18 лютага Ўладзімір Пуцін падпісаў распараджэньне аб прызнаньні дакумэнтаў жыхароў шэрагу раёнаў Данбасу сапраўднымі ў Расейскай Фэдэрацыі. У Памежным камітэце і МЗС Беларусі пакуль ня ведаюць, што рабіць з дакумэнтамі «ДНР-ЛНР» — ад падрабязных камэнтароў прадстаўнікі ўлады адмаўляюцца.
Свабода вырашыла абзваніць менскія гатэлі і спытаць, ці ўзьнікнуць праблемы з рэгістрацыяй у чалавека, які прад’явіць пашпарт «ДНР-ЛНР».
«А ўкраінскага пашпарта няма? — спыталі ў карэспандэнта Свабоды ў гатэлі „Арбіта“. — Думаю, што з дакумэнтамі „Данецкай народнай рэспублікі“ ў вас, хутчэй за ўсё, будуць праблемы. Наколькі я ведаю, ня ўсе краіны прызналі незалежнасьць гэтай рэспублікі. У нас шмат гасьцей з Украіны, але ўсе яны з украінскімі пашпартамі».
У гатэлі «Плянэта» суразмоўца Свабоды доўга раілася з калегамі, пасьля чаго было сказана, што засяліцца ў гатэль з дакумэнтамі «ДНР-ЛНР» не атрымаецца.
«Ведаеце, гэта толькі Расея прызнала пашпарты „ДНР-ЛНР“, мы — не. Вы засяліцца ў нас ня зможаце. У вас павінен быць украінскі пашпарт», — сказалі Свабодзе.
У пяцізоркавым гатэлі «Эўропа» даць адказ змаглі толькі праз гадзіну кансультацыяў:
«Мы не заселім чалавека з пашпартам „Данецкай народнай рэспублікі“, таму што наша краіна не прызнала гэтыя пашпарты — толькі Расейская Фэдэрацыя. У прынцыпе, і ўехаць у Беларусь з гэтым пашпартам немагчыма. Вядома, калі вы паедзеце праз тэрыторыю Расеі, вас на мяжы ня будуць правяраць, але, па сутнасьці, вы ня можаце знаходзіцца з гэтым дакумэнтам у Беларусі — толькі з пашпартам Украіны».
У гатэлі Crowne Plaza параілі з гэтым пытаньнем зьвярнуцца да міграцыйнай службы:
«Наконт „Данецкай народнай рэспублікі“ ў нас няма інфармацыі. Разумееце, калі мы ўбачым такі пашпарт (а ў нас такіх выпадкаў яшчэ не было), то зьвернемся ў міліцыю. Бо наколькі такія пашпарты будуць дзейнічаць — мы ня ведаем».
А вось у гатэлі «Менск» пасьля кароткачасовага абмеркаваньня заявілі, што гатовыя засяліць і з пашпартам «ДНР-ЛНР».
«Так, мы заселім. Хоць раней па такім пашпарце яшчэ ніхто не заяжджаў», — сказала адміністратарка, сьмеючыся.