Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэты дзень 15 гадоў таму валянтэры падсумоўвалі вынікі пяці месяцаў вахты памяці ў Курапатах


Вайсковы намёт валянтэраў
Вайсковы намёт валянтэраў

Мы працягваем знаёміць з публікацыямі з архіву Свабоды, прысьвечанымі Курапатам. Вось што адбывалася 15 гадоў таму ў лягеры абаронцаў Курапатаў.

Спадар Яўген падкідвае ў буржуйку сухія дровы. Ён жыве ў суседнім мікрараёне, часта наведвае абаронцаў Курапатаў.

Яўген: Дапамагаю хлопцам, усё ж я старэйшы. Зрабіў ім два тапарышчы. Мяне прасілі, бо тут ніхто ня мог зрабіць. Дапамагаю, нейкія парады даю. Трэба закончыць ужо гэтую справу — агароджу каб зрабілі, каб ахова была. Каб уся краіна й горад адчулі, што тут ня месца для выгулу сабак...

Эпідэмія грыпу ў Курапатах ужо скончылася, але многія валанцёры зараз пакутуюць ад наступстваў хваробы. Антось Шкурынскі пачуваецца сёньня ня вельмі добра.

Шкурынскі: У Цімура пайшло ўскладненьне на вушы, а ў мяне на лёгкія — бранхіт. Спрабую лекавацца, чым магу. Нам прыносяць розныя вітаміны, прымушаюць есьці мёд. Спрабуем лячыцца, але яшчэ й працаваць трэба.

У мінулую нядзелю споўнілася роўна пяць месяцаў, як у Курапатах пачалася вахта памяці. Многія прыйшлі павіншаваць валанцёраў з гэтай датай. Бабулькі, як іх называюць валанцёры, прынесьлі пірагоў і прысмакаў. Глеб Вязоўскі, які зь першых дзён бярэ ўдзел у вахце памяці, спадзяецца, што ўвесну да сталых абаронцаў Курапатаў далучацца новыя добраахвотнікі.

Вязоўскі: Людзей не хапае. Людзі тут ужо маральна стаміліся, дзяжураць ужо вельмі шмат, таму трэба калі-нікалі, хоць раз на два тыдні, выяжджаць у горад, каб крыху разьвеяцца. Я мяркую, што мы тут будзем сядзець да таго, як пачне будавацца мэмарыял. Калі мы на 100 адсоткаў будзем упэўненыя, што мэмарыял будзе пабудаваны, тады, мабыць, сыдзем.

Пакуль ідзе нашая гутарка, макароны з тушонкай амаль гатовыя. Валанцёрам даводзіцца купляць танныя макароны, якія хутка разварваюцца й ператвараюцца ў месіва. Але за гэтыя месяцы дзяжурства старшы па лягеры Алесь Гетман навучыўся гатаваць так, каб макароны не гублялі форму. Скончыўшы кухарскія справы, Алесь пачынае падсумоўваць вынікі пяцімесячнай вахты:

Гетман: Шмат чаго мы дасягнулі. Зараз тут будзе пабудаваны мэмарыял. Гэта ўсё цягнецца з 1989 году, амаль што 13 гадоў. А цяпер моладзь паказала, што яна больш працаздольная, хаця мы й працуем са старэйшай ініцыятывай. Але ўсё роўна, я мяркую, што калі б мы тут не сядзелі, тут нічога б не пабудавалі яшчэ дзесяць гадоў.

Алесь Гетман паказвае мне кнігі, што надоечы зьявіліся ў курапацкай бібліятэцы — гэта “Кар’ер” Васіля Быкава, брашуры пра Курапаты, Хатынь і Трасьцянец, усе творы, прысьвечаныя трагічным падзеям у гісторыі Беларусі. Але мэмарыял створаны пакуль толькі ў Хатыні.

26.02.2002
***
Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG