Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 51 прызыўніка накіравалі на альтэрнатыўную службу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Міністэрства працы, якія перадае БелТА, у Беларусі на канец 2016 году 51 чалавек прыступіў да ўведзенай летась альтэрнатыўнай войску службы.

Пры гэтым яшчэ 9 чалавек прасілі сабе альтэрнатыўную службу і атрымалі ад камісіі дазвол на яе, але пазьней адмовіліся ад яе праходжаньня. Прычыны адмоў не называюцца, як не называецца колькасьць людзей, якім камісія адмовіла ў праходжаньні альтэрнатыўнай службы.

У Беларусі зьявіцца альтэрнатыўная служба. Што трэба ведаць

Права на альтэрнатыўную службу ў Беларусі распаўсюджваецца на маладых людзей ва ўзросьце 18-27 гадоў, чые рэлігійныя перакананьні не дазваляюць ім браць у рукі зброю. Ім трэба яшчэ даказаць камісіі свае рэлігійныя погляды, можна запрасіць прадстаўнікоў рэлігійных ды іншых арганізацыяў, а таксама «іншых грамадзянаў, якія могуць даць тлумачэньні па сутнасьці заявы».

Альтэрнатыўную службу праходзяць цягам 36 месяцаў, а асобы з вышэйшай адукацыяй — цягам 24 месяцаў. За кожныя 12 месяцаў альтэрнатыўнікам будзе давацца 10 дзён адпачынку. Яны маюць працаваць 48 гадзін на тыдзень пры адным выходным і атрымліваць 150 адсоткаў велічыні пражытковага мінімуму. Пасьля першага году службы гэтая сума можа быць паднятая на 20 адсоткаў. Баставаць і браць удзел у палітычных партыях, як і займацца бізнэсам, нельга.

Бальніцы, дамы-інтэрнаты, лясгасы, — апублікаваны сьпіс устаноў для альтэрнатыўнай службы

Найбольшыя ў Беларусі праваслаўная і каталіцкая канфэсіі не патрабуюць ад сваіх вернікаў адмовы ад вайсковай службы. Такога хутчэй варта чакаць ад шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў, якія агулам ахопліваюць да 100 тысяч вернікаў. Зь іх толькі так званыя «пяцідзясятнікі», да якіх адносяцца 40–50 тысяч беларускіх хрысьціянаў, ставяцца да вайсковай службы збольшага адмоўна. Менавіта адсюль адмыслоўцы чакаюць асноўны прыток «альтэрнатыўнікаў» — гэта ад некалькіх дзясяткаў да сотні маладых людзей прызыўнога ўзросту. Што да астатніх беларускіх пратэстантаў, тут дамінуюць такія настроі: хто як для сябе вырашыць, так і будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG