Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Штайнмаера. 5 фактаў пра новага прэзыдэнта Нямеччыны

абноўлена

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Франка-Вальтэра Штайнмаера з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Нямеччыны.

«Перакананы, што вашы дзелавыя і асабістыя якасьці, багаты прафэсійны вопыт, удумлівы і канструктыўны падыход будуць спрыяць плённай працы на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе Нямеччыны», — цытуе Лукашэнку прэсавая служба прэзыдэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі высока цэняць асабісты ўнёсак Штайнмаера ў пашырэньне беларуска-нямецкага супрацоўніцтва і падтрымку працэсу нармалізацыі адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім Зьвязам. «Спадзяюся на далейшае разьвіцьцё ўзаемадзеяньня паміж нашымі краінамі», — дадаў Лукашэнка.

Адзіны кандыдат ад «вялікай кааліцыі»

Новым, 12-м па ліку прэзыдэнтам Нямеччыны ў нядзелю, 12 лютага, абраны 61-гадовы экс-міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер. Ён — адзіны кандыдат ад «вялікай кааліцыі» у складзе кансэрватыўнага блёку ХДС / ХСС і Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПГ) — атрымаў перамогу ўжо ў першым туры.

Афіцыйна кандыдат, які перамог на выбарах, зьяўляецца прэзыдэнтам з таго моманту, як ён пагадзіўся з вынікамі галасаваньня ў Фэдэральнай сходзе. На 19 сакавіка заплянаваная цырымонія яго інаўгурацыі. Штайнмаер мяняе на пасадзе 77-гадовага Ёахіма Гаўка.

Сустракаўся з Макеем, зьвяртаў увагу на тое, што ў Беларусі «адбываецца рух»

У 2015 годзе міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустракаўся ў Бэрліне з Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Гаворка ішла пра нармалізацыю адносін паміж краінамі. «Мы абмеркавалі пэрспэктывы збліжэньня Беларусі з Эўразьвязам. Нармалізацыя адносін — у нашых агульных інтарэсах», — сказаў тады Штайнмаер. «Мы павінны зрабіць спробу аднавіць давер», — дадаў ён.

Міністар зьвяртаў увагу на тое, што ў Беларусі «адбываецца рух», які дазваляе гэта зрабіць. «Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі мірна, няхай і не па ўсіх пунктах адпавядалі нормам Эўразьвязу», — падкрэсьліў Штайнмаер.

Нямецкі міністар зьвярнуў увагу на тое, што «якасьць дыялёгу зь Беларусьсю істотна зьмянілася. Працэс збліжэньня ідзе павольна, аднак ён працягваецца», — заяўляў дыплямат два гады таму.

Правая рука Шродара і «вялікі сябар Украіны»​

Франк-Вальтэр Штайнмаер стаў вядомы больш за 20 гадоў таму ў якасьці правай рукі Герхарда Шродэра. Цяпер ён — самы папулярны ў краіне сацыял-дэмакрат. Штайнмаер быў, на думку многіх, добры на ўсіх пасадах, якія яму даводзілася займаць, у тым ліку ў якасьці міністра замежных справаў. Яго традыцыйнае для нямецкіх сацыял-дэмакратаў зычлівае стаўленьне да Расеі, аднак, не дапамагло яму спыніць крызіс ва Ўкраіне, хоць Штайнмаер зрабіў многае для прадухіленьня новага вітка ваенных сутыкненьняў на Данбасе.

На перамовах у Менску са сваім францускім калегам Жан-Маркам Эйро
На перамовах у Менску са сваім францускім калегам Жан-Маркам Эйро


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў прывітаньні з нагоды абраньня Франка-Вальтэра Штайнмаера прэзыдэнтам Нямеччыны назваў яго «вялікім сябрам Украіны». «Разьлічваю на працяг сяброўскага і плённага супрацоўніцтва дзеля квітненьня аб’яднанай Эўропы — дэмакратычнай і свабоднай », - напісаў Парашэнка ў Твітэры.

Мэркель крытыкавала за прапанову зьмякчыць санкцыі супраць Расеі

Падтрымка хрысьціянскімі дэмакратамі кандыдатуры Штайнмаера можа зьдзівіць, паколькі як яшчэ ўлетку партыя Мэркель крытыкавала яго — за прапанову зьмякчыць санкцыі супраць Расеі. Штайнмаер заўсёды выказваецца дыпляматычна. «Нішто ня можа стаць прычынай для адмовы ад кантактаў», «Не спыняць дыялёг» — вось яго тыповыя выказваньні. На зычлівасьці да Расеі сацыял-дэмакратаў тонка гуляе Ўладзімер Пуцін. Вось, напрыклад, што сказаў расейскі прэзыдэнт 22 верасьня на сустрэчы ў Маскве з кіраўніком СДПГ Зігмарам Габрыэлем:

— Нямеччына застаецца для нас адным з найважнейшых гандлёва-эканамічных партнэраў. На жаль, гандлёвы абарот зьніжаецца... Але ў нас вельмі шмат сяброў у Нямеччыне. Нягледзячы на ўсе складанасьці, якія ўзьнікаюць у палітычных сфэрах, яны застаюцца нашымі сябрамі. Мы гэта ведаем, бачым і адчуваем. І нашы нямецкія сябры ведаюць, што і мы застаёмся іх сябрамі. Таму, абапіраючыся на вось гэты пазытыўны патэнцыял, мы і павінны шукаць вырашэньня ўсіх складаных пытаньняў.

Я ніколі не падладжваўся пад іншых і заўсёды выказваю непрыемныя для многіх, нязручныя рэчы

Штайнмаер, тым ня менш, ня раз крытыкаваў палітыку Масквы, аднак у чэрвені летась заявіў: «Мы бачым, што ў ЭЗ расьце супраціў працягненьню санкцый супраць Расеі». Гэта і было расцэнена як спроба дамагчыся зьмякчэньня санкцый. Дарэчы, згодна з нядаўнім апытаньнем, траціна немцаў выступае за адмену, яшчэ траціна — за зьмякчэньне санкцый супраць Расеі.

Сам будучы прэзыдэнт у інтэрвію газэце Bild заявіў: «Той, хто ведае мяне, ведае, што я ніколі не падладжваўся пад іншых і заўсёды выказваю непрыемныя для многіх, нязручныя рэчы, якія часам не прыносяць ухвалы і аплядысмэнтаў грамадзкасьці. Я будую сваю працу з упэўненасьцю, што менавіта такая сумленная пазыцыя і палітыка ў рэшце перамагаюць». Паводле апытаньняў, Штайнмаер — выбар ня толькі палітычных партый. Менавіта яго хацела б бачыць наступным прэзыдэнтам і большасьць немцаў.

Ахвяраваў сваю нырку для жонкі

Што вядома аб прыватным жыцьці Штайнмаера? Ён жанаты, яго жонка — судзьдзя па адміністрацыйных справах Эльке Бюдэнбэндэр. У іх ёсьць 22-гадовая дачка. Штайнмаер разам з сям’ёй жыве ў адным з самых прэстыжных раёнаў Бэрліна — Цэлендорфе. У 2010 годзе Эльке Бюдэнбэндэр перажыла апэрацыю па перасадцы ныркі. Донарам тады стаў яе муж, які ў сувязі з гэтым быў вымушаны часова сысьці з палітычнай арэны. У кастрычніку 2010 году Штайнмаер вярнуўся да актыўнай палітычнай дзейнасьці. Учынак палітыка зрабіў яго яшчэ больш папулярным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG