Шосты дзень абароны Курапатаў: «Дзясяткі, сотні бароняць нацыянальную сьвятыню»
Цэлы дзень у Курапатах знаходзяцца старшыні Партыі БНФ і Моладзі БНФ Аляксей Янукевіч і Юрась Лукашэвіч, а таксама лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. Падтрымаць абаронцаў прыходзілі старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сябра руху «За свабоду» Віктар Янчурэвіч.
Сярод актыўных абаронцаў намётавага гарадку - актывісты Павал Вінаградаў з жонкай Сьвятланай, Вольга Мікалайчык, Ганна Шапуцька, Наста Дашкевіч, Уладзь Яроменак, Арцём Леўчанкаў.
Субота праходзіць спакойна, будоўля не аднавілася, хаця каля мястэчка пастаянна дзяжурыць легкавік з двума супрацоўнікамі ў цывільным, якія пэрыядычна здымаюць тое, што адбываецца навокал.
Каля намётавага гарадка ўжо чатыры крыжа. Дашкевіч кажа, што гэта - маральная абарона ад тэхнікі і будаўнікоў, якія, як мяркуецца, адновяць будоўлю ў панядзелак а 8 гадзіне раніцы. Таксама актывісты паставілі вялікі вайсковы намёт, у якім будзе арганізавана ацяпленьне і некалькі чалавек зможа там спаць ноччу.
У Курапаты на вазку
Сёньня ў Курапаты прыехалі чатыры актывісты са Сьветлагорску, сярод іх Юры Ляшэнка, сябра Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
«Гэтае месца — памяць нашых продкаў, я ня мог зрабіць іначай. У Менску два мільёны жыхароў, калі з кожнага двара выйдзе хоць па адным чалавеку, усе зьменіцца. Але добра, што людзі ёсьць, бачна, што ня ўсе абыякавыя».
Някляеў дапамагае ўсталёўваць намёт
Паэт, былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў разам з актывістамі ўсталёўваў вялікі намёт, у якім будзе больш зручна несьці начныя зьмены ў Курапатах.
«Гэта спроба нарэшце вырашыць, што такое для нас Курапаты. Ці гэта сьвятыня, ці гэта нацыянальная памяць, без якой ня будзе нацыі і народу, ці гэта месца, дзе зямлю можна купіць за хабар, як купіў „Бульбаш-хол“ і гэты новы забудоўшчык, — сказаў Уладзімер Някляеў Свабодзе.
Ля Курапатаў гатуюць куцьцю салідарнасьці і ўсталёўваюць крыжы
Паводле грамадзкай актывісткі Вольгі Мікалайчык, такім чынам удзельнікі абароны адзначаць масьленічныя Дзяды.
Наста Дашкевіч: Калі б 20 чалавек сталі ў ланцуг, нікому не давялося б класьціся пад колы
Наста Дашкевіч прыйшла ў лягер абаронцаў Курапатаў першы раз, хоць яе муж Зьміцер Дашкевіч зьяўляецца адным зь лідэраў абаронцаў і знаходзіцца каля месца будоўлі штодня. Дзеці Дашкевічаў — трохгадовая Мара і аднагадовы Давід — засталіся ў царкве пад добрым наглядам сяброў сямейнай пары.
«Толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы сказаць, што мы ня згодныя. Калі б гэта адбылося некалькі год таму, я б сказала, што гэта ўсяго толькі маральны крок, што мы дэманструем маральны ўчынак. Але цяпер ёсьць рэальная магчымасьць адбіць гэтую будоўлю. І рэальная магчымасьць заявіць, што мы нешта можам. Таму я вельмі заклікаю прыходзіць сюды. Склалася такая сытуацыя, калі мы можам нешта вырашыць. Прыходзьце, калі ня хочаце пасьля шкадаваць, што вы не былі суаўтарамі гэтага працэсу», -- кажа Наста Дашкевіч.
Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў шукаць «прымальнага ўсімі вырашэньня» канфлікту ў Курапатах
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у адмысловай заяве адзначыў, што сытуацыя з будаўніцтвам бізнэс-цэнтру побач з урочышчам Курапаты «як сьнежная лявіна, пачала выходзіць з-пад кантролю і пагражаць эскаляцыяй сацыяльнай напружанасьці».
Кандрусевіч кажа, што сытуацыя, якая склалася сёньня вакол Курапатаў, ніколі б ня ўзьнікла, калі б пасьля адкрыцьця парэшткаў забітых у Курапатах людзей былі зробленыя адпаведныя дасьледаваньні і была канкрэтна абазначаная тэрыторыя пахаваньняў.
Гайдукевіч заклікаў спыніць будаўніцтва ў Курапатах, але далучыцца да пратэстаў не гатовы
Лібэральна-дэмакратычная партыя распаўсюдзіла адмысловую заяву наконт сытуацыі вакол Курапатаў, дзе заклікала «неадкладна замарозіць будаўніцтва». ЛДП заяўляе, што ўлады «праспалі народны пратэст», і заклікае праваахоўныя органы расьсьледаваць, як быў атрыманы дазвол на будаўніцтва ля Курапатаў. «Беларусь пацярпела ад рэпрэсіяў больш, чым многія іншыя рэспублікі. То давайце жыць і ставіцца да сумных старонак нашай гісторыі па-чалавечы!» — адзначаецца ў заяве.
«Людзі тут не адступяць і мы зь імі», — працаўнікі БелАЗу прыехалі ў Курапаты падтрымаць актывістаў
Жодзінцы Аляксей з сынам Данілам і Канстанцін з жонкай Інай адмыслова прыехалі ў Менск, каб далучыцца да абаронцаў Курапатаў. Жодзінцы прывезьлі актывістам прадукты, а таксама дровы, каб тыя маглі паліць «буржуйку». «Нельга з гэтым пагаджацца, што не шануюць памяць продкаў, не берагуць традыцыяў, думаюць толькі пра тое, як бы зарабіць. Гэта сьвятое для беларусаў месца, больш ня трэба тут нічога будаваць, усё гэта месца мусіць быць помнікам», — тлумачыць Аляксей, чаму вырашыў падтрымаць абаронцаў Курапатаў.
Раніца ў Курапатах: працы на будоўлі не адноўленыя, у лягеры пануе аптымістычны настрой
Раніцай а 8-й у лягеры абаронцаў Курапатаў адбыўся агульны сход на які сабраліся каля 50 чалавек. На сходзе прысутнічалі як моладзь, так і мясцовыя жыхары. Ад раніцы ў лягеры знаходзіліся старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сустаршыня БХД Павал Севярынец.
У лягеры абаронцаў Курапатаў пануе аптымістычны настрой. Удзельнікі сходу лічаць, што пасьля учорашніх падзеяў улады ўсё ж могуць пайсьці на некаторыя саступкі, бо цяпер зразумела, што грамадзкасьць у любым выпадку не дапусьціць тут будоўлі. Людзі нясуць абаронцам Курапатаў шмат прадуктаў. Плот ад раніцы актывісты пачалі абклейваць партрэтамі рэпрэсаваных у сталінскія часы, а таксама фатаздымкамі костак закатаваных у Курапатах, якія былі зробленыя падчас раскопак. Яшчэ ўвечары на плоце ўздоўж кальцавой дарогі зьявілася чорная расьцяжка «Спыніце будоўлю на касьцях!». У лягеры цяпер разьмешчаныя 4 намёты і 6 бел-чырвона-белых сьцягоў.
Павал Севярынец аб’явіў, што заўтра а 11-й будзе наладжаная экскурсія ў Курапаты для ўсіх зацікаўленых, якую будзе весьці экспэрт па Курапатах Валерыя Чарнаморцава. Ён заклікаў 1 сакавіка ісьці на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца.
***
Каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру.
Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.
Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.
Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.
Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).