Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мяняе ў жыцьці Беларусі пачатак «бязьвізу»


Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: З 12 лютага ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 дзяржаў, якія прыбываюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт «Мінск». Першую турыстку ў аэрапорце сустрэлі букетам руж. У менскім мэтро зноў, як падчас Чэмпіянату сьвету па хакеі пачалі дубляваць абʼявы станцый на ангельскай мове.

На першы погляд, падзея не такая ўжо і вялікая. Усё ж гэты крок уладаў па ўвядзеньні такога рэжыму носіць даволі абмежаваны характар: толькі на пяць дзён, толькі ў аэрапорце. Але, падаецца, ён можа мець большыя наступствы, чым чакалася.

Мы ўжо ня першы раз абмяркоўвалі гэтае пытаньне, шмат казалі пра прычыны гэтага рашэньня. Як вядома, характэрная асаблівасьць аўтарытарных рэжымаў — гэта закрытасьць. Дасюль беларускія ўлады рабілі крокі толькі ў адным кірунку: усяляк абмяжоўвалі кантакты са сьветам. Яны ўводзілі ўсё новыя барʼеры для рэалізацыі чарнобыльскіх праграм, у прыватнасьці, для паездак беларускіх дзяцей у эўрапейскія дзяржавы, стваралі абмежаваньні для выезду студэнтаў за мяжу, не хацелі, каб краіну прымалі ў Балёнскі працэс і інш.

І вось крокі ў супрацьлеглым кірунку. Як мне падаецца, гэта рэакцыя на крызіс беларускай мадэлі. Па-першае, прамысловасьць і сельская гаспадарка, як асновы беларускай эканомікі, перасталі працаваць, таму трэба шукаць новыя галіны і сфэры. Турызм — гэта адна зь іх. У прыватнасьці, набудавалі гатэляў да Чэмпіянату сьвету па хакеі, а яны стаяць пустыя, стратныя.

Нжгатыўная рэакцыя Расеі выкліканая ня столькі нейкімі пагрозамі для бясьпекі РФ, колькі тым, што гэтае рашэньне Беларусі — гэта яшчэ адзін крок да ўмацаваньня сувэрэнітэту краіны.

Другі чыньнік — зьнешнепалітычны. Шмат гаварылася, што гэта жэст у бок Захаду, асабліва адносна ЭЗ, зь якім цяпер афіцыйны Менск вядзе нялёгкія перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Але я б разглядаў праблему шырэй. Гэта крок у кірунку палітыкі шматвэктарнасьці, якую цяпер спрабуе рэалізаваць афіцыйны Менск. Невыпадкова першая турыстка, якая прыехала бязь візы, і якой уручылі букет кветак, была кітаянкай. Але самая шматвэктарнасьць — гэта таксама вынік крызісу беларускай мадэлі, што грунтавалася на эксклюзіўных адносінах з Расеяй, якія ў сваю чаргу цяпер перажываюць крызыс.

Зноў жа невыпадкова, што гэты, на першы погляд, абмежаваны крок беларускіх уладаў, выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў Расеі. Лукашэнка назваў гэтую рэакцыю «вой і крыкі». Ананімная крыніца нават паведаміла, што ўвядзеньне Расеяй памежнай зоны на мяжы зь Беларусьсю — гэта рэакцыя на рашэньне аб гэтым бязьвізавым рэжыме. Дарэчы, пра гэта гаварыў і расейскі амбасадар Сурыкаў.

У сваю чаргу, Лукашэнка вельмі рэзка крытыкаваў рашэньне аб увядзеньні РФ памежнай зоны. То бок, гэты крок беларускіх уладаў выклікаў дадатковае абвастрэньне беларуска-расейскіх адносінаў. І, думаю, насамрэч, такая рэакцыя Расеі выкліканая ня столькі нейкімі пагрозамі для бясьпекі РФ, колькі тым, што гэтае рашэньне Беларусі — гэта яшчэ адзін крок да ўмацаваньня сувэрэнітэту краіны. Вось у гэтым, падаецца, крыецца прычына незадаволенасьці саюзьніка.

Цыганкоў: Гэты крок, зразумела, не прынясе адразу мільёны турыстаў, як у Францыі альбо Чэхіі. Але перш за ўсё гэты крок важны як знак, бо вельмі шмат казалі пра разьвіцьцё турызму, але мала што рабілі. Турыстычныя апэратары прызнаюцца, што замежнікі часам проста баяліся прыяжджаць у Беларусь, прачытаўшы артыкулы і пра аўтарытарны рэжым у Беларусі, і пра побытавыя нязручнасьці, і г.д.

З другога боку, турысты могуць адносна без перашкодаў наведваць Беларусь, пабачыць тут шмат адметнага. Такое дзеяньне афіцыйнага Менску — знакавы крок, якім хочуць заявіць, што Беларусь адчыненая для сьвету, і пакуль ня можа прыняць адмену візаў для большасьці краінаў, але робіць такую значную палёгку на 5 дзён, і гэта таксама кажа пра тое, што А — Беларусь хоча разьвіваць турызм, Б — разьвіваць палітычныя адносіны з Захадам.

Гэта калі не радыкальны, то новы крок, улічваючы ўсю неадназначную і крытычную гісторыю адносінаў афіцыйнага Менску з заходнім сьветам.

У гісторыі Савецкага Саюзу і іншых краінаў такія рэчы аказвалі істотны ўплыў на далейшае разьвіцьцё падзеяў. Маецца на ўвазе, напрыклад, фэстываль моладзі і студэнтаў, які адбыўся ў СССР у 1956 годзе, калі многія савецкія людзі, можа, упершыню ўбачылі замежнікаў. То бок, гэта была дэманстрацыя таго, што савецкая дзяржава з новым кіраўніком Хрушчовым ідзе на пэўную адлігу.

І цяперашні крок Беларусі зьяўляецца такой дэманстрацыяй добрасуседзкіх адносінаў. Гэта калі не радыкальны, то новы крок, улічваючы ўсю неадназначную і крытычную гісторыю адносінаў афіцыйнага Менску з заходнім сьветам. Цяпер мы бачым, як усё кардынальна перамянілася — і ў дыялёгу, і ў заявах, і ў рыторыцы, і ў канкрэтных дзеяньнях. Гэта нельга не заўважаць і нельга не вітаць, і тут ёсьць згода грамадзкасьці і афіцыйнай улады.

Дракахруст: Я б паспрачаўся з абсалютнай тэзай, што ўсе аўтарытарныя рэжымы характарызуюцца даволі высокай закрытасьцю. Розныя рэжымы маюць розную ступень закрытасьці. Скажам, Эгіпет — гэта турыстычная Мэкка і для беларусаў, і для расейцаў, і для ўкраінцаў, і ніякай там закрытасьці няма.

Сыстэма адаптуецца да зьнешняга сьвету, да тых выклікаў, якія гэты сьвет ёй кідае.

Пры аўтарытарызьме ступень адкрытасьці даволі істотна вар’юецца. Я згодны, што сапраўды, беларускія ўлады колькі гадоў таму адказвалі «не» на любую форму адкрытасьці. Зараз гэта ня так — зараз сыстэма адаптуецца да зьнешняга сьвету, да тых выклікаў, якія гэты сьвет ёй кідае. Гэта не абавязкова прамы шлях да неаўтарытарнай сыстэмы — існуе безьліч аўтарытарных сыстэм, якія прынамсі ў гэтым пытаньні дастаткова адкрытыя.

За першы дзень без візы прыехалі 93 чалавекі. Гэта няшмат, але гэта і нямала. Гэта сьведчыць пра тое, што гэтая сыстэма пэўны плён дае.

Сапраўды, гэты крок беларускіх уладаў так ці інакш быў нагодай для расейскага рашэньня аб стварэньні памежных зонаў, і выглядае, што памежныя праблемы сталі яшчэ адным фронтам канфліктаў паміж Беларусьсю і Расеяй. І я думаю, што канфлікт будзе паглыбляцца. З другога боку, па рэакцыі беларускіх уладаў можна сказаць, што яны не зьбіраюцца адступаць. Букет кветак першай «бязьвізавай» турыстцы — гэта выразная дэманстрацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG