Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уратаваць Андрэя Бандарэнку


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».
Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

9 лютага адбудзецца папярэдні разгляд крымінальнай справы супраць Андрэя Бандарэнкі, распачатай паводле 411 артыкула — «Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы». Вязьню пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Андрэй Бандарэнка найперш пасьпяховы бізнэсовец, які прыйшоў у палітыку ў 2008-м годзе. Я тады не была зь ім знаёмая, таму мне складана сказаць дакладна, за што яго арыштавалі першы раз. Але тады хуліганам ён ня быў. Яго абвінавацілі ў махлярстве, асудзілі і адправілі ў Бабруйскую калёнію. А потым, што нехарактэрна для беларускай дзяржавы, вызвалілі і апраўдалі. Нават празь некалькі гадоў сплацілі Андрэю хоць і дэвальваваную, але кампэнсацыю за знаходжаньне ў турме.

Шмат хто заяўляе, але мала хто робіць.

Шмат з тых, хто выходзіць з турмы, заяўляе пра абарону правоў сядзельцаў, бо ўражаны неймавернай колькасьцю несправядліва асуджаных і жорсткім абыходжаньнем зь вязьнямі. Шмат хто заяўляе, але мала хто робіць — на волі хутка забываюцца ўсе жахі турмы.

Андрэй Бандарэнка зрабіў інакш. Ён стварыў праваабарончую арганізацыю «Плятформа» і пачаў працаваць.

Дзякуючы яму загаварылі пра антыгуманнае стаўленьне ў турмах ня толькі да палітычных лідэраў і актывістаў.

Супрацоўнікі тых калёніяў, куды я прыяжджала да свайго мужа, Зьмітра Дашкевіча, ненавідзелі Андрэя. Адміністрацыя турмы сыходзіла на пену, абражаючы яго за ягоную дзейнасьць — ён шмат ім назаляў сваімі заявамі, праверкамі, прэс-канфэрэнцыямі. Але што важна, дзякуючы яму загаварылі пра антыгуманнае стаўленьне ў турмах ня толькі да палітычных лідэраў і актывістаў, а да звычайных людзей, чыя годнасьць не дазваляла падпарадкавацца турэмшчыкам.

Мы пазнаёміліся з Андрэем улетку 2011 году. Я ладзіла падпісаньне пэтыцый ў абарону Зьмітра пад будынкам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Прыйшло блізу 20-ці чалавек у тым ліку і Бандарэнка. У некалькіх словах мы перакінуліся зь ім навінамі па сытуацыі вакол майго мужа. Я ведала толькі адрывістую інфармацыю па ягоным знаходжаньні ў турме — болей дазнацца не маглі, бо да Зьмітра некалькі месяцаў не пускалі адваката.

Андрэй вельмі сур’ёзна ўцягнуўся ў кампанію па абароне майго мужа, каторая адбірала шмат сілаў і часу. Тады мы сапраўды пасябравалі. Я бачыла, што ён моцна непакоіцца за Зьмітра і аднойчы шчыра прызнаўся: Насьця, на ягоным месцы, я б ня вытрымаў.

Але лёс склаўся так, што на месцы Зьмітра такі апынуўся Андрэй. Усе тыя турэмныя зьнявагі, падставы і абразы ўбачыў ён, калі даў сябе арыштаваць. Так, Андрэй не анёл. Так, ён даў падставу, і гэтую падставу ўлады выкарысталі для правакацыі, зрабіўшы з Андрэя злачынцу. Пакуль грамадзкая супольнасьць змагалася паміж сабою за права першымі кінуць у яго камень, найлепшы праваабаронца 2013 году атрымаў 3 гады турмы.

Яны з задавальненьнем адпомсьцілі яму: спагнаньні, адзіночкі, штрафныя ізалятары.

Уявіце сабе радасьць усёй пэнітэнцыярнай сыстэмы, калі да іх трапіў чалавек, які пасьлядоўна і мэтанакіравана змагаўся зь імі, быўшы на свабодзе. Яны з задавальненьнем адпомсьцілі яму: спагнаньні, адзіночкі, штрафныя ізалятары.

Калі чалавека ломяць у турме, зладзеям любы сродак да месца. У ход ідзе абсалютна ўсё: ад пазбаўленьня спатканьняў да «міліцэйска-блатных» ярлыкоў. Калі гэта не дапамагае, у ход ідзе 411-ты артыкул крымінальнага кодэксу — «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы». Паводле гэтага артыкулу павялічваюць тэрмін знаходжаньня ў турме, і так можна да бясконцасьці. Пакуль ім не надакучыць.

Улада ўсяляк шукала нагоды яго пасадзіць. І знайшла.

Андрэй — ахвяра помсты. Пасьля таго, як ён падняў на добры ўзровень сваю праваабарончую арганізацыю, ён актыўна заняўся палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю. Ён заняў тую ж прыступку сярод іншых апазыцыйных палітычных лідэраў, якія ўзьбіраліся на яе гадамі. У яго былі шырокія крокі і высокія мары. З гэтай прычыны ўлада ўсяляк шукала нагоды яго пасадзіць. І знайшла.

Але гэты 411 артыкул кажа найперш пра сумленнасьць і непахіснасьць Андрэя, пра тое, што Андрэй не згадзіўся на абразьлівыя ўмовы, у якіх яго хацелі прымусіць знаходзіцца ў турме. Тры гады таму мы не змаглі годным чынам заступіцца за яго, але цяпер мы мусім гэта зрабіць. Праваабаронцы ўжо заявілі, што ў выпадку асуджэньня Андрэя Бандарэнкі яны будуць гатовыя прызнаць яго палітычным вязьнем.

Калі мы разам падтрымаем Андрэя я пэўная, што грамадзтва здолее выцягнуць яго з турмы і таксама прымусіць улады ўвесьці негалосны мараторый на выкарыстаньне артыкулу 411. Так, яна ўжо зрабіла гэта раней, калі грамадзтва абараніла маладафронтаўцаў ад іншага антыканстытуцыйнага артыкулу — 193.1 — дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG