Беларусь з найвялікшай павагай ставіцца да Грузіі і яе народу, заявіў Аляксандар Лукашэнка сёньня на перамовах з прэзыдэнтам Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі, якія праходзяць у фармаце «сам-насам», перадае карэспандэнт БелТА.
«Вітаю вас як сябра!», — зьвярнуўся да Гіёргі Маргвэлашвілі Аляксандар Лукашэнка ў сваім прывітальным слове.
«Мы заўсёды рады бачыць нашых грузінскіх братоў у Беларусі. У нас больш чым агульная гісторыя. На тэрыторыі Беларусі за яе вызваленьне змагаліся тысячы грузінскіх грамадзян. Шмат, на жаль, загінула нашых братоў-грузінаў, вызваляючы і абараняючы Беларусь. Гэта тая частка гісторыі, якая ніколі не забываецца і ня можа быць забытая. Таму вы для нас вельмі блізкія людзі і мы заўсёды з найвялікшай павагай ставіліся і ставімся ня толькі да вашай гісторыі, але і да людзей, якія пражывалі на гэтым гераічным кавалку зямлі, імя якому сёньня — вольная і незалежная Грузія», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Ён зьвярнуў увагу, што краіны ня маюць супярэчнасьцяў у палітычных дачыненьнях, і падзякаваў Гіёргі Маргвэлашвілі за тую пазыцыю, якую займае Грузія ў міжнародных арганізацыях, падтрымліваючы Беларусь.