Судзьдзя Аршанскага раённага суду Мікалай Драгуноў пакараў журналістку Свабоды Галіну Абакунчык штрафам у памеры 575 рублёў.
Галіну Абакунчык прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці 12 сакавіка ў Воршы.
У працэсе судзьдзя зачытаў міліцэйскі пратакол, паводле якога Абакунчык была затрыманая і адмовілася назваць сябе. Абакунчык жа сьцьвярджае, што ў яе не пыталіся прозьвішча, проста гвалтам схапілі і пацягнулі.
Абакунчык заявіла ў судзе, што не прызнае сваёй віны, бо мела рэдакцыйнае заданьне і яго выконвала — асьвятляць мітынг у Воршы. Яна кажа, што працавала разам зь іншымі журналістамі, вяла фота, — аўдыё- і відэаздымкі мітынгу ў Воршы — была там толькі з гэтай мэтай і нічога іншага не рабіла. Чаму была зроблена выснова, што яна такім чынам брала ўдзел у акцыі, яна не разумее.
«Вы выказвалі сваё меркаваньне?» — спытала судзьдзя.
«Я толькі камэнтавала шэсьце, працавала як журналіст, — адказала Абакунчык. — Хачу сказаць, што ўпершыню зьведала такі шок, за шмат гадоў на мяне ўпершыню нападалі міліцыянты. Нас груба схапілі чатыры амапаўцы, я казала, што мы журналісты. Гвалтам схапілі і пацягнулі волакам ды заштурхалі ў пастарунак. Я нават ня мела шанцаў і магчымасьці паказаць пасьведчаньне».
Абакунчык заяўляе, што ў міліцыі ў яе забралі тэлефон, заштурхалі ў кабінэт і ўтрымлівалі некалькі гадзін без тлумачэньняў, адмаўляліся прадставіцца.
«Казалі пры гэтым, што я не затрыманая, але і выйсьці на давалі, — дадае Абакунчык. — Калі я спрабавала пазваніць дамоў, бо ў мяне хворая маці, тэлефон вырвалі».
Іншых затрыманых праз пэўны час вызвалілі, а Абакунчык жа заявілі, што яна будзе здаваць адбіткі пальцаў. Яна адмовілася — яе заштурхалі ў іншы аддзел, пакінулі ў камэры, забралі ўсе рэчы, нават пярсьцёнак.
Пазьней да яе прыйшоў намесьнік начальніка РАУС Валодзькін і сказаў, што суд адбудзецца наступным днём, толькі пасьля гэтага Абакунчык азнаёмілі з пратаколам.
«Гэтыя дзеяньні лічу незаконнымі, — заявіла Абакунчык. — За ўсё маё знаходжаньне ў міліцыі ў мяне нават не прасілі дакумэнтаў. Сьведчыў Камароў Сяргей, камандзір АМАП з Віцебску. Чула пра нейкага „Міхалыча“, які мяне затрымліваў, але хто гэта — ня ведаю».
Судзьдзя зачытаў тлумачэньні Сяргея Камарова (у судзе яго няма). Пра Абакунчык ён казаў, што затрыманая была «грамадзянка ў блакітнай балёневай куртцы», якая адмовілася паказаць пашпарт. На гэта Абакунчык адказала: «Гэта хлусьня, што я адмовілася. Грубая хлусьня».
У судзе быў абвешчаны кароткі перапынак дзеля прагляду відэа падзеяў. У перапынку Абакунчык сказала журналістам, што журналісцкае пасьведчаньне вісела ў яе на шыі. Яна заяўляе, што міліцыянты казалі ёй: «Рашэньне адносна вас прымалі ня мы, а нашае кіраўніцтва».
Абакунчык абураецца: яна папярэджвала, што ў яе дома засталася старая маці і 13-гадовая дачка, на што міліцыянты не рэагавалі.
Мапа затрыманых па ўсёй Беларусі за «Маршы недармаедаў» (АБНАЎЛЯЕЦЦА)
Да «Маршаў недармаедаў» 12 сакавіка і пасьля іх было затрымана 19 журналістаў і блогераў, пяцёх будуць судзіць.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая казала, што будзе «прасіць Міністэрства ўнутраных спраў разабрацца, зрабіць выразныя захады», а дэпутатка Алена Анісім заўважала адносна затрыманьняў, што «нельга так расхістваць сытуацыю, бо яна невядома ў што перарасьце».