Васіль Берасьнеў арыштаваны Аршанскім судом на 14 сутак.
Пачалі судзіць Андрэя Юркова
Актывіст прыехаў учора на марш «недармаедаў» у Воршу з Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці.
Журналістка Галіна Абакунчык аштрафаная судом на 25 базавых велічынь – 575 рублёў.
Судзяць Галіну Абакунчык: нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным шэсьці
Судзьдзя зачытала міліцэйскі пратакол, паводле якога Абакунчык была затрыманая і адмовілася назваць сябе — Абакунчык жа сьцьвярджае, што ў яе не пыталіся прозьвішча, проста гвалтам схапілі і пацягнулі. Яна заявіла ў судзе, што не прызнае сваёй віны, бо мела рэдакцыйнае заданьне і яго выконвала — асьвятляць мітынг у Воршы, а яе і іншых журналістаў «гвалтам схапілі і пацягнулі волакам ды заштурхалі ў пастарунак», некалькі гадзінаў трымалі без тлумачэньняў.
«Галоўны арганізатар акцыяў пратэсту — Лукашэнка, а дапамагае Шчоткіна», — заявіў на судзе Васіль Берасьнеў, якога судзяць сярод іншых за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў». Ён кажа, што «судзіць трэба сапраўдных арганізатараў», ён жа толькі ўдзельнічаў у мірным сходзе, да гвалту не заклікаў.
Берасьнеў тлумачыць: ён выйшаў наперад калёны, каб прадухіліць сутыкненьні з АМАПам, мірна давёў людзей да райвыканкаму.
#Судзяць Галіну Абакунчык: перайшла дарогу не ў неналежным месцы, удзельнічала ў несанкцыянаваным шэсьці… https://t.co/T8ga8UaNBi
— Радыё Свабода (@svaboda) 13.3.2017
У Берасьці - паўторныя прысуды тым, хто ўжо адсядзеў 5 сутак
Берасьцейцы Андрэй Дзянюшкін, Руслан Халікаў і Дзьмітры Ляўчук паўторна асуджаныя на 5 сутак за брыдкаслоўе. Паводле пратаколу, актывісты быццам бы лаяліся, калі выходзілі з папярэдняй 5-сутачнай адседкі, на якую трапілі за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.
БАЖ абскардзіць перашкоды журналістам з боку міліцыі
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што БАЖ будзе патрабаваць завядзеньня крымінальнай справы па факце перашкоды журналістам у іх прафэсійнай дзейнасьці:
«Будзем зьвяртацца з лістом у пракуратуру і, магчыма, у Сьледчы камітэт, каб расьсьледавалі абставіны таго, як міліцыянты перашкаджалі журналістам працаваць. За гэта трэба адказваць паводле закону. І, безумоўна, будзем скардзіцца міністру ўнутраных спраў Шуневічу на ягоных падначаленых».
Васіль Берасьнеў заявіў адвод суду з тае прычыны, што не давярае беларускаму правасудзьдзю. Судзьдзя адвод адхіліў.
Берасьнеў не адмаўляе ўдзелу ў мітынгу, гаворыць, што выступаў з тлумачэньнямі дэкрэту. Але яму замінала музыка на плошчы. Расказвае, што аршанскае кіраўніцтва схавалася ад народа.
Галіна Абакунчык не прызнае віны
Судзьдзя Іна Кохава судзіць карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці і ў тым, што перайшла дарогу ў неналежным месцы.
Галіна Абакунчык сказала, што не прызнае сваёй віны, бо мела рэдакцыйнае заданьне і яго выконвала — асьвятляць мітынг ў Воршы.
У Аршанскі суд прывезьлі сябра БХК Васіля Берасьнева, які вёў учорашні мітынг. Яго судзіць Ігар Палякоў.
У Аршанскі суд міліцыянты прывялі карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык
Вязьню на далі кубка папіць вады
Віктар Міхасёў распавёў пра ўмовы ў камэры ізалятару: жалезны двух’ярусны ложак, камэра на 4 вязьні, сядзеў не з актывістамі, пакармілі толькі раніцай, не далі кубка піць ваду, толькі міску кашы. Піў ваду з-пад крану.
Абакунчык пакуль не прывезьлі ў суд
У аршанскім ізалятары прысуджаны да штрафу Міхасёў ня бачыў Галіну Абакунчык, але бачыў маладую журналістку (відаць, Кацярыну Бахвалаву зь Белсату), пра якую міліцыянты казалі, што «яе на 15 сутак, на асабісты агляд».
Суд над блогерам Пятрухіным перанесьлі
Працэс берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна перанесьлі таксама на заўтра, на 10 гадзін. Да суду яго вызвалілі. Вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
Адміністрацыйныя справы берасьцейскіх затрыманых разглядае судзьдзя Ленінскага суду Аляксандар Семянчук.
Берасьцейскага блогера адпусьцілі да заўтра
Суд у Берасьці перанёс на заўтра справу блогера Дзьмітрыя Гарбунова на заўтра на 9.30, бо ён запатрабаваў адваката. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі — «Маршы недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.
Віктара Міхасёва аштрафавалі на 690 рублёў.
Міхасёў сказаў пасьля суду, што не шкадуе пра свой удзел у акцыі:
«Я салідарны з грамадзянамі краіны, якія незадаволеныя дэкрэтам № 3. Гэта была цалкам мірная акцыя, людзі маюць права на пратэст».
Дашкевіч вызвалены
Віктар Андрэеў пакараны арыштам на 13 сутак
Суд над Віктарам Андрэевым доўжыўся 20 хвілінаў. Нават не было сьведак, проста зачыталі пратакол, у якім было пазначана, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці і крычаў «Жыве Беларусь». Андрэеў пацьвердзіў, што ішоў разам зь іншымі, але віны не прызнаў.