Як паведаміў Ігар Кузьняцоў прэс-службе «Беларускай асацыяцыі журналістаў», праз суд ён патрабуе абвяржэньня трох матэрыялаў, у якіх, на яго думку, распаўсюджаныя паклёпніцкія зьвесткі.
У некалькіх матэрыялах аўтар Андрэй Лазуткін называе заяўніка «фальсыфікатарам гісторыі, які атрымлівае фінансаваньне для ажыцьцяўленьня антыдзяржаўнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Таксама ў публікацыях газэты, разьмешчанай і на сайце КПБ, Кузьняцоў называецца «палкавым прапагандыстам», якому «сталінскія рэпрэсіі мрояцца ня толькі пад кожным кустом, але і пад кожнай памыйкай».
Перад падачай іску ў суд Ігар Кузьняцоў у пісьмовай форме зьвяртаўся да адказчыкаў з патрабаваньнем зьняць дадзеную інфармацыю з сайта, а таксама надрукаваць абвяржэньне ў дзесяцідзённы тэрмін, але адказу не атрымаў. Кузьняцоў дадаткова просіць спагнаць з адказчыкаў грошы, патрачаныя гісторыкам на зварот у суд. Першыя слуханьні па іску адбудуцца 23 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Менску.