Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы Курапатаў


Анастасія Дашкевіч
Анастасія Дашкевіч

Ва ўлады не хапіла мужнасьці паставіць кропку ў сытуацыі з будоўляй у Курапатах, але розуму і такту хапіла ў забудоўнікаў-бізнэсоўцаў.

Улады нібыта казалі пра каштоўнасьць Курапатаў, ладзілі круглыя сталы і рабілі адпаведныя заявы. Але цягнулі, цягнулі, цягнулі, бо ня звыклі браць на сябе адказнасьць пакуль галоўнакамандуючы ня скажа, што рабіць.

Галоўная адметнасьць цяперашняй кампаніі ў абарону Курапат — тое, што грамадзкія ініцыятывы, прыватны бізнэс, СМІ у адзін голас казалі пра каштоўнасьць народнага мэмарыялу. Кампанія «Атлант-тэлеком» распачала гістарычную рубрыку ў сацсетках, дзе пад агульным хэштэгам распавядала пра #Курапаты. Пад важным для нашага грамадзтва слоганам: Таму што пра гэта трэба гаварыць.

Усе кажуць спакойна, упэўнена, не азіраючыся на дазвол.

Страх адступае. На яго месца прыходзіць разуменне, што пра гэта трэба гаварыць. Усе кажуць спакойна, упэўнена, не азіраючыся на дазвол: Нобэлеўскі ляўрэат, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, рэдактар «Саўбелкі» і нават намесьнік кіраўніка КДБ. А гэта ўжо многа.

Мой нізкі паклон усім абаронцам Курапатаў, усім валянтэрам, тым, хто забясьпечваў актывістаў ежай, вопраткай, фінансамі, хто падтрымліваў прысутнасьцю і сваёй творчасьцю. Нізкі паклон усім, хто не маўчаў, хто ня быў абыякавы. Гэта ня толькі перамога абарончага лягеру — найперш гэта вялікі здабытак грамадзянскай супольнасьці, бо так выпрацоўваецца мэханізм грамадзкага кантролю і салідарнасьці.

Актывісты, валянтэры, журналісты, блогеры — мужчыны, жанчыны, дзеткі — усім вам вялікі дзякуй!

Для чыноўнікаў гэта нешта новае, калі цяпер трэба лічацца з людзьмі.

Гэта, вядома ж, не канец. Што зробіць адміністрацыя горада — мы ня ведаем. Але гэта будзе ўжо іншая гісторыя. З такой камандай, з такой падтрымкай на многае спадар Шорац будзе ня здольны. Думаю, для чыноўнікаў гэта нешта новае, калі цяпер трэба лічацца з людзьмі, якія ўрэшце паверылі, што яны на нешта здольныя.

Зараз у бой пойдуць юрысты ды іншыя адмыслоўцы, каб вярнуць ахоўную зону ў межах 2013 года як фактычна, гэтак і паводле дакумэнтаў.

У гэтай сытуацыі могуць выйграць усе. Забудоўнік, які паказаў сябе чалавекам і палепшыў рэпутацыю у вачох грамадзкасьці. Грамадзтва — якое атрымала прыклад мэханізма грамадзкага кантролю, а таксама новых маладых і актыўных лідэраў. І нават улады — якія могуць з гэтага канфлікту выйсьці годна, калі прыміраць людзей вакол памяці нявінна забітых і паскораць афармленьне ахоўнай зоны і ўсталяваньне кансэнсусу аб Курапатах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG