Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прэзэнтуюць падрыхтоўку да форуму арганізацыі ў Менску


Прэзэнтацыя Беларусі як месца правядзеньня ў ліпені 2017 году штогадовай летняй сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адбудзецца 24 лютага ў Вене на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі.

Само пасяджэньне пачалося сёньня. У ім удзельнічае і беларуская дэлегацыя, у якую ўвайшлі намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук і старшыні міжнародных камісіяў дзьвюх палат Нацыянальнага сходу — Сяргей Рахманаў і Валер Варанецкі. Яны будуць працаваць у Сталым і трох агульных камітэтах Асамблеі: па палітычных пытаньнях і бясьпецы; па эканамічных пытаньнях, навуцы, тэхналёгіі і навакольным асяродзьдзі; па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях.

Палітоляг Андрэй Фёдараў, які ня раз удзельнічаў у падобных пасяджэньнях як міжнародны сакратар парлямэнцкіх дэлегацыяў Беларусі, спачатку афіцыйных, а пасьля і неафіцыйных, кажа Свабодзе:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Роўна 20 год таму, у 1997 годзе, у той жа Вене, на гэткім жа пасяджэньні са складу Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ выключылі Нацыянальны сход Беларусі, а замест яго ў асамблею ўвайшоў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Гэткім чынам бальшыня краінаў Парлямэнцкай асамблеі адрэагавала на так званы рэфэрэндум, які праходзіў у лістападзе 1996 году. Міжнародныя парлямэнтары палічылі, што ён прайшоў са шматлікімі парушэньнямі заканадаўства.

Беларускія ўлады пасьля доўга дамагаліся, каб урэшце Парлямэнцкая асамблея ўсё ж вярнула паўнамоцнае прадстаўніцтва двухпалатнаму Нацыянальнаму сходу. У 2004 годзе ў Эдынбургу працоўная група Парлямэнцкай асамблеі па Беларусі, якой кіравала Ута Цапф, і дэлегацыя Нацыянальнага сходу падпісалі сумесную заяву аб супрацы. Менавіта гэты дакумэнт адкрыў дарогу „прызначаным“ дэпутатам у Парлямэнцкую асамблею. Хоць шмат якія абяцанкі, узятыя на сябе, афіцыйны беларускі бок так і ня выканаў нават дагэтуль».

Спадар Фёдараў выказаў і сваё меркаваньне, чаму ўлады Беларусі так моцна зацікаўленыя арганізацыяй штогадовай сэсіі ПА АБСЭ ў Менску:

«Летняя сэсія — гэта найбуйнейшы форум Парлямэнцкай асамблеі цягам каляндарнага году. І тут зацікаўленасьць выразная. Па-першае, правядзеньне сэсіі ў сталіцы Беларусі — гэта яскравы доказ свайму электарату, што ніякай міжнароднай ізаляцыі няма. І што да нас едуць ня толькі з Афрыкі ці Азіі, а і з Эўропы, і з Амэрыкі, бо ЗША таксама ўваходзяць у АБСЭ. А паколькі міжнародныя дэпутаты нярэдка прыяжджаюць на летнюю сэсію са сваімі памочнікамі, экспэртамі і нават семʼямі, то тут зьбярэцца болей за паўтысячы чалавек. Уяўляеце, як можна паказаць такі форум праз тэлебачаньне?!

Другая мэта — пераканаць тых, хто сюды прыедзе, што ў Беларусі ўсё добра, што тут няма напружаньня. Карацей, улады хочуць ад сэсіі для сябе палітычных дывідэндаў. Таму яны і дамагліся правядзеньня мерапрыемства ў Менску.

Улады хочуць ад сэсіі для сябе палітычных дывідэндаў. Таму яны і дамагліся правядзеньня мерапрыемства ў Менску

Але гэта больш складаная задача, бо міжнародныя дэпутаты збольшага ведаюць сапраўдны стан рэчаў у Беларусі. А калі хто вагаецца, то прыёмы ў Менску, магчыма, паспрыяюць ягоным сымпатыям да ўладаў».

Андрэй Фёдараў тлумачыць, што АБСЭ выступае ў двух вымярэньнях:

«З аднаго боку — як сама міжнародная арганізацыя. У ёй больш за 50 краінаў. Але калі разам у адных шэрагах, напрыклад, Швэцыя і Туркмэністан, дык тут цяжка знайсьці паразуменьне.

Да таго ж рашэньні АБСЭ ня маюць абавязковай сілы. Больш за тое, яны прымаюцца выключна кансэнсусам. І толькі калі нейкая рэзалюцыя скіраваная супраць канкрэтнай краіны, ужываюць формулу „кансэнсус мінус адзін“. Чым і карыстаецца, дарэчы, тая ж Расея, якая з дапамогай некалькіх хаўрусьнікаў блякуе важныя рашэньні. Нават асудзіць яе з гэтай прычыны юрыдычна немагчыма.

Парлямэнцкая асамблея — гэта як бы частка арганізацыі, яе парлямэнцкая структура, парлямэнцкае вымярэньне. Тут рашэньні прымаюцца бальшынёй, што значна прасьцей. Але ня ўсе краіны, якія ўваходзяць у Асамблею, лічаць іх абавязковымі для выкананьня.

Ужо шмат гадоў з розных бакоў кажуць, што АБСЭ трэба абавязкова рэфармаваць. Ствараліся так званыя „групы мудрацоў“. Але пакуль усё застаецца так, як і раней».

АБСЭ ўтварылі ў 1995 годзе ў Хэльсынкі. Тады ў ёй было 33 дзяржавы, цяпер — 57.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG