Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апазыцыяй кіруюць БЧБ-саўкі», — 18-гадовы старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч


Юрась Лукашэвіч
Юрась Лукашэвіч

Учорашні актывіст БРСМ, а сёньня кіраўнік моладзевай арганізацыі з выразнай нацыяналістычнай ідэяй, Юрась Лукашэвіч ня мае ідэалу сярод лідэраў апазыцыі і перажывае, што Моладзь БНФ недастаткова сьмелая ў вулічнай дзейнасьці.

Юрась вучыцца па гістфаку БДУ і чытае Ларысу Геніюш, але кажа — яго аднагодкам цікавыя клюбы і забавы зусім іншага зьместу. Юрась гатовы ваяваць за Беларусь са зброяй у руках і не баіцца службы ў войску.

Лідэр Моладзі БНФ адразу кажа, што пасьля публікацыі гэтага інтэрвію будзе чакаць крытыкі на свой адрас. Толькі так, паводле Юрася Лукашэвіча, можна дасягнуць разьвіцьця.

«Да вайны трэба быць гатовым, асабліва мужчыну»

— Днямі Моладзь БНФ пачала збор подпісаў за адмену супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Захад-2017». Чаму вы лічыце, што гэта важна і будзе падтрымана грамадзтвам?

— Ніводзін чалавек не жадае, каб на тэрыторыі ягонай краіны была вайна ці проста нейкая напружанасьць. І ніводзін нармальны чалавек ня хоча ісьці ваяваць. Мы бачым пагрозу вайны ў тым, што на нашай тэрыторыі зьявяцца чужыя войскі і чужая вайсковая тэхніка. Разам з тым мы лічым, што да вайны трэба быць гатовым, асабліва мужчынам. Трэба рыхтавацца да вайны, але рабіць усё, каб яе не было. Менавіта таму мы і зьбіраем подпісы супраць вучэньняў, якія заплянаваныя на гэты год.

Актывісты Моладзі БНФ пачалі збор подпісаў супраць вучэньняў «Захад-2017»
Актывісты Моладзі БНФ пачалі збор подпісаў супраць вучэньняў «Захад-2017»

— А калі ўзьнікне неабходнасьць бараніць Беларусь са зброяй у руках, што будзе рабіць Моладзь БНФ?

— Моладзь БНФ падтрымае Беларусь і будзе змагацца за Беларусь. Нават калі давядзецца рабіць гэта са зброяй у руках.

Дарэчы, у нас у арганізацыі даволі шмат хлопцаў, якія служаць цяпер у войску. Па вяртаньні яны плянуюць вярнуцца да актыўнай дзейнасьці ў арганізацыі. І таксама ёсьць тыя, хто хоча пайсьці служыць, у нашай арганізацыі войска ўжо не разглядаецца як пагроза ці паламаны лёс. Няма ніякіх праблемаў, каб адслужыць на карысьць Беларусі.

Нядаўна мы напісалі заяву Лукашэнку, каб Беларусь закрыла мяжу з Расеяй. У адказ выйшла публікацыя ў «СБ. Беларусь сегодня», дзе гаварылася, што, маўляў, Моладзь БНФ трэба адправіць на заставу. Калі мы ў арганізацыі абмяркоўвалі гэты артыкул, дык многія хлопцы сказалі, што вельмі б жадалі пайсьці ў памежныя войскі, якія лічацца элітнымі.

«Калі прыйшоў у апазыцыю, мяне пастаянна пыталі пра грошы»

— Вы раней казалі, што Моладзь БНФ налічвае больш за паўтысячы чалавек. Гэтая лічба шмат у каго выклікае недавер. Чаму?

— На сёньня наш колькасны склад — крыху больш за 600 чалавек. Мы вядзем запіс сябраў праз інтэрнэт: людзі запаўняюць анкету і такім чынам становяцца сябрамі арганізацыі. Кожныя два-тры дні далучаецца новы чалавек. Зразумела, што гэта ня значыць, што ўсе 600 чалавек гатовыя проста зараз выйсьці на ўмоўную Плошчу. Актыўных ад гэтай колькасьці дзесьці 30–40%.

Так, сапраўды, Моладзь БНФ ня раз сутыкалася з хвалямі недаверу, калі я раней называў, колькі ў нас сябраў. Я гэта зьвязваю зь дзьвюма прычынамі.

Па-першае, з тым, што апазыцыя цягам 20 год махлявала зь лічбамі — ці то наконт колькасьці прыхільнікаў, ці то наконт колькасьці сабраных подпісаў. Магчыма, адсюль і недавер: калі называеш прыстойную лічбу, то табе ня вераць.

Па-другое, людзі, нават з дэмакратычных колаў, лічаць, што немагчыма, каб у арганізацыю, якая ня мае ніякіх грошай, запісалася так шмат людзей. Калі я пачаў знаёміцца з актывістамі зь іншых арганізацый, то быў зьдзіўлены пытаньнямі пра тое, колькі мы атрымліваем грошай. Калі я казаў, што ў нас няма ніякага бюджэту, мне ніхто ня верыў.

Мы зразумелі, што самая эфэктыўная праца з моладзьдзю — у інтэрнэце. Таму і ўвялі ў завядзёнку спрошчаную працэдуру ўступленьня ў арганізацыю, а таксама вельмі шчыльна працуем ва ўсіх сацыяльных сетках, абнаўляем іх кожны дзень. І людзі далучаюцца. Чаму таго самага ня робяць іншыя, хоць бы моладзевыя, арганізацыі, — я ня ведаю, трэба ў іх спытаць.

— Цяперашняя Моладзь БНФ — гэта цалкам новая арганізацыя? Ці вы лічыце сябе пераемнікамі таго, што 10 гадоў таму стварылі Алесь Каліта і Франак Вячорка?

— Мы ведаем ранейшых кіраўнікоў, ведаем, якія акцыі яны рабілі. Ведаем ранейшых актывістаў. Некаторыя зь іх, даведаўшыся, што Моладзь БНФ адрадзілася, пачалі пісаць нам, падтрымліваць, прапаноўваць дапамогу.

Друкаваная прадукцыя, якаю рабілі папярэднікі Лукашэвіча, старэйшыя паплечнікі з Моладзі БНФ
Друкаваная прадукцыя, якаю рабілі папярэднікі Лукашэвіча, старэйшыя паплечнікі з Моладзі БНФ

Я думаю, што раней было нашмат складаней. Не былі настолькі папулярныя сацыяльныя сеткі, а таксама быў вялікі ціск на палітычна актыўную моладзь. Я чацьвёрты старшыня Моладзі БНФ, усе мае папярэднікі зазналі ціск з боку ўладаў: кагосьці з парушэньнямі забралі ў войска, кагосьці пазбавілі права вучыцца ў Беларусі, шмат хто сядзеў «на сутках».

Цяпер значна прасьцей. Амаль за два гады актыўнай дзейнасьці адроджанай арганізацыі толькі дваім нашым сябрам пагражалі — у школе і ва ўнівэрсытэце. Але, дзякуючы СМІ і розгаласу, адміністрацыя навучальных устаноў выбачылася перад імі. Таму прасьцей цяпер. Ясна, што сочаць за актыўнымі, але ціску моцнага няма.

— Вы самі студэнт-гісторык. Няўжо вас ніколі не выклікалі «на размову» ў дэканат?

— Я навучаюся на гістфаку БДУ на спэцыяльнасьці «Музэйная справа і ахова культурнай спадчыны». Гістфак сапраўды даволі прагрэсіўны. Можа, таму, што людзям, якія ведаюць гісторыю, цяжка быць «ватнікамі». Шмат выкладчыкаў выкладаюць па-беларуску. Тых, хто за «русский мир», я асабліва не заўважаю. Са СМІ шмат хто ведае, чым я займаюся, але ніякага нэгатыву няма.

Юрась Лукашэвіч каля гістарычнага факультэту БДУ, дзе ён навучаецца
Юрась Лукашэвіч каля гістарычнага факультэту БДУ, дзе ён навучаецца

«Быў у БРСМ, але не спадабалася»

— Вы ж не заўсёды мелі нацыяналістычныя погляды. Раскажыце пра свой досьвед у БРСМ. І як так здарылася, што вы выйшлі адтуль, каб узначаліць моладзевую структуру Партыі БНФ?

— Да БДУ я вучыўся ў Менскім каледжы прадпрымальніцтва. Там я ўступіў у БРСМ. Прычым абсалютна добраахвотна, ніхто не прымушаў. Суполка была ўзорная, нават занялі трэцяе месца па Беларусі сярод суполак БРСМ.

Я хацеў нешта рабіць, мала ведаў пра палітычныя партыі і моладзевыя арганізацыі. У БРСМ я займаўся сацыяльнымі, экалягічнымі і дабрачыннымі праектамі, але не займаўся палітыкай. Але ўсё роўна трэба было ўдзельнічаць у палітычных вулічных мерапрыемствах у якасьці масоўкі.

Памятаю, у 2014 годзе былі мясцовыя выбары, і нас абавязалі хадзіць на Камароўку і стаяць са сьцягамі ў пікетах за кандыдатаў ад «Белай Русі» і камуністаў. Таксама трэба было хадзіць на хакейныя матчы, дзе гуляў прэзыдэнт. Мне гэта не спадабалася.

— Але ж цяпер вы таксама ходзіце на вулічныя акцыі, удзельнічалі ў пікетах за прадстаўнікоў Партыі БНФ.

— Так, хаджу. Але ў БРСМ уся дзейнасьць, усе акцыі грунтуюцца вакол адной пэрсоны. А акцыі Моладзі БНФ — яны вакол ідэі, не вакол канкрэтнага чалавека.

Пікет па зборы подпісаў у Менску
Пікет па зборы подпісаў у Менску

— А якая ідэя ў Моладзі БНФ?

— Умацаваньне сувэрэнітэту Беларусі і пабудова альтэрнатыўнага моладзевага руху. Праўда, гэта гучыць як мэта.

«Партыя БНФ працуе не на 100%»

— Апошнія паўгода ключавой дзейнасьцю Моладзі БНФ была кампанія па рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Чаму вы абралі менавіта яе? І якія вынікі кампаніі?

— Мы вырашылі рабіць кампанію за рэабілітацыю Ларысы Геніюш, таму што гэта сапраўдная жанчына-змагарка, якая шмат пацярпела ад савецкіх уладаў, пражыла вельмі цікавае жыцьцё, якое ёсьць прыкладам змаганьня для кожнага сябра Моладзі БНФ.

Мы сабралі паўтары тысячы подпісаў за рэабілітацыю Ларысы Геніюш, падалі іх у Генэральную пракуратуру і ў Вярхоўны суд, таксама ладзілі тэматычныя пікеты, вечарыны памяці, прысьвечаныя паэтцы.

Нягледзячы на тое, які будзе адказ зь дзяржаўных органаў, мы будзем засноўваць літаратурную прэмію імя Ларысы Геніюш для маладых паэтаў, а таксама хочам зладзіць летнік на яе радзіме — на Зэльвеншчыне.

— Апошнім часам Моладзь БНФ зьвярталася да Лукашэнкі з патрабаваньнем увесьці кантроль на мяжы з Расеяй, патрабавала забараніць уезд у Беларусь расейскаму палітыку Ўладзімеру Жырыноўскаму, спрачалася з камуністамі, крытыкуючы іх акцыю #Я_СССР, цяпер змагаецца за адмену вайсковых вучэньняў «Захад-2017». Такое пытаньне: чаму ўсе гэтыя палітычныя крокі і заявы ня робіць Партыя БНФ?

— Чаму гэтага ня робіць Партыя БНФ, трэба ў яе і спытаць. Мы ня робім нічога, што б супярэчыла праграме ці статуту Партыі БНФ.

Разам з тым Моладзь БНФ дастаткова аўтаномная, у нас свая структура, сваё кіраўніцтва. У Беларусі ёсьць гарады, дзе няма структуры Партыі БНФ, але ёсьць Моладзь БНФ. Ніякіх праблем ці супярэчнасьцяў тут няма.

А чаму Моладзь БНФ больш актыўная... Ну, магчыма, таму, што моладзь заўсёды больш актыўная. Таксама я лічу, што Партыя БНФ працуе не на 100%. Прычына ў тым, што людзі стаміліся за 20 гадоў змаганьня і партыя састарэла. Але добра, што, нягледзячы на пэўную апатыю, людзі застаюцца вернымі сваім ідэям і хаця б спрабуюць нешта рабіць. Будзем спадзявацца, што Моладзь БНФ дасьць годны прыток новых кадраў у партыю.

«Для мяне пытаньне: чым апазыцыйныя лідэры лепшыя за Лукашэнку?»

— Сёлета чарговы зьезд Партыі БНФ, і цяперашні старшыня Аляксей Янукевіч, паводле статуту, ня мае больш права балятавацца на гэтую пасаду. Можа, гэта шанец для моладзі?

— Што да зьездаў, то раней з Моладзьдзю БНФ спрабавалі дамаўляцца, і яна, як правіла, грала важную ролю ў тым, каго абяруць старшынём. Дарэчы, так адбываецца ў любой іншай партыі.

Мы хочам, каб на гэтым зьезьдзе Моладзь БНФ не выкарыстоўвалі, кожны наш дэлегат будзе мець права прагаласаваць, як лічыць патрэбным.

За доўгі час у Партыі БНФ ёсьць магчымасьць правесьці спакойны зьезд і зьмяніць кіраўніцтва. Я думаю, што Янукевіч перадасьць камусьці ўладу, а сам застанецца працаваць у партыі далей. Спадзяюся, што ніякіх расколаў і крыўдаў ня будзе, як гэта ня раз бывала раней.

Юрась Лукашэвіч на Нямізе зьбірае подпісы супраць вучэньняў «Захад-2017»
Юрась Лукашэвіч на Нямізе зьбірае подпісы супраць вучэньняў «Захад-2017»

— На каго вы раўняецеся ў беларускай апазыцыі?

— Я лічу, што стан апазыцыі ў Беларусі проста жахлівы. Я не магу слухаць, калі апазыцыйныя лідэры заяўляюць, што іх падтрымліваюць 40–50% беларусаў. Гэта няпраўда. Калі б так было, то ва ўсіх арганізацыях было б вельмі шмат актыўных людзей, якія б ужо абавязкова чагосьці дамагліся.

Таксама я перакананы, што апазыцыйныя лідэры, якія па 10–20 гадоў кіруюць сваімі партыямі, — такія самыя «саўкі», толькі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Мы ў Моладзі БНФ іх так і называем — «БЧБ саўкі» — іншая мова і іншы сьцяг, але мэтады працы ані ў чым не адрозьніваюцца ад мэтадаў цяперашняй улады. Нездарма людзі, калі бачаць гэтых лідэраў, адразу задаюць пытаньне: а чым яны будуць лепшыя за Лукашэнку?

Таму лідэр, на якога я раўняюся, ці, можа, якім я хачу стаць, павінен нарадзіцца ў незалежнай Беларусі, і ў яго не павінна быць савецкага бэкграўнду.

Цяпер такога чалавека ў апазыцыі я ня бачу. Затое бачу, як усе сварацца і дзеляць грошы.

— Выходзіць, Лукашэнку ня трэба мяняць?

— Мяняць трэба. Моладзь, нават тая, якая нарадзілася ўжо пры яго кіраваньні, добра ведае яго «заслугі» — і зьнікненьне палітыкаў, і зьбіцьцё дэпутатаў, і жорсткія арышты актывістаў.

Але для моладзі, зь якой я кантактую, Лукашэнка — гэта мэм «калгасьніка», зь якога сьмяюцца, таму што іншага выйсьця проста няма.

Верыць яму нельга. Тое, што ён кажа, тое, што ён думае, і тое, што ён робіць, — тры абсалютна розныя рэчы.

«Змаганьне з дэкрэтам „пра дармаедаў“ ня дасьць ніякага плёну»

— Чаму Моладзь БНФ не змагаецца з дэкрэтам «пра дармаедаў»?

— Па-першае, таму, што гэтая тэма ня вельмі актуальная для моладзі, хоць нават у нашай арганізацыі ёсьць тыя, хто атрымаў «лісты шчасьця». Але я лічу правільным, што ні Партыя БНФ, ні Моладзь БНФ не далучылася да змаганьня з гэтым дэкрэтам.

Справа ў тым, што сёньня няма такіх сіл, каб яму супрацьстаяць. А мітынгі і збор подпісаў — гэта толькі піяр з боку палітычных структур. Гэта ніяк не паўплывае на тое, адменяць ці не адменяць дэкрэт.

Будзе як зь мітынгамі прадпрымальнікаў, на якія хадзіла чалавек 300 — пры тым, што ў нас больш за 200 тысяч прадпрымальнікаў. Вось рэальная доля падтрымкі. А пасьля самі прадпрымальнікі папрасілі, каб апазыцыя ня лезла ў гэтыя справы, маўляў, разьбяромся бяз вас.

Тое самае будзе з акцыямі супраць дэкрэту «пра дармаедаў».

Тым больш што ўжо зробленыя паслабленьні, і калі ў чалавека сапраўды кепскі фінансавы стан і няма працы, то можна зьвярнуцца да мясцовай улады з просьбай скасаваць неабходнасьць выплочваць падатак. А тым, у каго ёсьць ценявы даход, прасьцей аддаць гэтыя 200 даляраў, каб іх не чапалі.

«Малады Фронт» — не канкурэнты, а калегі і паплечнікі»

— Кажучы пра канкурэнтаў... Нават журналісты часта блытаюць Моладзь БНФ і «Малады фронт». Як з гэтым змагацца?

— «Малады фронт» — не канкурэнты, а калегі. Гэтая арганізацыя нам найбліжэйшая паводле перакананьняў.

Адрозьненьне хіба ў тым, што «Малады фронт» працуе выключна на вулічныя акцыі — і гэта вельмі крута, — а ў Моладзі БНФ мала вулічнай актыўнасьці, затое больш зальных імпрэз і адукацыйных ініцыятыў.

Да таго ж розны ўзрост. Мне 18, сябрам Моладзі БНФ 16–21. Лідэру «Маладога фронту» Дашкевічу — 35, актывістам таксама каля таго. Таксама розьніца ёсьць.

Калі казаць пра іншыя моладзевыя арганізацыі, то мы ня лічым іх канкурэнтамі, бо, на нашу думку, яны існуюць толькі на паперы. Але ніякай дзейнасьці, напрыклад, ад моладзі БХД ці моладзі АГП ня бачна.

— Чаму Моладзь БНФ адмовілася ад вулічнай дзейнасьці на карысьць збору подпісаў і зальных імпрэзаў?

— Па-першае, гэта наш вялікі мінус. Вельмі шкада, што нам не хапае сьмеласьці, мала публічнасьці, мы мала ладзім вулічных акцый.

Чаму так атрымалася? Мы лічым немэтазгодным рабіць акцыі з удзелам 5–10 чалавек, пасьля якіх нашы актывісты павінны будуць выплочваць штрафы. Калі мы зможам сабраць на акцыю 10 тысяч чалавек — тады так, штрафы будуць апраўданыя.

— А як жа 25 сакавіка і 26 красавіка?

— Гэта важныя даты, мы адзначаем іх. Але я з жалем бачу, што нават на гэтыя акцыі выходзіць мала людзей. Менш і менш.

Але апазыцыя выходзіць, а журналісты пішуць і здымаюць. У нас увогуле вельмі часта пасьпяховасьць той ці іншай партыі вызначаецца колькасьцю публікацыяў у СМІ, узгадваньнямі ў прэсе. Але што там пішуць? Аднаго аштрафавалі, другі выйшаў са сьцягам на вуліцу, трэці ўсклаў кветкі.

Я не лічу гэта значнымі дасягненьнямі. Усе гэтыя навіны цікавыя толькі самім актывістам. Нічога ня пішуць пра пасьпяховыя акцыі ці мітынгі, ці пра значны рост прыхільнікаў якой-небудзь партыі.

«Мая дзяўчына не павінна мець дачыненьня да палітыкі»

— Вы пераехалі ў Менск з Барысава. Дзе лепш?

— Так, я з Барысава і, вядома, заўзею за БАТЭ (сьмяецца). Люблю Барысаў, гэта спакойны горад, але, на жаль, там нічога няма для моладзі: ні цікавай працы, ні ўнівэрсытэту, ні тэатраў, ні іншых забаўляльных устаноў. Моладзь зьяжджае з Барысава любым чынам. А тыя, хто ня можа зьехаць назаўсёды, езьдзяць у Менск на кожныя выходныя. Таксама паказчык.

Разам з тым Менск перанасычаны палітычнымі і непалітычнымі імпрэзамі, моладзевымі арганізацыямі, рознымі ініцыятывамі. Гэта, вядома, для нас дадатковы выклік — паказаць сваю адметнасьць, зацікавіць, каб прыйшлі менавіта да нас.

— Пытаньне, абумоўленае нядаўнім днём сьвятога Валянціна. Ці ўтвараюцца пары ў Моладзі БНФ?

— Вядома. І гэта цалкам натуральна ў такім узросьце. Ёсьць пары, бывалі ўжо «разводы», калі разыходзяцца. І гэта, бывае, перашкаджае ў працы. Таму я б не хацеў, каб мая абраньніца была зьвязаная зь якой-небудзь палітычнай структурай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG