Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: «Усё больш змрочны і ўсё менш стабільны сьвет»


Міжнародная праваабарончая арганізацыя прадставіла штогадовы аглядны даклад аб захаваньні правоў чалавека, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала чарговы гадавы даклад «Правы чалавека ў сьвеце 2016/2017», які пачынаецца з сумнай канстатацыі: «У 2016 годзе дзяржавы і ўзброеныя групоўкі ўчынялі шматлікія парушэньні правоў чалавека, і для мільёнаў людзей гэты год стаў годам пастаянных пакут. Авіяўдары і вулічныя баі ператварылі ў руіны значную частку самага буйнога сырыйскага гораду Алепа, а ў Емэне працягваліся жорсткія напады на цывільнае насельніцтва. Сьвет у 2016 годзе станавіўся ўсё больш змрочным і ўсё менш стабільным — ад М’янмы, дзе становішча рагінджа станавілася ўсё больш цяжкім, да Паўднёвага Судану, дзе адбываліся масавыя незаконныя забойствы; ад жорсткіх рэпрэсіяў іншадумцаў у Турэччыне і Бахрэйне да рэзкага пачашчэньня выпадкаў выкарыстаньня выказваньняў, якія сеюць нянавісьць, у многіх краінах Эўропы і ў ЗША».

Крытыка на адрас Вашынгтону

Ужо ў прэамбуле дакумэнту сур’ёзна крытыкуецца новае кіраўніцтва Злучаных Штатаў: «Агідная перадвыбарчая рыторыка Дональда Трампа ўвасабляе ў сабе агульнасусьветную тэндэнцыю правядзеньня ўсё больш азлобленай палітыкі, якая сее варожасьць. Ва ўсім сьвеце лідэры і палітыкі рабілі стаўку на страх і разьяднаньне, ускладаючы ўсю віну на „іншых“ за рэальныя ці надуманыя цяжкасьці, зь якімі сутыкаўся электарат».

Зрэшты, папярэдніку Трампа, Бараку Абаму, таксама дасталася ад Amnesty International: «Прэзыдэнт Барак Абама пакідае пасьля сябе спадчыну, якая ўключае ў сябе і мноства сумных правалаў у справе абароны правоў чалавека, у прыватнасьці пашырэньне сакрэтнай праграмы ЦРУ па нанясеньні ўдараў зь бесьпілётнікаў і разьвіцьцё калясальнага мэханізму вядзеньня масавага сачэньня, што выкрыў Эдвард Сноўдэн».

Варта, аднак, адзначыць, што менавіта Барак Абама ў студзені 2014 г. прыняў указ, які пераглядае некаторыя аспэкты працы спэцслужбаў ЗША ў адсочваньні інфармацыі, адчувальнай для бясьпекі краіны. Гэтым дакумэнтам была павышана празрыстасьць працы спэцслужбаў, а таксама ўзмоцнена абарона прыватнага жыцьця амэрыканцаў ды іхных грамадзянскіх свабодаў.

Расея: рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, прысуды актывістам

У Расеі, як гаворыцца ў дакладзе, рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў апісаны дакумэнтам пэрыяд адбываліся рэгулярна і мелі цяжкія наступствы. «Сталі больш жорсткімі абмежаваньні, якія накладаюцца на свабоду выказваньня думак, аб’яднаньняў і мірных сходаў... Праваабаронцаў штрафавалі і заводзілі супраць іх крымінальныя справы ў сувязі зь іхнай дзейнасьцю. Была заведзеная першая крымінальная справа за парушэньне закону аб «замежных агентах».

Сярод расейскіх спраў, пра якія згадваецца ў дакладзе Amnesty International, — прысуджэньне штрафу памерам больш за 2,2 мільёна рублёў Людміле Кузьміной, пэнсіянэрцы і каардынатарцы самарскага аддзяленьня арганізацыі «Голас», якая займаецца маніторынгам выбараў. Кузьміной падатковыя органы палічылі прыбыткам той грант, які «Голас» атрымаў ад амэрыканскай арганізацыі USAID, прызнанай у Расеі «непажаданай», і абвінавацілі Людмілу Кузьміну ў тым, што яна неправамерна дэкляравала гэтыя грошы ў якасьці ахвяраваньня.

Суд у канцы 2015 году вынес сваё рашэньне, што Людміла Кузьміна не наносіла шкоды дзяржаве і не выкарыстала грошы для асабістага ўзбагачэньня, але расейскія падаткавікі пасьпяхова гэта апратэставалі ў сакавіку 2016-га, «пасьля чаго канфіскавалі ў яе машыну, і ёй перастала паступаць пэнсія».

«Пакет Яравой» парушае міжнародныя абавязаньні Расеі

Прынятыя летам папраўкі ў расейскія законы, вядомыя як «пакет Яравой», на думку праваабаронцаў, шмат у чым супярэчаць расейскім міжнародным абавязаньням у галіне правоў чалавека: «былі забароненыя ўсе віды місіянэрскай дзейнасьці па-за спэцыялізаванымі рэлігійнымі ўстановамі; апэратары сувязі цяпер абавязаныя захоўваць запісы ўсіх размоў шэсьць месяцаў, а метададзеныя — тры гады; павялічаны максымальны тэрмін пакараньня за экстрэмізм з чатырох да васьмі гадоў пазбаўленьня волі; зроблена больш жорсткім пакараньне за схіленьне да ўдзелу ў масавых беспарадках — зь 5 да 10 гадоў зьняволеньня».

Чачэнія: перасьлед нязгодных працягваецца

«На тых, хто крытыкаваў улады Чачэніі, нападалі недзяржаўныя суб’екты, супраць іх распачыналіся справы, а праваабаронцы, якія асьвятлялі сытуацыю ў рэгіёне, сутыкаліся з ганеньнямі з боку недзяржаўных суб’ектаў», — гаворыцца ў расейскім разьдзеле дакладу Amnesty International пра сытуацыю ў Чачэніі.

Акрамя таго, кіраўніцтва Чачэніі, адзначаюць праваабаронцы, перасьледавала сваіх крытыкаў з дапамогай судовай сыстэмы: у прыватнасьці, Жалаўдзі Герыеў, незалежны журналіст, вядомы крытыкай кіраўніцтва Чачэніі, быў у верасьні 2016 году прыгавораны да трох гадоў зьняволеньня нібыта за захоўваньне наркотыкаў. Ягонае паведамленьне пра тое, што людзі ў цывільным захапілі яго і катавалі ў лесе, а потым перадалі супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія прымусілі яго «прызнацца», было праігнараванае судом.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG