Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ствараюць ужо трэцяе аб’яднаньне палякаў — пасьля канфлікту ў непрызнаным уладамі саюзе


Ілюстрацыйнае фота. Саюз палякаў у Беларусі
Ілюстрацыйнае фота. Саюз палякаў у Беларусі

У Горадні ўтворана новае грамадзкае аб’яднаньне «Супольнасьць палякаў Беларусі». На ўстаноўчым сходзе прысутнічала 71 асоба. Гэта вынік канфлікту былога кіраўніка Саюзу палякаў Мечыслава Яськевіча з новаабраным кіраўніцтвам на чале з Анжалікай Борыс.

Паводле абранага старшыні «Супольнасьці палякаў Беларусі» Мечыслава Яськевіча, у Саюзе палякаў, якога не прызнаюць беларускія ўлады, адбыўся раскол. Яськевіч лічыць, што стварэньне новай арганізацыі было выклікана нязгодай у бачаньні дзейнасьці СПБ:

Мечыслаў Яськевіч
Мечыслаў Яськевіч

— Пасьля сьнежаньскіх выбараў кіраўніка і новых уладаў арганізацыі адразу зьмянілася стаўленьне да людзей. Пачаліся беспадстаўныя абвінавачаньні на адрас актывістаў, заслужаных для польскага руху ў Беларусі, і мяне асабіста. Зноў пачалося ўцягваньне актывістаў СПБ у палітычную дзейнасьць і ўнутраныя спрэчкі. Я сам увесь час імкнуўся легалізаваць Саюз палякаў, ісьці на перамовы з уладамі, але новае кіраўніцтва ўспрыняло гэта ў штыкі.

Яськевіч сказаў Свабодзе, што цяпер актыў новага аб’яднаньня рыхтуе дакумэнты для рэгістрацыі. Мэтай новай структуры, паводле Яськевіча, будзе вяртаньне да асноўных каштоўнасьцяў: адукацыя, вывучэньне польскай мовы, клопат пра польскія мэмарыялы і папулярызацыя польскай гісторыі і культуры ў Беларусі.

Анжаліка Борыс лічыць, што ў Саюзе палякаў няма расколу. Яна ня бачыць нічога дрэннага ва ўтварэньні новай польскай арганізацыі, але калі гэта адбываецца не за кошт Саюзу палякаў, які існуе. Борыс нагадвае, што падобную сытуацыю яны ўжо перажывалі:

Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

— У 2005 годзе Тадэвуш Кручкоўскі прайграе выбары на пасаду старшыні СПБ, а потым іншым шляхам, сумесна зь беларускімі ўладамі, становіцца кіраўніком арганізацыі, забірае пад сябе ўсю маёмасьць арганізацыі. І вось цяпер падобная сытуацыя. Мечыслаў Яськевіч прайграе выбары, не прадстаўляе новаму кіраўніцтву справаздачы, не падпарадкоўваецца рашэньню Галоўнай рады і забірае маёмасьць арганізацыі. У выніку ўтвараецца яшчэ адна новая структура.

Галоўная рада Саюзу палякаў прыняла заяву, у якой заклікала сябраў прытрымлівацца статуту СПБ і асудзіла дзеяньні Мечыслава Яськевіча. У заяве таксама падкрэсьліваецца, што дзейнасьць сябраў СПБ, скіраваная на тое, што можа прыносіць шкоду Саюзу палякаў, будзе ініцыяваць працэдуру выключэньня зь сябраў СПБ.

Тую акалічнасьць, што на ўстаноўчае паседжаньне новай польскай арганізацыі сабралася 71 асоба, Анжаліка Борыс пракамэнтавала Свабодзе наступным чынам:

— Я б нават не сказала, што Саюз палякаў падзяліўся, бо нельга параўнаць 86 аддзелаў па ўсёй Беларусі, у якія ўваходзяць каля 6 тысяч сябраў, з тым, што сабраўся 71 чалавек і ў выніку канфлікту яны заснавалі новую арганізацыю. Але, вядома, для нас гэта вельмі непрыемная сытуацыя, і мы ня можам пра гэта не гаварыць. Гэтая сытуацыя не пагражае існаваньню Саюзу палякаў Беларусі, які дагэтуль не прызнаецца беларускімі ўладамі.

Мечыслаў Яськевіч прайграў чарговыя выбары старшыні СПБ летась у сьнежні. За Анжаліку Борыс тады прагаласавалі 99 дэлегатаў з 189 прысутных. Мечыслаў Яськевіч, які кіраваў Саюзам палякаў дагэтуль, набраў 85 галасоў.

З 2005 году ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Адзін зь іх падтрымліваецца беларускімі ўладамі, а другі не прызнаецца ўладамі, але мае падтрымку ад уладаў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG