Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія таямніцы і легенды Трактарагораду можа зьнішчыць бульдозэр?


Адразу ж пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны, калі Менск яшчэ ляжаў у руінах, аднавілася будаўніцтва Менскага трактарнага заводу і побач зь ім пасёлку для трактарабудаўнікоў. У прыярытэтную будоўлю са статусам усесаюзнай укладаліся максымальныя сродкі і сілы. Яе нават услаўлялі паэты, назваўшы ў сваіх вершах будучы мікрараён Менску — Трактарагорадам. Хто і як будаваў яго, якую гістарычную памяць ён захоўвае і якога лёсу варты? Увогуле — што зьнішчаць бульдозэры на загад менскіх уладаў? Працяг гутаркі з культуролягам Раманам Абрамчуком.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, чаму вельмі вялікую ўвагу аддавалі ўлады будоўлі Трактарагораду? Чым ён заслужыў яе? Ведаем жа, што іншыя раёны беларускай сталіцы і раней, і пазьней будаваліся без асаблівага клопату пра архітэктурную ансамблевасьць, пра камфортнасьць жытла, інфраструктуру. Жыхары іншых раёнаў Менску, засяліўшыся ў новыя дамы, гадамі чакалі, калі пабудуюць крамы, паліклінікі, дзіцячыя садкі. А тут усё разам і ў першую чаргу...

Вячаслаў Ракіцкі і Раман Абрамчук
Вячаслаў Ракіцкі і Раман Абрамчук

Абрамчук: Па-першае, сам Менскі трактарны завод задумваўся і будаваўся як горадаўтваральнае сталічнае прадпрыемства. Больш за тое, завод павінен быў мець усесаюзнае значэньне. Адсюль і высокі статус пасёлку для яго працаўнікоў.

А акрамя таго, ён будаваўся першым у пасьляваенным Менску. Амаль усе працоўныя сілы былі кінутыя на яго будаўніцтва. Нават працы на цэнтральным праспэкце вяліся больш марудна, бо на будоўлю заводу была кінутая найлепшая тэхніка. Усе рэсурсы адначасна былі задзейнічаныя і на будоўлі Трактарагораду.

Ракіцкі: Гэта была паваенная будоўля. Мы ведаем, што і жылы цэнтар Менску, і будынкі важных дзяржаўных установаў будаваліся ў тым ліку і ваеннапалоннымі немцамі. Яны таксама працавалі на будоўлі Трактарагораду?

Абрамчук: Так, і гэта важная старонка гісторыі пасёлку. Можам нават назваць яе «нямецкай». На будоўлі МТЗ і яго пасёлку працавалі некалькі тысяч ваеннапалонных немцаў. Магчыма, менавіта таму многія з дамоў пабудаваныя вельмі якасна. Прынамсі, я сам жыў у доме ў Вучнёўскім завулку — сухім, цёплым.

Вучнёўскі завулак
Вучнёўскі завулак

Больш за тое, вулачкі і двары пасёлку нагадваюць нямецкія прадмесьці. Існуе меркаваньне, у тым ліку і ў прафэсійным архітэктурным асяродзьдзі, што да праектаваньня пасёлку маглі далучыць нямецкіх ваеннапалонных афіцэраў-архітэктараў. Зразумела, у той час пра гэта забаранялася казаць публічна, як забаранялася казаць публічна і пра тых нямецкіх бедалагаў, што гарбаціліся тут пяць гадоў.

Так, яны сапраўды адкуплялі віну (можа, гэта і ёсьць прычынаю, чаму дамы выйшлі такія якасныя), і спачатку стаўленьне мясцовых людзей да немцаў было даволі варожае. Але, убачыўшы іх бядацкі стан, беларусы пачалі шкадаваць палонных, падкормліваць іх. Старэйшыя жыхары Менску згадваюць, як немцы выразалі з дрэва і дарылі цацкі малым, а бацькі давалі ім за гэта нейкую ежу, або як немцы гатавалі ў казанках ежу і частавалі дзяцей.

Паціху адносіны набывалі больш людзкі характар, ідэалягічныя ўстаноўкі адступалі. Мясцовым дазволілі ў нейкі момант нават наймаць немцаў на гаспадарчыя працы. Вядома, што ў выніку такога суседзтва ўтвараліся нават сем’і. У выніку некаторыя немцы засталіся тут назаўжды, прыняўшы савецкае грамадзянства.

Але згадаем і пра тых, хто застаўся тут не празь сямейнае шчасьце, а празь сьмерць. Шмат ваеннапалонных памерла ад вельмі цяжкіх умоваў працы, пошасьцяў, недаяданьня. Многія скончылі жыцьцё самагубствам. Многія спрабавалі ўцячы, часам нават вялікімі групамі. Але толькі адзінкавыя спробы ўцёкаў былі пасьпяховымі. Я чуў нават ад мясцовых людзей байку пра аднаго немца, які на аб’екце цішком капаў падземны лаз з будаўнічай пляцоўкі, каб уцячы. І аднойчы ягоныя таварышы, перад тым як пакінуць пляцоўку, зацэмэнтавалі той лаз, дзе якраз быў бедалага. Гэтая гісторыя падобная да сярэднявечных легендаў. Такія таямніцы дадаюць яшчэ болей цікавасьці і рамантыкі Трактарагораду.

Ракіцкі: Як паўплывала будаўніцтва Трактарагораду на Менск, краіну, на разьвіцьцё айчыннай архітэктуры? Увогуле — якія наступствы мела гэтая будоўля?

Абрамчук: Гісторыя трактаразаводзкага пасёлку мае выключнае значэньне для Менску. Пачнём з таго, што будаваць пасёлак разам з МТЗ пачалі згодна з асабістым рашэньнем Сталіна. Яно было прынята, калі Сталін сустрэўся з Панамарэнкам на менскім вакзале ў 1945 годзе. Сам МТЗ задумваўся як горадаўтваральнае прадпрыемства, прадпрыемства ўсесаюзнага значэньня, і такім ён і стаў. Тысячы беларусаў зь вёсак, малых гарадоў зьяжджаліся сюды на працу, і многія зь іх сталі жыхарамі пасёлку. Менавіта пасёлак МТЗ будаваўся першым у пасьляваенным Менску, і таму гэта сымбаль аднаўленьня разбуранай вайной сталіцы. Разам з тым гэта сымбаль аднаўленьня беларусамі свайго «гараджанства». Пасьля Другой усясьветнай вайны абязьлюджаны горад чакаў новых жыхароў, і імі сталі найперш прыежджыя зь вёсак беларусы.

Ракіцкі: Ці лёгка вяскоўцы прыжываліся ў Менску? Так, дзякуючы ім Менск станавіўся больш беларускім. Але ці не разбуралі вяскоўцы гарадзкую культуру? З вашага гледзішча, працэс перасяленьня вяскоўцаў у сталіцу меў у сабе больш станоўчага ці адмоўнага?

Абрамчук: Дзякуючы гэтаму горад стаў этнічна беларускім, і пачалося фармаваньне новай беларускай гарадзкой культуры. Сучасныя нямецкія навукоўцы Томас Бон і Фэлікс Акерман у сваіх працах паказалі сацыякультурныя зьмены, якія адбываліся з гэтымі людзьмі.

Вяскоўцы, каб стаць «гарадзкімі», адмаўляліся ад роднай мовы, старанна пазбаўляліся беларускага вымаўленьня, але пры гэтым захоўвалі вясковы лад жыцьця і мэнталітэт. Захаваліся зьвесткі, што ў клецях у дварах гарадзкіх дамоў яны трымалі курэй, дробную жывёлу. Я думаю, менавіта гэтыя людзі былі першымі ворагамі беларушчыны ў кепскія для мовы 1960-я гады.

Але ўжо іх дзеці, наступнае пакаленьне, як даводзяць нямецкія дасьледчыкі, вяртаюцца да каранёў. Моладзь, народжаная ў горадзе, у 1980-я цікавіцца народнымі сьвятамі, фальклёрам, мовай. Хай і паступова, але Менск вяртае сабе сваю беларушчыну, і працяг гэтай тэндэнцыі, яе ўзмацненьне мы бачым у нашы дні.

І пачатак ёй паклала менавіта пасьляваенная міграцыя зь вёсак на менскія будоўлі, і найперш — на будоўлю МТЗ і яго пасёлку. Таму гэты пасёлак можна назваць помнікам эпосе аднаўленьня Менску, яго пасьляваеннаму адраджэньню.

Ракіцкі: Колькі я сябе памятаю, да раёну Трактарнага заводу вялікай сымпатыі не было ў жыхароў цэнтру Менску ці новых мікрараёнаў, якія засяляліся людзьмі розных прафэсіяў, а мо і пераважна навукоўцамі, настаўнікамі, лекарамі, інжынэрамі. А там — рабочая ўскраіна, якая была ў большай ступені, чым іншыя раёны гораду, крымінальнай. А сёньня чым і як жыве былы Трактарагорад?

Абрамчук: Думаю, што крымінальную славу ўсё ж нікому не аддасьць Грушаўка... А сёньня трактаразаводзкі пасёлак вабіць маладзёнаў сваёй атмасфэрай, аўтэнтыкай, утульнасьцю. Вядома, што тут нарадзіліся, часова ці стала жылі ці жывуць і вядомыя пісьменьнікі, музыкі, дзеячы культуры. Ад часоў яго будаўніцтва і па сёньняшні час пасёлку прысьвячалі дакумэнтальныя кіназамалёўкі, вершы, карціны прафэсійныя паэты, пісьменьнікі, мастакі, рэжысэры — Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Аляксей Кулакоўскі, Васіль Сумараў, Альгерд Бахарэвіч, які, дарэчы, працаваў у рэдакцыі шматтыражнай газэты МТЗ, ды многія іншыя. Гэты мікрараён папулярны ў кінавытворцаў. Тут зьнята нямала кінафільмаў, як айчынных, гэтак і расейскіх, на самыя розныя сюжэты: і пра сланоў, і пра зомбі, і пра морг, і шмат яшчэ пра што. Дзякуючы дасьледаваньням Віктара Жыбуля існуе ўжо цэлая калекцыя фактаў, дакумэнтаў, нават мясцовых легендаў. Усё гэта разам — важны ўнёсак у культуру Беларусі.

Ракіцкі: Сёньня пасёлку пагражае знос. Ці варта гэта рабіць? Ці варта ратаваць яго?

Абрамчук: У плянах гарадзкіх уладаў — зьнесьці ўсю двухпавярховую забудову (а яна і складае асноўную частку пасёлку) дзеля будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў.

Адразу выклікае пытаньне экалягічнасьць такой забудовы — побач дагэтуль чадзіць трактарны завод. Тут і без таго заўжды было няпроста з паветрам, а што будзе, калі колькасьць жыхароў рэзка вырасьце ў некалькі разоў? Больш за тое, тыя шыкоўныя зялёныя зоны — паркі, сквэры — ужо паціху высякаюць, аддаюць пад паркоўкі ці нават пад царкву. А гэта ж усё было створана, каб зьмякчыць кепскі ўплыў заводзкіх трубаў на экалёгію! Для мяне дагэтуль загадка, як новы праект прайшоў працэдуру ўзгадненьня з адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі.

Царква ў Піянэрскім сквэры
Царква ў Піянэрскім сквэры

Але для мяне асабіста самае важнае — гісторыка-культурная каштоўнасьць пасёлку. Я думаю, пасьля ўсяго сказанага можна зразумець, чаму я лічу яго вартым захаваньня. Нават пры параўнаньні з ужо вядомай Асмолаўкай, у нечым падобным раёнам каля Опэрнага тэатру, які таксама ў падобным стане, Трактарагорад мае значна больш вартасьцяў, як эстэтычных, гэтак і гістарычных. Я маю на ўвазе разнастайнасьць архітэктурных формаў, гістарычныя ўмовы, у якіх ён будаваўся і г.д.

Але жыхары Асмолаўкі — гэта нашчадкі афіцэраў, опэрных сьпевакоў, якім і прызначаліся тыя дамы. І, відаць, яны значна больш цямяць у культуры і таму значна больш актыўна абараняюць свой пасёлак. А вось у Трактарагорадзе такіх актывістаў няшмат, і пры вялікай колькасьці галасоў за захаваньне можна пачуць і моцны голас тых, хто рады будзе зносу пасёлку і пабудове на яго месцы чарговай прымітыўнай «Каменнай горкі».

Сёньня Трактарагорад — гэта ўжо цэласны тэкст культуры зь яго архітэктурнай спадчынай, гісторыяй будаўніцтва і разьвіцьця, біяграфіямі звычайных жыхароў і знакамітасьцяў, савецкімі назвамі вуліцаў, старым ладам жыцьця, побытам, усімі творамі мастацтва, яму прысьвечанымі, і ўсімі байкамі ды легендамі, што нарадзіліся ў гэтых дварах. Гэта сапраўдны помнік эпосе.

Было б вялізнай дурасьцю яго страціць менавіта цяпер — ва ўмовах усё большай цікавасьці замежных турыстаў да Беларусі, ва ўмовах адмены візаў, у час, калі пра савецкую архітэктуру Менску пішуць навуковыя працы замежныя дасьледчыкі і гэтым папулярызуюць наш горад у сьвеце.

Ракіцкі: Усё страчана, шанцаў захаваць Трактарагорад няма?

Абрамчук: Я шчыра зьдзіўляюся, чаму нашы чыноўнікі, якім зьверху пастаўленая задача выціскаць грошы зь любой дзіркі, любой цаной, самі закопваюць у зямлю рэсурсы, якія нават пры невялікім укладаньні маглі б стаць крыніцай неблагога прыбытку.

Я шчыра спадзяюся, што знос пасёлку не адбудзецца. Тут павінны сваё слова сказаць найперш жыхары пасёлку, якія павінны зразумець, ува што ператворыцца пасёлак пасьля рэзкага павелічэньня колькасьці жыхароў.

Сваё слова павінны сказаць і грамадзкія актывісты, і дзеячы культуры. Зрэшты, за захаваньне пасёлку ўжо ў адкрытым лісьце выказаліся дзясяткі знакамітых дзеячоў культуры. Сярод іх — Захар Шыбека, Вальмен Аладаў, Юры Чантурыя, Армэн Сардараў, Вячаслаў Чарнатаў, Уладзімер Цэсьлер, Рыгор Сітніца, Сяргей Плыткевіч, Артур Клінаў, нямецкі гісторык Томас Бон ды многія іншыя.

Дай Божа менскаму мэру Андрэю Шорцу і ягоным калегам вочы, каб бачыць. Бо, на вялікі жаль, менавіта ад гэтых людзей збольшага сёньня залежыць, якім быць нашаму гораду.

А калі гэтыя чыноўнікі, улучна з архітэктарамі, публічна называюць дамы Трактарагораду «баракамі», паказваючы тым самым сваю непісьменнасьць (таму што барак, паводле азначэньня, — гэта часовае, некапітальнае, часьцей за ўсё драўлянае жытло), — тады страшна становіцца за лёс сталіцы.

Я лічу, што шанец на захаваньне Трактарагораду — у грамадзкай актыўнасьці.

Пачатак гутаркі: «Як збудавалі Трактарагорад?»

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG