Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пачаўся першы ў Беларусі суд супраць падатку на «дармаедзтва»


Аляксандар Сямёнаў
Аляксандар Сямёнаў

Беспрацоўны Аляксандар Сямёнаў патлумачыў Свабодзе, чаму ён патрабуе прызнаць неправамерным патрабаваньне да яго з боку ўладаў аб сплаце так званага падатку на «дармаедзтва».

Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомелю мае распачацца разгляд першай у гісторыі Беларусі грамадзянскай справы, калі беспрацоўны гамяльчук Аляксандар Сямёнаў патрабуе прызнаць неправамерным патрабаваньне дзяржавы на выплату так званага падатку на «дармаедзтва».

Адначасова Сямёнаў просіць суд паставіць пытаньне наконт прызнаньня дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» неканстытуцыйным, які супярэчыць артыкулам 41, 56 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкулу 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкулу 2 Канвэнцыі МАП № 29 аб прымусовай працы. Пазоўнік пагадзіўся адказаць на пытаньні Свабоды.

Ніхто не сядзіць у чаканьні дармавых падачак

— Аляксандр Сьцяпанавіч, якія пачуцьці ахапілі вас, калі атрымалі «ліст шчасьця» з падатковай інспэкцыі пра абавязак сплаціць 360 рублёў на фінансаваньне дзяржаўных расходаў?

— Скажу шчыра: адчуваньне такое, нібыта я алькаголік і дармаед Федзя зь вядомай савецкай камэдыі «Апэрацыя «Ы» і студэнт Шурык зьбіраецца сячы мяне розгамі. А мне ўлетку споўніцца 53 гады, у мяне дзьве вышэйшыя адукацыі, служба ў войску і амаль трыццаць гадоў працоўнага стажу. Вось такі я «дармаед».

— Як так сталася, што ў 2015 годзе вы не працавалі?

— Сказаць, што я не працаваў, будзе няправільна. У маёй сямʼі лецішча ды яшчэ ў цешчы — трыццаць сотак зямлі. З раньняй вясны да позьняй восені кручуся там. Зяленіва рознае, агуркі, памідоры вырошчваю. Праз рынак збываем лішнюю гародніну. Ніхто не сядзіць у чаканьні дармавых падачак. Бацькоўскую сядзібу ў Доўску даглядаем з братам — бульбу садзім.

Так, праўда, было не заўсёды. Адразу пасьля інстытуту працаваў інжынэрам-электрыкам на заводзе, потым у «Гомельхлебпраме», у «Аблгандальсаюзе», бо другая спэцыяльнасьць у мяне — маркетынг і мэнэджмэнт на рынку тавараў і паслуг. Апошнія гады працаваў у Расеі, пакуль «расейскія браты» не абдурылі нас з братам на буйную суму.

І ўжо з 2013 году я афіцыйна не працую, а займаюся на лецішчы гародам.

На ўлік у цэнтры занятасьці не станавіўся, бо нічога людзкага там ня выстаіш

На ўлік у цэнтры занятасьці не станавіўся, бо нічога людзкага там ня выстаіш. Гэта ў якой-небудзь Швэцыі ці Нямеччыне рэальна дапамагаюць беспрацоўнаму, а ў нас хіба што на пару булак хлеба дадуць дапамогу. Больш праезьдзіш грошай на гарадзкім транспарце, чым той дапамогі.

Калі вярнуўся з Расеі, дасылаў сваё рэзюмэ ў некалькі кампаніяў, якія адкрывалі свае прадстаўніцтвы ў рэгіёне. У прыватнасьці, у «Бабулін гладыш». Але «не зраслося». Мне ж ужо за паўсотні — маладзейшых шукаюць.

У мяне няма лішняга рубля, каб заплаціць

— Дык, можа, лепей было заплаціць тыя 360 рублёў, чым распачынаць судовую справу?

— Ну я ж не дармаед Фёдар! Дзяржава мяне на працу не ўладкоўвала, дапамогі на беспрацоўе не выплачвала. У мяне няма лішняга рубля, каб заплаціць. Жонка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, няпростая сытуацыя ў дачкі з падаўжэньнем кантракту. Зараблялі б яны тыя даўно абяцаныя «500 даляраў», то, можа, і гаворкі пра выплату «дармаедзкага» збору не было б. А так канцы ледзьве сточваем. Ні ўкрасьці, ні адкапаць гэтыя 360 рублёў я не магу.

— Вы зьвярталіся ў інспэкцыю падаткаў і збораў, тлумачылі сытуацыю?

— Яшчэ ў лістападзе напісаў у падатковую інспэкцыю Цэнтральнага раёну ліст, каб вызвалі ад гэтага «дармаедзкага» падатку. Адказалі: патрабаваньне носіць правамерны характар. Зьвярнуўся з абласную інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў — такі ж адказ. Знаёмаму майму, які ваяваў у Аўганістане і быў там падстрэлены, таксама прыслалі патрабаваньне, бо ў 2015 годзе ён ня змог працаваць кіроўцам. Дык што гэта такое? Хто так робіць са сваімі грамадзянамі?

Аляксандар Сямёнаў і рэгіянальны прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка
Аляксандар Сямёнаў і рэгіянальны прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка

Дачуўся, што незалежны прафсаюз РЭП бясплатна кансультуе ў пытаньнях прававой абароны, паехаў на вуліцу Палескую ў грамадзка-палітычны цэнтар. Прававы інспэктар Леанід Судаленка дапамог скаргу ў суд напісаць.

Вярнуўся дадому, стаў прасіць у жонкі 23 рублі на судовую пошліну. Жонка ўсурʼёз кажа: «Магу толькі пазычыць». Дачка, тая ў сьлёзы: «Тата, ня трэба!» А я так думаю: калі я, мужчына, за свае правы не магу заступіцца, то як я буду ў такім разе абараняць правы маіх родных? Мне ж за тое, што я афіцыйна не працаваў і не заплаціў «дармаедзкі» падатак, пагражаюць адміністрацыйным штрафам альбо нават арыштам. Такім чынам дзяржава схіляе мяне да прымусовай працы — насуперак і Канстытуцыі, і міжнародным пагадненьням, якія падпісала Беларусь.

Хопіць зьдзекавацца зь людзей, зводзіць іх да стану рабоў

— Якія аргумэнты вы зьбіраецеся прыводзіць у судзе, патрабуючы прыпыненьня спагнаньня падатку на «дармаедзтва» да тае пары, пакуль Канстытуцыйны суд ня вынесе свайго вэрдыкту наконт дэкрэту № 3?

— Нельга мяне і такіх, як я, залічваць да «дармаедаў» з шмат якіх прычынаў. Я ўжо сказаў, што прымусовая праца ў нас забараняецца беларускай Канстытуцыяй. Апрача таго, у 2015 годзе я заплаціў зямельны падатак, дзяржпошліну амаль паўтара мільёны рублёў за допуск аўтамашыны да ўдзелу ў дарожным руху. Як карыстальнік сотавых тэлефонаў мабільных апэратараў Velсom і МТС аплочваў іх паслугі, у якія ўключаны й падатак на дабаўленую вартасьць. Ужо не кажу аб прадуктах і спажывецкіх таварах, у тым ліку падакцызных — і тут мяне трэба прызнаваць платнікам ускосных падаткаў і пошлін.

Дэкрэт № 3 ды іншае падатковае заканадаўства не вызначаюць у падатку на «дармаедзтва» абʼект падаткаабкладаньня. Мне незразумела, зь якіх сродкаў чалавек, які часова не працуе, зможа заплаціць уведзены збор?

Гэта ж толькі ў казках бывае Поле цудаў у адной дзіўнай краіне, нават не хочацца вымаўляць назву: у месячную ноч выкапаеш ямку, пакладзеш туды залатнік, засыплеш зямлёю, пасоліш, пальеш вадою з лужыны — і на раніцу ўжо вырасьце грашовае дрэва, зьверху да нізу пакрытае залатымі манэтамі. Толькі не забыцца тры чароўныя словы сказаць: крэкс, фэкс, пэкс! Тры — акурат па нумары дэкрэту.

А калі сурʼёзна, то хопіць ужо зьдзекавацца зь людзей, ікнуцца зводзіць іх да стану рабоў. Застаецца толькі ўвесьці падатак на паветра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG