Старшыня гарадзенскай Партыі БНФ асуджаны на 13 сутак зьняволеньня
Працягваюць выносіць прысуды ў Горадні. Галіна Ламашэвіч аштрафаваная на 7 базавых велічыняў, Верамеенка Вольга — на 15, Мікалай Салянік — на 8.
Старшыня гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэты прысуд быў вынесены пад споклічы «Ганьба!».
На Лябедзьку завялі справу ў Магілёве
У Магілёве заведзеная адміністратыўная справа на лідэра АГП Анатоля Лябедзьку.
Яго лічаць вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі ў Магілёве — прагулкі недармаедаў 19 лютага.
Цяпер Лябедзька адбывае 15-суткавы арышт за акцыю ў Маладэчне 10 сакавіка.
Віталь Гуляк — 30 базавых, Ірына Давідовіч —15 базавых
У Горадні сталі вядомыя першыя за сёньня прысуды «недармаедам». Сябру партыі БНФ прысудзілі штраф у 30 базавых велічыняў (690 рублёў), сяброўцы АГП Ірыне Давідовіч — 15 базавых велічыняў (345 рублёў). Усяго ў Горадні судзіць маюць прынамсі 11 удзельнікаў «Маршу недармаедаў», што прайшоў 19 лютага.
Суд у Баранавічах перанесьлі на заўтра
У Баранавічах суд над Яўгенам Жураўскім, Барысам Шырынгай і Міхаілам Стрэльчыкам перанесьлі на 15 сакавіка на 10 гадзінаў. Судзіць будуць разам з бацькам і сынам Чарнавусамі. Судзьдзя — Аксана Копач.
Блогера Гарбунова ў Берасьці арыштавалі на 15 сутак
Суд Ленінскага раёну Берасьця засудзіў блогера Дзьмітрыя Гарбунова на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Не дапамагло і тое, што Гарбуноў прад’явіў у судзе рэдакцыйнае заданьне ад «Брестской газеты», паводле якога ён накіроўваўся асьвятляць акцыю. Яго ўзялі пад варту і павезьлі на суткі з залі суду.
У Менску затрымалі актывістаў БНФ
У Менску затрыманыя двое сябраў «Моладзі БНФ» Мікіта Краснакуцкі і Мікалай Логвінаў.
Як паведаміў Свабодзе старшыня арганізацыі Юрась Лукашэвіч, абодва затрыманыя знаходзяцца ў Першамайскім РУУС гораду Менску. Прычына іх затрыманьня невядомая, тэлефоны хлопцаў адключаныя.
Яшчэ аднаго берасьцейскага блогера засудзілі на 15 сутак
Блогеру Дзьмітрыю Гарбунову Ленінскі раённы суд Берасьця даў 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Не дапамагло і тое, што Гарбуноў прадставіў у суд рэдакцыйнае заданьне ад «Брестской газеты», паводле якога ён накіроўваўся асьвятляць акцыю.
Яго ўзялі пад варту і павезьлі на суткі з залі суду.
У Магілёве судзяць Алега Аксёнава
За ўдзел у акцыі пратэсту ў Ленінскімпа раённым судзе Магілёва судзяць актывіста БХД Алега Аксёнава. Яго вінавацяць у арганізацыі «Прагулкі недармаедаў», якая адбылася 19 лютага на цэнтральнай вуліцы Ленінскай. У акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 ўзялі ўдзел блізу 500 чалавек.
Актывіста АГП Ўладзімера Шанцава тым часам выклікалі на 14 гадзін у міліцэйскі пастарунак.
Актывіст Грышанаў знаходзіцца ў ізалятары ў Воршы, праводзіцца праверка ў крымінальнай справе
Ігара Грышанава трэці дзень утрымліваюць у аршанскім ізалятары. Гэта Свабодзе пацьвердзіў дзяжурны ізалятару і дадаў, што Ігар Грышанаў падазраецца ва ўчыненьні злачынства, а справу, у якой ён фігуруе, правярае сьледчы Сяргей Трашчанок з раённага ўпраўленьня Сьледчага камітэту.
Падсудны пэнсіянэр з Горадні: «Прашу прабачэньня, што галасаваў за Лукашэнку»
У Горадні на судзе за марш недармаедаў пэнсіянэр Мікалай Салянік заявіў на працэсе: «Я не ўхваляю гэты антынародны дэкрэт».
Падсудны цытуе Канстытуцыю, артыкулы, якія гарантуюць правы грамадзян на мірныя сходы і мітынгі:
«Што я парушыў з гэтай Канстытуцыі? Я вінаваты, што выбіраў гэтага чалавека на прэзыдэнта і прашу прабачэньня ва ўсіх, хто тут прысутнічае. Мне крыўдна за краіну. Я ганаруся, што быў на гэтым мітынгу, хоць і трапіў туды выпадкова».
Мікалай Салянік заявіў адвод судзьдзі, але адвод судом ня быў задаволены.
У Горадні судзяць Вадзіма Саранчукова
Падсудны кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукоў заяўляе, што пратакол складзены на яго, не адпавядае сапраўднасьці. Ён кажа, што толькі зьбіраў подпісы за адмену дэкрэту, але ня браў удзелу ў акцыі пратэсту.
ТЭРМІНОВА! Блогер Сяргей Пятрухін завочна атрымаў 15 сутак арышту #судзяць https://t.co/7M0ICJYYPK https://t.co/LJH975olI0
— Радыё Свабода (@svaboda) 14.3.2017
Блогер Сяргей Пятрухін завочна атрымаў 15 сутак арышту
Сьведка-міліцыянт у Ленінскім раённым судзе Берасьця распавёў, што Пятрухін з камэрай «правакаваў людзей».
Пятрухін вядзе трансьляцыі і зь мітынгаў, і з суду над сабою. Сёньняшні суд адбываўся ў адсутнасьці самаго Пятрухіна.
Актывісты на судзе ў Горадні не прызнаюць віну
Сябра АГП Мікалай Салянік заявіў адвод судзьдзі, але адвод судом не быў незадаволены. Салянік у судзе над сабою ў гарадзенскім судзе цытуе Канстытуцыю і пытае ў судзьдзі, ці той прызнае гэты дакумэнт. Салянік быў у ліку тых, на каго склалі пратаколы за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 19 лютага ў Горадні.
Галіна Ламашэвіч, на якую таксама склалі пратакол за «Марш недармаедаў», кажа ў судзе, што не прымала ўдзелу раней «ні ў якіх майданах», але прыйшла на плошчу, бо не магла паверыць, што Лукашэнка мог падпісаць такі дэкрэт. Яна не ўяўляе як жыць людзям далей. Яна цытуе словы з тэлевыступу Лукашэнкі пра сабатаж.
Гарадзенскія навучэнцы паведамляюць, што іх пужаюць адлічэньнем за ўдзел у «Маршах недармаедаў» — кажуць, нібы ў кожным каледжы і ўнівэрсытэце падпісваюцца пад паперамі аб азнаямленьні з законам «Аб масавых мерапрыемствах».
Пачаліся суды ў Горадні
У Горадні за ўдзел у «Маршы недармаедаў» сёньня судзяць не 11, а ўжо 13 чалавек.
Стала вядома пра суды над Яўгенам Браўнам і В. Гузевічам. Суды вядуць тры розныя судзьдзі. Удзельнікаў разьбілі на групы.
У Баранавічах бацьку і сына Чарнавусаў будуць судзіць заўтра
15 сакавіка а 14.30 ў Баранавічах будуць судзіць актывіста Міколу Чарнавуса і яго сына Міколу Чарнавуса-малодшага за акцыю 26 лютага. У Баранавічах традыцыйна суды прызначаюць на час акцыяў.
У Магілёве затрымалі каардынатара акцыі недармаедаў
У Магілёве ў суправаджэньні чатырох міліцыянтаў прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі Магілёва каардынатара камітэту стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава.
«Аксёнава прывезьлі», — пацьвердзілі Свабодзе ў пастарунку.
Актывіст адмовіўся зранку бяз позвы ехаць у Ленінскі раённы аддзел міліцыі, і яму яе прывезьлі. Паводле Алега Аксёнава, гвалту над ім не было. «Прывезьлі позву, сказалі зьбірацца. Цяпер вядуць у пастарунак», — паведаміў актывіст Свабодзе.
Яго вінавацяць у арганізацыі «Прагулкі недармаедаў», якая адбылася 19 лютага на цэнтральнай вуліцы Ленінскай. У акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 ўзялі ўдзел блізу 500 чалавек.
У Воршы шукаюць затрыманага актывіста Грышанава
Дагэтуль застаецца невядомым лёс аршанскага актывіста Ігара Грышанава, якіга міліцыя затрымала напярэдадні «Маршу недармаедаў» у Воршы.
У Воршы ў яго няма блізкіх сваякоў, акрамя старэнькай маці, а сябры з гарадзкога дэмакратычнага асяродку ведаюць толькі тое, што цяпер актывіст знаходзіцца пад вартай.
12 сакавіка каля 11-й гадзіны яго затрымалі ў машыне на аўтазапраўцы і павезьлі ў міліцыю. (чытаць цалкам)