На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Леў Марголін. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: 10 лютага, у пятніцу Аляксандар Лукашэнка правёў нараду на тэму эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Абмяркоўвалася, ці заставацца ў рамках макраэканамічнай стабільнасьці ці пайсьці на друкаваньне грошай. Напярэдадні нарады ў прэсы прасачылася інфармацыя, што былы кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч напісаў Лукашэнку ліст пра неабходнасьць грашовай эмісіі.
Аднак Лукашэнка на гэтай нарадзе заявіў: «калі нехта разьлічвае на маштабную эмісію, то маё патрабаваньне абсалютна вядомае і сыходзіць з сутнасьці эканамічнага разьвіцьця апошніх галоў – пустых грошай друкаваць ня будзем». Ці сапраўды кіраўніцтву ўдасца вытрымаць курс на стабільнасьць рубля? З улікам таго, што ў гісторыі незалежнай Беларусі часьцей былі іншыя пэрыяды – вялікай інфляцыі і дэвальвацыі.
Жаліба: Тут я падзяляю пазыцыю Лукашэнкі. Уключаць друкарскі станок – гэта мы ўжо праходзілі. І ня толькі мы. І ў Расеі ёсьць прыхільнікі інфляцыйнага шляху разьвіцьця, напрыклад, акадэмік Глазьеў, які раіць Пуціну друкаваць грошы. Але як паказала жыцьцё, лішак грошай сапраўды ажыўляе прадпрыемствы, дае крэдыты – але гэта толькі кароткатэрміновы эфэкт.
Дастаткова ўзгадаць наш 2010 год, калі штучна паднялі заробак да 520 даляраў, але потым атрымалі валютны і фінансавы крызіс. Увогуле за пэрыяд з 2010 за 2017 году мы дэвальвавалі беларускі рубель прыблізна ў 7 разоў, гэта самая высокая дэвальвацыя на постсавецкай прасторы. Прытрымлівацца такога шляху вельмі небясьпечна. Менавіта з Пракаповічам усе гэтыя працэсы і зьвязаныя.
Цыганкоў: Але, відавочна, у Пракаповіча ёсьць свая лёгіка. Беларуская эканоміка даволі доўга жыла ва ўмовах эмісіі і дэвальвацыі, і неяк многія прадпрыемствы да гэтага звыкліся. Можа, у цяперашняй стабільнасьці ёсьць і свае нэгатыўныя наступствы?
Жаліба: Ёсьць такія наступствы – ВУП зьніжаецца, бо штучна не падштурхоўваецца, расьце беспрацоўе і гэтак далей. Але дзе шукаць выйсьце? Гэта ўсё даўно прапісана, праграма структурных рэформаў не лічу патрэбным паўтарацца. Тут трэба шукаць выйсьце, а не ўключаць друкарскі станок, то бок наступаць на тыя самыя граблі.
Марголін: Я думаю, гэта была ня першая спроба прыхільнікаў інфляцыйнага шляху і напампаваньня эканомікі таннымі грашыма. Думаю, і Пракаповіч ня сам па сабе выступаў, ён агучваў думку некаторай часткі ўраду і прамыслоўцаў. Яго выкарыстоўвалі як знакавую асобу, якую калісьці вельмі цаніў Лукашэнка і даў яму званьне Героя Беларусі.
Але на сёньня мне здаецца, што гэта пройдзены этап. Па-першае, на сёньня мы ня маем ужо такога падмацаваньня з боку Расеі, якую мелі ў канцы 90-х-пачатку нулявых. Па-другое, сёньня ўжо і чыноўнікі і большасьць насельніцтва разумеюць, што такая палітыка падобная да вавёркі ў коле. Мы друкуем грошы, яны трапляюць на прадпрыемствы, тыя выпускаюць мала каму патрэбную прадукцыю, выдаюць заробкі, людзі ідуць у крамы, – зноў інфляцыя, дэвальвацыя, пачынай спачатку. Заганнасьць такога кола большасьць ужо разумее.
Макраэканамічная стабільнасьць, якую ўдалося дасягнуць, прыводзіць да таго, што можа ўжо ў наступным годзе будуць такія стаўкі па крэдытах, што можна будзе імі карыстацца. І любое прадпрыемства будзе разьлічваць на такія крэдыты, а не на пустыя грошы, якія даюць паводле прынцыпу «хто гучней закрычыць».
Цыганкоў: Але гэтая ж макраэканамічная стабільнасьць у цяперашніх умовах адсутнасьці рэформаў выклікае спыненьне эканамічнага росту. Да чаго можа прывесьці гэтае спалучэньне стабільнасьці курсу і стагнацыі эканомікі?
Марголін: Тая фінансавая макраэканамічная стабільнасьць, якую ўдалося дасягнуць, гэта неабходная ўмова разьвіцьця эканомікі. Але ні ў якім разе не дастатковая. Гэта ўсё роўна як зрабіць добрыя дарогі ў краіне. Але калі па іх ніхто ня будзе езьдзіць, дык ніякага руху ня будзе. Так і тут, умовы створаныя, але далей трэба рэфармаваць эканоміку – прыцягваць інвэстыцыі, зачыняць прадпрыемствы, якія ня могуць самі існаваць без падтрымкі дзяржавы.
Таму і ідуць такія спробы, бо адчуваецца пэўная непасьлядоўнасьць. Таму хтосьці думае вярнуцца назад. Але я думаю, што гэта этап нават і Беларусь ужо прайшла.
Цыганкоў: Дапусьцім, улады ўтрымаюць стабільнасьць рубля. Але ці зробяць яны наступны крок – ці пойдуць на структурныя рэформы?
Жаліба: Хацеў бы спадзявацца. Але мяне насьцярожваюць словы Лукашэнкі на гэтай нарадзе, што трэба захаваць палітычную стабільнасьць, трэба сацыяльна абараняць насельніцтва і гэтак далей. Гэта знаёмыя словы, якія мы шмат разоў чулі на розных нарадах.
Марголін: Я лічу, што ўсе ўжо дасьпелі да рэформаў – і бізнэс, і чыноўнікі. І нават грамадзтва. Адзіны, хто да гэтага не дасьпеў – гэта Лукашэнка. Але я эканамічны аптыміст, і лічу, што раней ці пазьней абставіны прымусяць яго пайсьці на такія крокі.
Цыганкоў: А хіба няма тут пагрозы для цяперашняга палітычнага ладу?
Марголін: Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі рэформы ў эканоміцы рабіліся аўтарытарнымі кіраўнікамі альбо нават дыктатарамі. На мой погляд, гэта проста страх Лукашэнкі, нічым не падмацаваны. Мне падаецца, што жыцьцё прымусіць яго на гэтыя крокі.