Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: прызнаньне Расеяй «дакумэнтаў» «ДНР» і «ЛНР» падрывае мірныя намаганьні ва Ўкраіне


Лямбэрта Дзаньер (Lamberto Zannier)
Лямбэрта Дзаньер (Lamberto Zannier)

Генэральны сакратар Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Лямбэрта Дзаньер заявіў, што рашэньне Расеі прызнаць некаторыя «дакумэнты», якія выдаюцца ўстановамі сэпаратыстаў на акупаванай частцы Данбасу, пашкодзіць магчымасьцям умацаваць замірэньне.

Як сказаў Дзаньер у інтэрвію Радыё Свабода на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў справе бясьпекі, гэты крок Расеі стаў крокам назад ад і так «вельмі далёкай» мэты спыніць вайну на Данбасе.

Гэты крок ускладніць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў, сказаў Дзаньер і таксама падкрэсьліў, што рашэньне прызнаваць такія «дакумэнты», «вядома ж, фактычна азначае ... прызнаньне і тых, хто выдае гэтыя „дакумэнты“».

Указ прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб прызнаньні ягонай краінай некаторых «дакумэнтаў», якія выдаюцца незаконнымі органамі на акупаваных частках Данецкай і Луганскай абласьцей па-за прававым полем Украіны, ужо выклікаў рэзкую крытыку.

Амбасадар ЗША ва Ўкраіне заявіў, што гэты крок Расеі выклікае неспакой, таму што ён несумяшчальны з мэтамі, пра якія дамовіліся ў Менску, калі заключалі менскія пагадненьні.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў рашэньне Ўладзіміра Пуціна чарговым доказам расейскай акупацыі часткі Данбасу і парушэньнем міжнароднага права. «Вельмі сымбалічна і цынічна, што гэта адбылося падчас правядзеньня Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў справе бясьпекі», — дадаў ён.

Міністэрства замежных спраў Украіны рашуча асудзіла рашэньне Расеі і заявіла, што яно дэ-факта зьяўляецца прызнаньнем нелегітымных органаў, якія кантралююцца Расеяй на акупаваных украінскіх тэрыторыях Данбасу.

А сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што, падпісаўшы гэты ўказ, прэзыдэнт Расеі «юрыдычна прызнаў квазідзяржаўныя тэрарыстычныя групоўкі, якія ... прыкрывалі акупацыі Расеяй часткі Данбасу», і падкрэсьліў, што такі крок Крамля цалкам перакрэсьлівае «Менскі працэс» і прыраўноўваецца да заявы Расеі аб выхадзе зь яго.

У суботу прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ, якім прызнаў некаторыя «дакумэнты», выдадзеныя органамі або арганізацыямі, што фактычна дзейнічаюць на тэрыторыі асобных раёнаў Украіны, цяпер захопленых групоўкамі «ДНР» і «ЛНР», у прыватнасьці «дакумэнты», якія пацьвярджаюць асобу.

Рашэньне тычыцца такіх «дакумэнтаў», выдадзеных грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства, якія стала жывуць на тэрыторыі АРДЛА, і дзейнічае часова — «на пэрыяд да палітычнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны на падставе менскіх пагадненьняў» (дамоўленасьцяў, якія прадугледжваюць вяртаньне гэтых раёнаў пад кантроль Кіева).

Паведамленьне аб гэтым Крэмль апублікаваў якраз у той час, калі ў Мюнхэне на палях канфэрэнцыі бясьпекі сустракаліся ў «нармандзкім фармаце» міністры замежных спраў Расеі і яшчэ трох краін. Кіраўнікі МЗС Украіны, Нямеччыны і Францыі даведаліся пра ўказ ужо пасля завяршэньня сустрэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG