горадні cудзьдзя Алена Пятрова агучыла прысуды тром актывістам за «Марш недармаедаў» 19 лютага. Сябра АГП Ежы Грыгенчы атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, сябра БСДП(Г) Анатоль Мышкевіч — штраф у 25 базавых велічыняў (575 рублёў), актывіст Яўген Браўн — штраф у 15 базавых (345 рублёў).
Аксёнаву — 15 сутак
У Магілёве затрыманаму ўчора сябру БХД Алегу Аксёнаву прысудзілі 15 сутак арышту за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў за магілёўскі «Марш недармаедаў» 19 лютага.
Аксёнаў не прызнаў сябе вінаватым: ён заявіў, што то была ня акцыя пратэсту, а сустрэча сяброў, дзе ён зь сябрамі вымушаны быў выказаць стаўленьне да «дэкрэту пра дармаедаў» і так склалася, што людзі вакол яго падтрымалі.
Суду ў Магілёве чакае таксама Ўладзімер Шанцаў, чыю справу 9 сакавіка адправілі на дапрацоўку.
Сьпіс затрыманых: больш за 100 чалавек
Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў сьпіс затрыманых і асуджаных у сувязі з акцыямі пратэсту апошніх дзён. На момант публікацыі ў сьпісе 101 чалавек, сьпіс абяцаюць абнаўляць, калі становяцца дакладна вядомымі новыя факты затрыманьняў і судоў.
Некаторыя ў сьпісе ўжо атрымалі штрафы, некаторыя — адміністрацыйныя арышты, астатнія затрыманыя да судоў або атрымалі позву на суд. У сьпісе людзі зь Менску, Бабруйску, Баранавічаў, Берасьця, Воршы, Гомелю, Горадні, Лунінца, Магілёва ды іншых гарадоў.