Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як замест 950-годзьдзя Менску адзначылі «100-годзьдзе міліцыі» і паставілі помнік жандару


Бітва на Нямізе.
Бітва на Нямізе.

3 сакавіка 1067 году, роўна 950 гадоў таму, падчас бітвы на Нямізе каля Менску, князі кіеўскай дынастыі Ізяслаў, Сьвятаслаў і Ўсевалад перамаглі полацкага князя Ўсяслава Чарадзея. З гэтай летапіснай згадкі мы і адлічваем узрост цяперашняй сталіцы Беларусі.

Але сёньня ніхто афіцыйна юбілей не сьвяткуе. Ніхто не панясе ўскладаць кветкі, бо нават пры жаданьні іх няма куды пакласьці — у 950-гадовай сталіцы сувэрэннай дзяржавы няма помніка той бітве і той даце. Праект помніка на Нямізе, прапанаваны ў канцы 1970-х гадоў архітэктарамі Юрыем Градавым і Леанідам Левінам так і застаўся на паперы.

Ня будзе сёньня ўрачыстага паседжаньня з удзелам кіраўніцтва краіны, ня выйдуць новыя кнігі і альбомы, не адкрыюцца новыя музэі і экспазыцыі, а на вуліцах гораду мы ня ўбачым візуальнай рэклямы і плякатаў з нагоды юбілейнай даты.

Затое сёньня ў горадзе шырока адзначаецца 100-годзьдзе міліцыі. Вось вытрымка са стужкі анонсаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН за 3-4 сакавіка. Там няма ніводнай згадкі пра менскі юбілей, затое ёсьць наступнае:

«Пятница, 3 марта:

Минск. Празднование 100-летия белорусской милиции.
Возложение цветов к мемориальному знаку памяти генерал-полковника Сергея Саввича Бельченко — первого послевоенного министра внутренних дел.

Минск. Празднование 100-летия белорусской милиции.
Торжественный ритуал возложения венков к памятнику сотрудникам ОВД и военнослужащим внутренних войск МВД, погибшим при исполнении служебного и воинского долга.

Минск. Празднование 100-летия белорусской милиции.
Встреча министра Игоря Шуневича с членами семей погибших сотрудников ОВД и военнослужащих внутренних войск МВД.

Минск. Празднование 100-летия белорусской милиции.
Торжественное собрание и праздничный концерт.

Субота, 4 марта:

Минск. Празднование 100-летия белорусской милиции.
Сотрудники органов внутренних дел и военнослужащие внутренних войск МВД примут участие в торжественном марше на проспекте Независимости.

Минск. Празднование 100-летия белорусской милиции.
После шествия руководство МВД проведет серию встреч с делегациями правоохранительных органов иностранных государств.

У дадатак да гэтага 2 сакавіка ў Менску насупраць будынку МУС па вуліцы Гарадзкі Вал адкрылі помнік царскаму жандару (!) з сабачкам. Трагічная недарэчнасьць і іронія гэтай падзеі палягае ў тым, што стварэньне народнай міліцыі ў Менску пасьля Лютаўскай рэвалюцыі пачалося якраз з разбраеньня і выгнаньня царскіх паліцыянтаў 3 сакавіка...

Пра тое, што Камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага была створана на Гарадзенскім сойме 1793 году і пачала сваю працу 28 сьнежня таго ж году, чыноўнікі МУС, відаць, ня ведаюць. Ну а пра віжоў, возных, соцкіх і дзясяцкіх Вялікага княства Літоўскага XVI-XVIII стагодзьдзяў можна і ня згадваць...

Як ні дзіўна сувэрэнная Рэспубліка Беларусь, калі гаворка ідзе пра ўвагу да сталіцы і яе гісторыі, моцна прайграе не сувэрэннай БССР. У 1967 годзе, калі адзначалася 900-годзьдзе Менску, афіцыйныя ўрачыстасьці з удзелам Пятра Машэрава і іншых кіраўнікоў БССР, перанесеныя на больш цёплую пару, працягваліся два дні — 25 і 26 траўня. Было і ўрачыстае паседжаньне Гарсавету ў Палацы спорту, і канцэрт, і ўзнагароды, і грандыёзнае спартовае сьвята на стадыёне «Дынама», і сьвяточны салют. Цэлы горад быў пакрыты сьцяжкамі з арнамэнтам, плякатамі і стэндамі зь юбілейнай датай, а на Кастрычніцкай плошчы паставілі велізарны будаўнічы кран, які трымаў на страле макет генпляну сталіцы, што можна ўбачыць, напрыклад, тут.

У той год выйшла акадэмічная «Гісторыя Менску», быў урачыста адкрыты Дзяржаўны музэй БССР, заснаваная газэта «Вячэрні Менск», закладзены парк 900-годзьдзя Менску на беразе Чыжоўскага вадасховішча, мэмарыялізаваны падмурак першага менскага храму ХІ стагодзьдзя ў раёне Замчышча на беразе Сьвіслачы, выйшлі дакумэнтальныя фільмы, фотаальбомы, паштоўкі, маркі...

Сёньня ж, пашукаўшы ў інтэрнэце, я знайшоў, што Беларуская пошта выпусьціла блёк, прысьвечаны 950-годзьдзю Менску, а Нацыянальны банк плянуе выпусьціць юбілейныя манэты...

У перадачы «Зона Свабоды» на тэлеканале Белсат, якая выйшла 4 сакавіка, вы можаце паглядзець два апытаньні пра адрачэньне расейскага імпэратара Мікалая ІІ ад прастолу. Адно апытаньне праводзілася на вуліцах Магілёва, другое — у Санкт-Пецярбургу. Апытаньне ў паўночнай сталіцы Расеі было глядзець зайздросна. Там усе апытаныя ведалі і разумелі, пра што размова і мелі сваю думку на конт рэвалюцыі. А апытаньне ў Магілёве паказала, што людзі або ня ведалі, пра якую падзею ў іх пытаюць, або ня мелі наконт яе ніякай сфармаванай думкі.

Гэтая розьніца з усёй сілай выявіла, наколькі за апошнія 20 гадоў упаў узровень гуманітарных ведаў сярод народу. Гэта — вынік антыкультурнай, антыгістарычнай палітыкі ўлады, якая пачынае сваю гісторыю ад Другой сусьветнай вайны і нават дзень незалежнасьці цалкам недарэчна сьвяткуе 3 ліпеня.

Кажуць, што існуюць два тыпы памяці — кароткая і доўгатэрміновая. Але гісторыя ведае толькі адну памяць. Сапраўдную.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG