Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве забаранілі «Марш недармаедаў»


Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Магілёўскія ўлады адмовілі апазыцыі ў правядзеньні 19 лютага «Маршу недармаедаў».

«Улады спасылаюцца на адпаведнае рашэньне гарвыканкаму, дзе вызначана месца для правядзеньня акцыяў — на ўскраіне гораду на закінутым стадыёне. Мы ж хацелі правесьці марш на вуліцы Ленінскай», — распавёў Свабодзе старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Шанцаў, які падаваў заяўку ў гарвыканкам.

Шанцаў мяркуе, што ўлады ў любым выпадку не далі б дазволу на правядзеньне «Маршу недармаедаў» — нават на ўскраіне гораду.

«Нават пры выкананьні ўсіх умоў яны звычайна знаходзяць нагоду ня даць дазволу. Спробы раней былі. Напрыклад, за сем дзён да мітынгу тэлефануюць камунальнікі і кажуць, што ня могуць забясьпечыць прыборку тэрыторыі. Мяне адразу выклікаюць у гарвыканкам і кажуць, што без камунальнікаў дазволу на мітынг даць ня могуць», — распавёў актывіст.

Шанцаў падкрэсьліў, што ня будзе заклікаць людзей выходзіць на несанкцыянаваную акцыю 19 лютага, але сам у прызначаны час будзе гуляць па вуліцы Ленінскай.

«Я кажу так: я выходжу на вуліцу Ленінскую а 12-й 19 лютага і буду шпацыраваць. Ніхто мне не забароніць гуляць па пешаходнай вуліцы. Але даваць падставу штрафаваць за заклікі выходзіць на несанкцыянаваную акцыю я ня буду», — адзначыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG