Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пастух не наезьдзіцца». Статкевіч адказвае крытыкам і агучвае плян дзеяньняў


Адзін з арганізатараў менскага «Маршу абураных беларусаў» 17 лютага Мікола Статкевіч распавёў Свабодзе пра мэту і пляны акцыяў пратэсту. У інтэрвію мы задалі палітыку пытаньні, якія гучалі падчас апошніх мітынгаў і шэсьцяў «недармаедаў» у розных гарадах краіны.

Чаму на дэманстрацыі ў Віцебску не было лідэраў апазыцыі? Чаму ніхто не паклапаціўся пра гукаўзмацняльную апаратуру? Чаму не было агучана патрабаваньняў да ўлады? І ці ёсьць увогуле ў ініцыятараў маршаў «недармаедаў» мэта і плян дзеяньняў?

«У нас была дылема: разьяжджацца і рабіць самім у правінцыі, ці проста даць людзям магчымасьць зрабіць пэўныя памылкі. Пакуль у мяне такое адчуваньне, што гэтыя акцыі бясьпечныя. Гэта магчымасьць набыць бясцэнны досьвед і навучыцца. У Віцебску на сябе адказнасьць браў рэгіянальныя каардынатар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Гэта вельмі малады лідэр, які ня мае амаль ніякага досьведу. Перада мною стаяла пытаньне? Ехаць туды, каб мясцовыя хадзілі за мною хвосьцікам, ці каб яны самі навучыліся» — кажа Статкевіч.

Марш "недармаедаў" у Віцебску.
Марш "недармаедаў" у Віцебску.

Паводле яго, у пятніцу сытуацыя ў Віцебску разглядалася на сходзе БНК. На сустрэчы было прынятае рашэньне, каб ва ўсіх рэгіёнах даць людзям магчымасьць павучыцца праводзіць акцыі пратэсту.

«Зрэшты, і нашыя магчымасьці не бязьмежныя. Мы хацелі дапамагчы тэхнікай. Але патрэбны таксама досьвед, каб гэтую тэхніку даставіць. Да Віцебска чалавек з тэхнікай не даехаў, яго затрымала міліцыя. Патрымалі яго гадзінку, пакуль там усё скончылася, і выпусьцілі. Але акцыя адбылася. На ёй былі паўтораныя патрабаваньні, якія мы агучвалі на акцыі ў Менску 17 лютага. Там таксама гучаў прапанаваны намі лёзунг „Basta“. Людзі вучацца і няхай» — лічыць Мікола Статкевіч.

Палітык распавёў, што БНК рыхтуе да публікацыі кароткую інфармацыю пра арганізацыю. Там будуць усе кантакты, у тым ліку і тэлефоны рэгіянальных каардынатараў. Зацікаўленыя змогуць па гэтых нумарах запісацца ў валянтэры БНК.

«Калі людзі наракаюць, што ніхто не зьбірае грошай на апаратуру, ці для наступных акцыяў, а яны, маўляў, хочуць ахвяраваць, то няхай чакаюць. У нашых профілях у сацыяльных сетках будуць прозьвішчы. Дамаўляцеся і скідвайцеся на гэтую тэхніку самі. Ніхто іншы ня будзе гэтым займацца. — кажа палітык. — Людзі разумеюць і дзякуюць. Трэба разумець, што адзін пастух туды не наезьдзіцца. Тым больш, што з адным пастухом можна што заўгодна зрабіць. Лепш няхай ідзе самаарганізацыя праз памылкі».

Статкевіч заклікаў рыхтавацца да Дня Волі ў Менску і папрасіў арганізатараў акцыяў у іншых гарадах адмовіцца ад правядзеньня ў гэты дзень мітынгаў у іншых гарадах.

"Марш абураных беларусаў" у Менску, 17 лютага
"Марш абураных беларусаў" у Менску, 17 лютага

«Праблема вырашаецца ў Менску. 25 сакавіка трэба быць тут. Калі прыйдзе некалькі дзясяткаў тысяч, тады 26-га мы паедзем у рэгіёны. І ўжо там будзем удзельнічаць і выступаць разам. А калі 25-га сакавіка людзей прыйдзе больш, чым я мяркую, то магчыма, што людзі і не захочуць разыходзіцца. І тады тым больш будуць патрэбныя акцыі ў рэгіёнах, каб адтуль розныя АМАПы не ехалі ў Менск. Каб людзі змаглі спакойна і мірна працягваць свой пратэст. Наша сытуацыя вельмі далікатная. Мы мусім моцна прыціснуць уладу, каб прымусіць яе саступіць народу. Але пры гэтым нельга даць магчымасьці для зьнешняга ўмяшаньня. Трэба дзейнічаць па адным пляне. Ён у нас ёсьць. Мы па ім працуем. Паверце нам!» — заявіў Мікола Статкевіч.

Першая акцыя супраць падатку на «дармаедзтва» 17 лютага ў Менску была арганізаваная Беларускім нацыянальным кангрэсам. У яго ўваходзяць 7 агульнанацыянальных арганізацыяў і 13 рэгіянальных кааліцыяў. Акцыі ў рэгіёнах арганізоўваліся мясцовымі апазыцыйнымі актывістамі, якія прадстаўлялі розныя партыі і рухі, або наагул адбываліся стыхійна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG