Цягам рэканструкцыі Менскай кальцавой дарогі ля ўрочышча Курапаты археолягі Інстытута гісторыі назіраюць за ходам земляных работаў. Галоўным чынам гэтым займаецца старэйшы навуковы супрацоўнік інстытуту археоляг Алег Іоў.
Іоў: Да вясны будаўнікі павінны зрабіць яшчэ дзьве працы, якія зьвязаныя зь землянымі работамі. З правага боку дарогі, бліжэй да гораду будзе праводзіцца вадавод, і невялікая траншэя будзе рабіцца пад калектарам, каб сьцякала вада да трубы, якую зараз ужо праклалі. І на пляцоўцы ля Крыжа Пакутаў таксама будзе зроблены невялікі калектар, троху ўздымуць узровень грунту. І потым, калі будут ставіцца падпорныя сьценкі, вялікіх працаў ня будзе, але трэба паглядзець, як гэта будуць рабіць.
Алег Іоў браў удзел у раскопках у Курапатах разам зь Зянонам Пазьняком. Тады археалягічныя раскопкі ініцыявала пракуратура пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка "Курапаты – дарога сьмерці". Паводле Алега Іова, адмысловыя археалягічныя раскопкі дзеля пошуку масавых пахаваньняў і вызначэньня імёнаў ахвяраў палітычных рэспрэсіяў у Беларусі дагэтуль не праводзіліся.
Іоў: Як польскія навукоўцы ў Катыні ды іншых месцах рабілі адмысловыя археалягічныя дасьледваньні месцаў рэпрэсіяў. У нас жа ані спэцыяльна, ані мэтанакіравана мы там не капалі. Мы капалі ў сувязі са сьледзтвам, і былі прыцягнутыя туда як спэцыялісты, як экспэрты. Але адмысловых раскопак не было, не вялося, і не вядзецца зараз.
Карэспандэнтка: Ніколі не было ў гісторыі Беларусі?
Іоў: Не, ніколі.
Карэспандэнтка: А калі параўнаць з польскім, расейскім ці ўкраінскім досьведам...
Іоў: Украінцы вялі. Ва Ўкраіне знайшлі месца, дзе быў пахаваны брат Янкі Брыля. Там такія дасьледваньні вяліся, не ў сувязі са сьледзтвам, а усё ж мэтанакіравана. А ў нас не, хаця месцы ёсьць, якія можна было б дасьледваць.
Карэспандэнтка: Якія?
Іоў: Лошыца, у Менску некалькі такіх месцаў. Калі тут быў яшчэ Зянон Станіслававіч, хацелі раскапаць, прашурфаваць Лошыцу. Але буквальна за дзень да таго, як мы туды зьбіраліся, гэтае месца засыпалі гравіем і пабудавалі там гараж!
Карэспандэнтка: У якіх месцах у Беларусі цяпер можна й варта правесьці археалягічныя раскопкі, каб дасьледваць месцы масавых пахаваньняў?
Іоў: Практычна кожная турма. Дзе былі турмы, там растрэльвалі. Гэта Вілейка, Горадня. Асабліва 41 год, калі пачалася вайна, усе палітычныя, якія там былі, усе загінулі каля турмы. Я ведаю, што каля Пінску ёсьць такія месцы...
Наступная мая суразмоўца – старэйшая навуковая супрацоўніца Інстытута гісторыі Валянціна Вяргей. Паводле яе, толькі цяпер межы курапацкага ўрочышча будуць нанесеныя на мапу Генэральнага пляну разьвіцьця Менску.
Вяргей: Гэты помнік нават ня быў нанесены на Генплян. Зараз гэтыя работы вядуцца. Межы пазначаныя на мясцовасьці. Цяпер стаіць задача вызначыць іхныя каардынаты й зьмясьціць на Генэральным пляне развіцьця Менску.
Валянціна Вяргей распавяла, што раней ў Інстытуце гісторыі працавала навуковая група, якая дасьледвала гісторыю палітычных рэпрэсіяў.
Вяргей: У інстытуце ў нас была група па дасьледваньні палітычных рэпрэсіяў. Зараз яна скасаваная.
Карэспандэнтка: Калі?
Вяргей: Пасьля 1996 году. Яшчэ быў аддзел пры архіўным упраўленьні – зьбіраўся кампутаровы архіў рэспрэсаваных у Беларусі. Зараз звесткі з гэтых кампутаровых архіваў перададзеныя па абласьцях, нават у абласныя публічныя бібліятэкі. Але доступ да іх закрыты, лічыцца, што яны ў распрацоўцы знаходзяцца.
Валянціна Вяргей мяркуе, што трэба наноў ствараць адмысловы цэнтар дасьледваньняў гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, і менавіта цяперашнія падзеі ў Курапатах могуць паспрыяць гэтаму.
21.01.2002